На крэсах (1927)/VI
← V. Аб пане Міхасі Гарбатым і аб тым, як на лаўца птушка сама прыляцела | VI. Абвінавачаны прызнаўся? Аповесьць Аўтар: Алесь Гародня 1927 год |
VII. Аб тым, як часам паляўнічы сам робіцца дзічыною → |
РАЗЬДЗЕЛ VI
Абвінавачаны прызнаўся?
∗
∗ ∗ |
Вось ужо другі дзень, як Янэк Глямбоўскі прыкомандыраваны да варты ў астрог.
Два дні ён ходзіць, як ачумелы.
Два дні ня можа сабрацца з думкамі.
Мазгі варочаюцца, як жорны ў ручным млыне.
Борзда-борзда.
Траскуча.
Цікава:
ці-ж памятае ён яшчэ казаньні краснамоўцы-ксяндза з касьцёлу ў роднай вёсцы?
Ці гэтак сама, як даўней, мае
ён натхненьне служыць на карысьць „нявесты хрыстусовай“ — маткі „сьвентэй ойчызны“, — у якой пануюць: бог, праўда, справядлівасьць?
Ці не разьвеяўся яшчэ ў яго маладой галаве дурман, навеяны краснамоўствам айца Канарскага?
∗
∗ ∗ |
У першы-ж дзень Янэк заняў пост у калідоры. З каморы № 9 быў чуцен ціхі стогн.
Там на гнілой вільготнай падлозе, у гразі, ляжаў настаўнік з Пяшчанкі.
Першым парадкам Янэк увашоў да яго і, падняўшы рукамі яго гарачую галаву, уліў яму ў горла некалькі глыткоў чыстае сьцюдзёнае
вады. Потым —
пашоў глядзець, што робіцца ў іншых каморах.
∗
∗ ∗ |
Увечары — прышла зьмена.
Янэк пашоў да хаты, лёг на ложка, але ня мог заснуць.
Бо ў начной цемры ўвесь час здаваліся яму:
стогны замучаных арыштантаў,
пах гарэлага чалавечага мяса,
сьвіст бізуноў,
заравы пажараў,
буханьне вінтовак,
п‘яны разгул,
жандарскія рабункі —
і г. д.
Што яшчэ?
Можа хіба заплаканыя, вялізарныя, чорныя вочы дзяўчыны з Дзятлава?
Эх, Янэк, Янэк!
∗
∗ ∗ |
Тымчасам па бальшаку ехала хурманка. Цяжар яе складаўся з некалькіх мяшкоў, наваленых у задняй палавіне калёс. Што было зложана ў гэтых мяшкох — разглядзець ніяк нельга было. Але між імі было некалькі клуначкаў ня так старанна запакованых і зьвязаных. З іх высоўвалася дзіравая галоўка старых парваных ботаў. Хурман выгодна разльёгся на мяшкох і ехаў памалу, не сьпяшаючыся.
∗
∗ ∗ |
Вось ужо і Пяшчанка…
Хурман затрымаў каня насярэдзіне вуліцы.
Зьлез з возу, раскілзаў каня, скруціў цыгарку, закурыў…
∗
∗ ∗ |
Па вёсцы панёсься зычны крык.
— А—ну—чы!
— А—ну—чы!
— А—ну—чы!
І ўраз —
з хат пачалі выходзіць:
мужчыны, кабеты, дзяўчаты, дзеці.
Сяляне несьлі апошнія манаткі:
— Грошы трэба!
У гміну…
∗
∗ ∗ |
Наўкола анучніка — натоўп.
У паветры —
едкі дым ад тытуну-самасейкі.
Хлапец грае на гармоніку. Бабы сварацца.
Гутаркі. Сьмех.
Адным словам —
паходны сялянскі клюб.
∗
∗ ∗ |
Не! —
Ён пры сабе вазіў усялякую крамніну.
Усё, што селяніну патрэбна — усё можна было купіць у анучніка.
Ня трэба было і ў мястэчка ехаць.
Хурманка анучніка —
была чымсьці накшталт унівэрсальнае
крамы…
∗
∗ ∗ |
Але гэта было даўно.
А цяпер?
Нашто анучніку вазіць з сабою крамніну,
калі ніхто, нідзе, нічога ня купляе?
Дый на што купляць?
На якія грошы?
Калі апошнія порткі селянін прадае, каб толькі як-небудзь вылезьці з падаткаў.
∗
∗ ∗ |
Анучнік моўчкі пускаў дым і пляваўся.
Адрыўкамі кідаў словы:
— Больш ня варта.
— Зусім благое.
— Сем грошы.
Сяляне:
гандлявалі. Сварыліся. Спрачаліся.
Лаяліся.
Але анучнік іх ня слухаў.
Задуменна стаяў ён, разглядаючы якія-небудзь дзіравыя брудныя спадніцы ці порткі.
На твары застыгла халодная байдужасьць.
А вочы? —
Калі-б ня цёмныя акуляры — не адзін селянін, зьдзіўлена змоўк-бы, пакінуўшы на дарозе да роту руку з цыгаркай і запытаўся-б:
Чаму яны гэтак цікава бегаюць ва ўсе бакі?
∗
∗ ∗ |
Гутаркі вярцеліся наўкола сялянскага жыцьця, ураджаю, падаткаў, падзей апошніх дзён.
∗
∗ ∗ |
Нейкая баба вельмі шкадавала заарыштаванага настаўніка:
— Добры хлопец!
— І жаласьлівы.
Каму чым толькі мог —
дапамагаў:
Каму — добрую раду дасьць.
Каму — ліст ці заяву якую напіша.
Каму — сына дарма вучыў: ня ў кожнага-ж
хопіць грошай за дзіця ў школу плаціць.
— Ведама — падаткі.
∗
∗ ∗ |
— Вольнага часу мала меў.
— Гарэлкі ня піў.
— Скандалаў не заводзіў.
Толькі й адпачынак яму быў, што на сенажаці ў стагу сена кніжку пачытаць.
— Ці ўвечары пойдзе ў лясок, на гадзінку-другую, на шпацар.
∗
∗ ∗ |
А ў ляску яго з дзяўчынаю бачылі…
— Марылька Лашкевічанка,
— Што з Дзятлава?
— Кахала яна яго!
— Як-жа ёй гэта цяперака… аднэй, у самоце…
— А шкада:
добрая дзяўчына!
∗
∗ ∗ |
Анучнік крыва ўсьміхнуўся.
Торг скончыўся.
— Ну, бывайце здаровы, добрыя людзі!..
Мне трэба пасьпяшацца…
— Паеду ў Шылін…
Можа там нешта куплю…
∗
∗ ∗ |
Ён закілзаў каня і паправіў мяшкі на калёсах.
Ускочыў сам на хурманку.
— Ё! Ё! Халера!
∗
∗ ∗ |
Анучнік выехаў за вёску.
Ад‘ехаў з поўвярсты
і —
павярнуў каня ня ў Шылін, але ў
другі бок, мінуючы Пяшчанку.
∗
∗ ∗ |
Асадніцкі фальварак.
Анучнік распрог калёсы, выцягнуў з мяшкоў новыя боты, вопратку, картуз, сядло, зашоў у хату, пераадзеўся. Вышаў, асядлаў каня і — галопам паляцеў у Картуз-Бярозу.
∗
∗ ∗ |
Зранку —
даглядчыкі зноў вывелі Васіля на допыт.
Сьледчы ў цывільным сядзеў на сваім месцы.
— Ну, што, Гарбацэвіч, надумаўся?
— Ня варта запірацца.
— Прызнавайся, хто ў цябе быў падручным у тваёй падпольнай працы?
— Усё-ж роўна: ці рана, ці позна — даведаемся.
— Але чыстасардэчнае прызнаньне павядзе да памякчэньня прысуду…
— Што?
— Табе яшчэ ахвота запірацца?
— Вельмі добра…
Сьледчы крыва ўсьміхнуўся:
— Ну, дык можа, ты скажаш, з кім ты блізка што ня кожны дзень бачыўся ў лясочку, ля Стэфанполю?
∗
∗ ∗ |
Васіль і так ледзь стаяў на нагах.
У меру таго, як сьледчы гаварыў, твар яго
зьбялеў як палатно;
потым — пачырванеў;
потым зноў зьбялеў;
раптам —
ногі адмовіліся служыць
і…
Васіль, як сноп, паваліўся на зямлю.
Чаму?
Можа ён часам адчуў сябе вінаватым?
∗
∗ ∗ |
Потым — допыт.
Пыталіся яго дзьве гадзіны. —
Дарэмна.
Ніколі, нідзе і нікому ён не раскажа,
з кім бачыўся ў лесе…
∗
∗ ∗ |
Каты змарыліся.
Васіль ізноў блізкі да няпрытомнасьці.
Ледзь жывога два жандары, — сэржанты Зарэмба і Пясэцкі, — падводзяць да стала сьледчага.
Можа падносяць? —
Ці-ж ня ўсё роўна…
∗
∗ ∗ |
На стале — чысты ліст паперы.
Сьледчы бярэ пяро, макае яго ў атрамант.
Міхась Гарбаты падымае анямеўшую руку арыштанта. Укладвае ў яе пяро, падносіць да стала.
Цэпка трымае яе ў абедзьвюх сваіх руках і водзіць ёю па паперы.
∗
∗ ∗ |
Мутна глядзяць Васілёвы вочы.
Ён хоча выцягнуць сваю руку.
Але змагацца — няма сілы…
∗
∗ ∗ |
унізе чыстага аркушу паперы красаваліся ва ўсе бакі раскіданыя, крывыя літары:
„Васіль Гарбацэвіц“.
∗
∗ ∗ |
Рэшта — было справаю пяці хвілін. Начальнік дэфэнзывы ведаў, што трэба пісаць у пратаколе допыту.
Ваенна-палявому суду ня прыдзецца доўга разглядаць гэтую справу —
Усё ясна, усё лёгічна.
Прыгавор будзе скоры і справядлівы…
∗
∗ ∗ |
Васіль сядзеў у крэсьле.
Галава апусьцілася на грудзі.
Рукі, як папала, зьвісалі да долу, датыркаючыся пальцамі да падлогі.
∗
∗ ∗ |
— Адвясьці арыштанта да каморы!
Жандары падхапілі Васіля.
Яны хацелі дапамагчы яму ўстаць.
Яны паднялі яго, але, ня ўтрымаўшы, выпусьцілі з рук, і —
нярухомы, ён ляжаў пластом на падлозе.
∗
∗ ∗ |
— Дзіўна…
— Пане доктар, будзьце ласкавы…
∗
∗ ∗ |
Доктар — нахіліўся, выняў гадзіньнік, узяў пульс, прыгатаваўся лічыць, але зьдзіўлена выпусьціў руку арыштанта.
∗
∗ ∗ |
Доктар прылажыў вуха да Васілёвых грудзей, потым — дастаў з кішэні люстэрка, прыставіў яго да адчыненага роту.
∗
∗ ∗ |
Усе з цікавасьцю глядзелі на пана доктара.
Раптам —
той устаў і коратка адрэзаў:
— Сэрца ня вытрымала.
— Памёр.