X. Марылька XI. Не канец, але канчатак кнігі
Аповесьць
Аўтар: Алесь Гародня
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ XI

Не канец, але канчатак кніжкі.


∗     ∗

А чацьвертай гадзіне рана, проста з балю, пан ротмістр Заблоцкі і харунжы граф Піонткоўскі ўскочылі на коняй і паляцелі ў казарму.


∗     ∗

Сэржант Зарэмба падскочыў з дакладам.
— Данашу, што ўсе людзі сабраны.
Не хапае толькі жандара Янэка Глямбоўскага, які ўвечары на пераклічку не зьявіўся.


∗     ∗

Ротмістр моцна паціснуў плячыма:
— Няпэўны хлапец.
Дэзэртыраваў.
Нічога!
Далёка не ўцячэ. За ім сочыць сам пан Міхась Гарбаты…


∗     ∗

Атрад у трыццаць чалавек выступіў з Бярозы.
Пераправа праз рэчку прашла без усялякіх здарэньняў.


∗     ∗

Дробным трушком праехалі каля Галавіцкіх фальваркаў. Уехалі ў лясок. Ротмістр курыў цыгару і размаўляў з ехаўшым побач з ім хорунжым і сэржантам Зарэмбай.
Крыху далей ехалі жандары.
Па пяць чалавек у рад.
Ззаду усіх ехаў Пясэцкі.


∗     ∗

— Да галоўнага масыву Спораўскіх лясоў, даражэнькі пане хорунжы, яшчэ вёрст з пяць.
Як пад‘едзем, — падзелімся на дробныя атрадзікі, аб‘едзем стан гэтых бандытаў з чатырох бакоў.
Наступленьне пачнем усе разам, як толькі пачне сьвітаць, зразумела, сьпешыўшыся.


∗     ∗

— Дзіўная публіка ўсё-ж ткі гэтыя хлопы, пане ротмістру.
Хаваюцца ў лясох, нібы-та й сапраўды можна там схавацца. Ніяк не зразумеюць, што агентура ў нас добрая, усюды іх знойдзе.


∗     ∗

А звыш таго:
чаго яны яшчэ змагаюцца?
Сьмешна нават падумаць, што гэткія невялічкія банды ў дзесяць-дваццаць чалавек могуць процістаяць польскім рэгулярным…


∗     ∗

Залп з чатырнаццаці вінтовак спыніў хорунжага графа Піонткоўскага на поўслове. Пачалася беспарадкавая страляніна. Ува ўсе бакі паляцелі перапуджаныя, узмыленыя коні без седакоў. Жандары, што засталіся ў жывых, кінуліся наўцекі.


∗     ∗

Нейкая даўгавязая фігура, заблытаўшыся нагою ў стрэмені, валачылася сьледам за панёсшым, ашалеўшым перапуджаным канём.
Каўнер блакітнага мундзіру замызгаўся ў чалавечых мазгох: —
Жоўтых, клейкіх, агідных.
Пан ротмістр Заблоцкі не атрымаў ордэну Белага Арла.


∗     ∗

А ў Бярозе зранку можна было бачыць цікавае здарэньне.
У парадных мундзірах, у белых замшавых пальчатках на конях ляцелі панове афіцэры.
Сьледам за імі — оркестр музыкі.
Потым — між двох аддзелаў коньнікаў, на сялянскай хурманцы ехала рэдкага хараства дзяўчына.
Рукі й ногі яе былі закуты ў кайданы.
Ледзь-ледзь усьміхаліся яе вялікія чорныя вочы.
Ззаду беглі ўсе абываталі мястэчка —
ад малога да вялікага.
Кортэж вышаў з мястэчка.
Затрымаўся на полі.
Тутака — быў пабудаваны плот.


∗     ∗

Натоўп сьцішыўся.
Усе слухалі.
Сухі, рэзкі, бязьлітасны голас прэзаса вайскова-палявога суду чытаў прыгавор.
На дыямэнтавых кропельках расы
гулялі залацістыя праменьчыкі сонца.
Весела чырыкалі вераб‘і.


∗     ∗

А там, далёка,
каля ружовага небасхілу,
высокім слупом падымаўся дым.
Недзе гарэў панскі двор.


∗     ∗

Сухі, траскучы залп.
Мужчыны моўчкі зьнялі шапкі.

(Канец).

Масква — травень 1925 г.