На лясных складах у Рызе
На лясных складах у Рызе Верш Аўтар: Кастусь Езавітаў 12 траўня 1926 Крыніца: http://rv-blr.com/pages/versh_view.jsp?vershId=2522 |
За заборамі шэрымі, старымі,
На пакрытых карою дварах
Стаяць клеткі дашчок веліканамі
Ў сьветла-жоўтых смаловых радах.
Смачна пахнуць брусочкі шафранныя!
Над апілак гарой дрыжыць пар…
Пілавалі вас рукі старанныя —
Агалілі агромны абшар.
Зь беларускіх лясоў, з Панадзьвіньня,
Доўга плылі цяжкія плыты.
Намазолілі рукі ды сьпіны
Нашы, ў шэрых сярмягах, браты!
Свайго Краю дабро, за чужацкі алтын,
Ад бядноты сваёй прадалі.
Дроў ня мае свой брат-селянін,
А к чужым горы лесу сплылі!
Абкрадаюць нас ўсе! Цягнуць кожны ў свой бок.
За нажывай да нас едзе ўсяк!
Ў гаспадарку сваю, беларус, зрабі крок!
Пакажы ўсім чужынцам кулак!
(12 траўня 1926 г., Рыга)