На мабілізацыю (8—22 снежня 1904 г.)
На мабілізацыю (8—22 снежня 1904 г.) Верш Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Na_mabilizacyju_8-22_snieznia_1904_h.html |
Загудзелі лясы, боры,
Засвісталі ветры ў полі!
Застагналі бацькі, браты,
Зажурылісь кумы, сваты;
Загаласілі жонкі, маткі,
Заплакалі і дзяўчаткі.
Аб’явіў бо цар па сёлах,
І па местах, і па дворах
Сабірацісь ўсім мужчынам,
Запасным бо «ніжнім чынам»
І ў Манжур’ю дзесь ступаці,
Кроў гарачу праліваці,
Бо яго святлейшым панам
І праслаўным генералам
У патрэбе сталі грошы
Для іх лепшае раскошы,—
То на трункі, то на карты,
То на розны смачны жарты.
Ты, халопе, будзь слухмяны
І не будзь, як корч каляны!
Аддай грош апошні з хаты,—
То бо кажа пан пузаты,
Сам міністар з царскай волі.
Не бяда, што ты ў няволі.
Грошы даўшы, яшчэ трэба
Прыстарацца дома хлеба,
Бо ця тутка як загоняць,
Так і вочкі там прыслоняць
У чужой там дзесь краіне,
У няведамай пустыні.
Чы ад кулі, чы ад міны,
Чы ад лютай хварабіны;
Чы галоднай смерцю згінеш,
Чы з марозу дзе застынеш,
Рэдкі муж бо з вас той будзе,
Што да хаты цэл прыбудзе.
23 снежня 1904 г.