На матывы Рабіндраната Тагора
На матывы Р. Тагора Верш Аўтар: Ігнат Канчэўскі Крыніца: Наша будучына, №1 (студзень 1923) |
Ты — Вялікі,
а маё жыцьцё падобна да гульні малых дзетак на пяску, пры рэчцы.
Яны будуюць заторы, кіруюць бег вады ў пракапаных дзяціннай лапатачкай каналы і дзіўна засмучоныя, калі неасьцярожна плёснуўшая хвалька змывае ўсе іх дзіцячыя хітрыкі.
Так я, забавіўшыся ў сваёй дзяціннай гульні, забываюся аб Тваёй вечнай прысутнасьці, і толькі незнарок прыляцеўшы боль сьціскае мукай збалелае сэрца і змушае зьвярнуць да Цябе твар, Айцец мой.
І тады я чую, што глядзяць на мяне з ласкай Твае вочы і дзякую Табе, што разам з прыкрым болем, Ты даў мне шчасьце пазнаць Тваю сталую вечную прысутнасьць на нашай шумнай дзяціннай гульні.
Ганна Галубянка