На мяжы двух гадоў
На мяжы двух гадоў Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1914 Крыніца: НН. 1914. 25 сьнеж. |
Вайна, быццам навальніца, замуціла, разварушыла спакойны ход жыцьця нашага краю. І нядзіва: у нас пад бокам ідзе страшэннае змаганьне; цяжар вайны лёг перш-наперш на плечы нашага народу: з пагранічных краёў бягуць грамадамі да нас людзі, страціўшыя ўсё, што мелі, і вынесшыя з-пад куль і бомб адно толькі свае галовы…
Цяпер, аглядаючыся назад — на ўвесь год, што дажывае апошнія мінуты, — дужа цяжка зрабіць падрахунак здабыткаў і страт нашага грамадзянскага жыцьця. Спорная творчаская работа трывала толькі поўгода і спынілася зь першымі стрэламі гармат, — а пасьля пайшлі толькі ахвяры бязь ліку — і людзьмі, і дабром. Усё ж такі, павэдлуг старога звычаю, ня будзем лічыць цяпер страт сваіх: яны йшчэ шмат узрастуць — а глянем на той прыбытак, які даў 1914 год беларускаму народу.
Пачатак году суліў добры канец: гэтак усё пачынала ладзіцца ў беларусаў. Ня тое выйшла, — а ўсё ж такі зроблена нямала.
Асабліва ўзрос і разьвіўся беларускі выдавецкі рух, — і гэта найлепшы знак, як узрастае нацыянальная сьвядомасьць нашага народу, як ён рвецца да роднай кніжкі, роднай газэты.
3 года ў год узрастае патрэба чытаць беларускае друкаванае слова. Гэта ўжо не забава - не дзеля пацехі або цікавасьці. - Гэта патрэба душы і сэрца. Чытаюць усё шырэйшыя і шырэйшыя кругі. А хто прачытаў усё, што дагэтуль здабыла беларуская літаратура, той жадае болей - новага.
Поруч з гэтым расьце і патрэба пісаць. Узрост нацыянальнай сьвядомасьці паклікаў да працы вялікую грамаду людзей. Адны працуюць на грунце прасьветы народу, эканамічнага падняцьця яго, палітыкі; другія аддаюць свае сілы беларускай літаратуры, паэзіі. І ў гэтай працы выяўляюць сваю душу, свае думкі-ідэалы, свае перажываньні. Чым багацей душа песьняра-паэта, чым болей ён можа сказаць сваім братом, - тым вастрэй чуе ён патрэбу пісаць. Расьце доўгі сьпісак імён беларускіх пісьменьнікаў, расьце лік іх твораў, - але яны толькі тады даходзяць да народу, калі яны надрукаваны, калі іх кожын можа купіць за колькі капеек.
І беларускае грамадзянства зразумела, што справа беларускіх выдавецтв - гэта самая пільная цяпер справа. Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, петраградзкае "Загляне сонца і ў наша ваконца", "Саха" і "Лучынка" ў Мінску, каталіцкая суполка "Bielarus", - урэшце, прыватныя асобы, як А. Грыневіч і інш., выпусьцілі ў пачатку 1914 г. колькі дзясяткаў новых беларускіх кніжак. Адкрылася й новае выдавецтва студэнтаў-беларусаў "Раніца". Ладзіцца яшчэ адно - у Мінску.
Выдаваліся розныя кніжкі: і літаратурныя творы, і паэзіі, і практычныя кніжкі, і рэлігійныя. Не хватала аднаго: кніжак для навукі ў школе. Гэткіх кніг блізка йшчэ зусім у нас няма, апрача пачатковага навучаньня чытаць. Не прыдбали мы іх і сёлета: хаця некаторыя зь іх ужо апрацоўваліся ў рукапісах, аднак пачатак вайны прымусіў спыніць гэту работу, адлажыць да лепшых часоў.
Але і выдрукаваць кніжку - гэта йшчэ ня ўсё: трэба парупіцца, каб яна дайшла да народу. Вось, сёлета багата было зроблена дзеля пашырэньня беларускага друкаванага слова: сьледам за Беларускай Кнгарняй у Вільні адкрыліся гэткія ж кніарні ў Полацку і Мінску і намечаны ў другіх гарадох Беларусі.
Нельга абмінуць моўчкі тых праяў, што паўсталі з узростам беларускага пісьменства. На першым месцы адзначым перамену ў паглядах нашых сялян на беларускую кніжку: яны цэнюць яе, яны шукаюць яе, яна - іх. Нікога ўжо ня дзівіць, што кніжкі друкуюцца і па-беларуску: беларуская мова заваявала сабе пачэснае месца ў сьвядомасьці ня толькі інтэлігентаў, але і найменш асьвечаных людзей. Яе прымаюць як роўную другім.
Гэтага мала. Беларуская мова пачынае ўівацца памалу і туды, куды яе дагэтуль не пускалі. З таго часу, як зьявіліся рэлігійныя кніжкі па-беларуску (-каталіцкія): катэхізмы, сьвятая гісторыя, выясьненьне абрадаў касьцельных ды іншыя, - тыя ксяндзы-беларусы, каторыя не адракаліся ад свайго народу, пачалі вучыць дзяцей асноў веры па-беларуску. Гэта - вялікі крок упярод на дарозе да здабыцьця правоў нашай мовы ў каталіцкім касьцеле. Трэба сказаць, што і агульнае навучаньне ў прыватных пачатковых школах (у "камплектах") людзі пачынаюць вясьці па-беларуску, - прынамсі тлумачаць дзецям усё ў іх роднай мове. Хоць гэта - кропля ў моры, мяркуючы да таго, колькі нашых дзяцей вучаць чужыя людзі ў чужой мове...
Ня будзем гаварыць аб іншых бакох нашага грамадзянскага жыцьця: аб адных цяпер гаварыць нельга, іншыя, здавалася, што павінны шыбка разьвівацца, замёрлі з пачаткам ваеннай завірухі.
Затое сьвядомая частка беларускага грамадзянства, ня могучы працаваць дзеля культурна-нацыянальнага і эканамічнага адраджэньня народу нашага, усё часьцей выступае ў агульнакраёвым жыцьці як паметная сіла.
Багата нашых таварышоў у працы адарвала вайна ад роднай нівы, - але тыя, што асталіся, ахвотне аддаюць свае сілы на падмогу пацярпеўшым ад вайны бліжнім. Беларусы поруч з прадстаўнікамі ўсіх тутэйшых нацый працуюць у камітэтах і таварыствах дзеля апекі над сем'ямі запасных, дзеля помачы паўцякаўшым з родных месц, зруйнаваных у часе бітв. Беларускае грамадзянства шчыра адклікаецца на ўсе патрэбы народу і краю, сяляне дзеляцца сваім дабром і памагаюць працай сваей у гаспадарках, дзе не асталося і рабочых рук, на'т слалі грошы братам - польскім сялянам.
У агульнакраёвай працы мы спатыкаемся зь людзьмі іншых нацый, з каторымі жывем ад вякоў, але былі мала знаёмы. Цяпер адны адных пачынаюць лепей пазнаваць, пачынаюць адны адных цаніць і лічыцца з чужымі думкамі і жаданьнямі. Гэта відаць хаця бы з таго, што ва ўсіх грамадзкіх справах усялякія абвесткі, афішкі ды іншыя выданьня друкуюцца ў нас у пяці краёвых мовах, - у тым ліку па-беларуску.
Цяжкі, сумны час перажывае наш народ і ўвесь край. Але поруч з гэтым выяўляецца моц нашага народу, каторы не апускае ўжо рук ад першай бяды, выяўляецца і тое, што ўсе нацыі краю могуць, калі захочуць, працаваць у згодзе і еднасьці - дзеля карысьці супольнай бацькоўшчыны нашай, нашага краю. І на гэтым апіраецца наша надзея, што мінецца час ліхалецьця і ясная зорка ўсім нам ярка засьвеціць.