На новай зямлі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1939
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ляжыць шырокая дарога,
Вакол прастор, і я іду,
Іду, нясу пачуццяў многа
І ясных думак чараду.

Уздоўж дарогі чынна з краю
Слупы стаяць у два рады,
І, нібы гуслі-самаграі,
Звіняць іх струны-правады.

Куды ні гляну — шыр і воля,
Дзе лес ды неба ставяць тын,
Нідзе мяжы не згледзіш болей,
І зніклі быльнік і палын.

Цвітуць палі ў адзенні новым,
Гадуюць новыя сады,
І нават вецер з-пад дубровы
Шуміць на новыя лады,

Глядзіш — узносяцца будынкі
То з той, то з гэтай стараны,
І цешаць вочы мне навінкі,
І сэрца радуюць яны.

Унь там, высока па-над долам,
Развесіў хвост купчасты дым,
І лічыць час калгасным сёлам
Гудок напевам маладым.

Па ўзгор’ю поля, па раўніне
Паўзуць сталёвыя валы.
Вядзе іх бойкая дзяўчына
Ці камсамолец удалы.

А тут, дзе ўчора багна прэла,
Гнілі век векам балаты,
Збажынка сёння зарунела
І спее колас залаты.

На тых жа багнах, дзікіх, сумных,
Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт.
На ім стаяць, бы тыя гумны,
Грамады чорных пірамід.

Ідуць калгасныя падводы,
Дабро вязуць грузавікі, —
І дзед стары, сівабароды
Падацца хоча ў юнакі.

Шумяць па-новаму дубровы —
На край свой любы мне зірнуць.
Цябе, зямля ў адзенні новым,
Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!

(1939)