На ніву ў жыта уначы…
На ніву ў жыта уначы Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1848 Арыгінальная назва: uk:Кобзарь (1876)/Том 1/Сичі Пераклад: Пятро Глебка Крыніца: Кабзар - с. 184 |
На ніву ў жыта уначы,
На полі, на раздоллі
Зляталіся па волі
Сычы—
Пажартаваць,
Памеркаваць,
Каб бедных птушак заступіць
Арлова царства затапіць
І ўшчэнт спаліць.
Арла-ж павесіць на тычыне
І, пры такой часіне,
Рэспубліку зрабіць!
І ўсё’б, здавалася?—Ды не!
Каб не таўкліся ў збажыне...
(Яно было-б не дзіва,
Калі-б хто іншы) на той ніве
Сілцо паставіў. А то зірк—
Такі галюсенькі мужык
Паставіў ціха і пайшоў
У копы спаць сабе, а рана,
Не ўмыўшыся, зайшоў
Гасцей адведаць... І—пагана!—
Усе да аднаго сычы,
Вось тут табе вары й пячы!
Каб не цягнуць дадому
Таго дабра—пазабіваў,
А некалькіх без крыл аддаў
На забаўку варонам,
І не сказаў нікому.
Кос-Арал
1848