На памяць зычліваму для сям’і

На памяць зычліваму для сям’і
Верш
Аўтар: Зыгмунт Нагродскі
Крыніца: Літаратура другой паловы XIX стагоддзя, ч. 2 / уклад. і камент. Л. Г. Кісялёвай, Н. М. Сенкевіч.— Мінск: Маст. літ., 2013.— (Залатая калекцыя беларускай літаратуры, т. 5)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці здароў, Яська, скуль ты узяўся,
Што і ў павеце цябе не чуваць?
Ці ты ў Амэрыцэ гэтулькі бадзяўся,
Што мы й запраўды сталі бедаваць?
Надта ж ты, мусіць, з’ехаў быў далёка,
Калі ніякай вестачкі не даў.
Бывала, матка уздыхне глыбока
Дый будзе казаць: «Яська наш прапаў!»
Ты ўсё пытаеш, што у нас чуваць.
Гавары лепей, гдзе ты што рабіў.
Бо там як была, дык можна прылгаць,
А тут — уся праўда, як ножам зрубіў.
Скажу, калі хочаш, дык якая ж наўда,
Што міжы нас тут няма Бурачка.
Вот табе, браток, цяжэнькая праўда:
Смертухна-матухна ўзяла Мацючка!
«З якой хваробы?» — А хто ж яе знае?
«Павінны былі ж пазнаць дактары».
Каб іх ды немач аблягла цяжкая,
Што з свету збавілі яго без пары!
Паўгода можа жонку ўсё дурылі,
Што ў сэрцы крышку робіцца не так;
Што здароў будзе, усё гаварылі,
А ён на ныркі хварэў, небарак.
Каб былі кінуўшы зразу дактароў,
Дык бы, здаецца, Мацюк яшчэ жыў.
Без мала чаго тры гады ён чах,
За грудзі хапаўся і уздых лавіў.
Глянеш, бывала, дык, дальбо, аж страх,
Спомніўшы тое, як ён даўней быў.
Дактароў розных, розныя лекі
Жонка з-пад зямлі дастала б, здаецца…
Бывала, штодзень пруць і пруць з гаптэкі,
Што дохтар здумае ці што заманецца,
Аднак ні доктар, ні жонка ня можа
Праціўку Бога нічога зрабіць.
Відаць, такая была воля Божа,
Каб ён і ў небе нам мог паслужыць.
. . . . . . . . . . . . . .
Не скончыў, бедны, ён песняў сваіх,
Што нашай гутаркай усё нам спяваў
Аб нашай долі, аб долі усіх.
Ён нашы слёзы песняй абціраў.
Калі у бядзе прыдзеш да яго,
Бывала скажаш, што на душы маеш,
Казаў бы гэта ад бацькі свайго,
Крыўду і праўду — усё, брат, пазнаеш.
А калі прыйдзеш падчас вінаваты,
То такой споведзі і зроду не мець!
Ці ты там бедны, ці ты там багаты,
Ён лепш як пробашч цябе прабярэць.
. . . . . . . . . . . . . .
Вечны ж яму пакой, вечнэ адпачненне,
«Анёл Панскі звеставаў!» — гаварыце, людзі,
Каб Бог найвышшы даў яму збавенне.
Няхай яго душачка сярод святых будзе!

Wilnia 14/VII 1900