На прадвесьні (Казлоўскі, 1935)

Чын На прадвесьні.
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 3 (13) ад 10.V.1935 г., б. 5
Наш сьцяг
Іншыя публікацыі гэтага твора: На прадвесьні (Казлоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





На прадвесьні.


Мы новай долі на прадвесьні.
Стары ўжо сьнег сьцякае проч.
Ужо дух волі грае песьні.
Ужо ня страшна цемра—ноч.

Зіма праходзіць. Ёсьць надзея,
Што звалы лёду разаб’ём.
Заціхне ворагаў завея,
Як песьні працы запяём.

Да працы, брацьця, грамадою
Фундамант новы даць страсе!
Бяз сваркаў, згоднай чарадою
З нас кожны цэгла хай нясе.

Хаця няраз трашчаць марозы,
Грызьнёй мяцеліца плюе,
І бура злосна шле пагрозы,
Нязгода ведзьмаю снуе —

Кладзема цэглы мы пад сьцены,
Каб моцны быў наш родны дом.
У нашай хаце зробім зьмены
Змаганьнем, працай і трудом.

Сьпявайма згодна сонцу песьні.
Яно асьвеціць цемру-ноч.
Мы новай долі на прадвесьні.
Стары ўжо сьнег сьцякае проч.

Ужо пралескі расьцьвітаюць.
Зямля ўжо тчэ свой новы ўзор.
Свабоды духі нас вітаюць —
Сьмялей на вольны йдзём прастор!


Казлоўшчык.