На ростані (Сурначоў)
На ростані Аўтар: Мікола Сурначоў 1941 |
Гадзіну горнымі наростамі
Хадзіў і не абдумваў толкам,
Што, стоячы з табой на ростані,
Цябе пакрыўджу словам колкім.
Відаць, слядамі неглыбокімі
Даўнейшай дружбы шлях адзначан,
Калі суседзямі далёкімі
Становімся пасля няўдачы.
А крыўдна!
З тонкаю вяршыняю,
Падмытая з бакоў дажджамі,
Скала махае шапкай сіняю,
Навечна стаўшы паміж намі.
1941
Пяцігорск