На ростані (1924)/II/Нібы вялізны, чорны птах

⁂ Насоўвае пушча ⁂ Нібы вялізны, чорны птах
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924 год
Вечарам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нібы вялізны чорны птах…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗          ∗

Нібы вялізны, чорны птах,
Заслала хмара зорны шлях.
Ды не пасьвежала прырода,
Ня пала ў полі прахалода.

У паветры мляўка пасьля сьпёкі,
І душна, і трывожна ноч…
Вось, хтосьць магутны ўзьняў павекі —
І сьвет мільгнуў агніста з воч.

Ўрачыста грозным, гулкім сьмехам
Загрукатаў пярун ў адказ,
І загукала згодна рэха,
Грымотны зразумеўшы сказ…

І змоўкла, ўсё, на час зьнямела,
Прыціхла ноч і жджэ нясьмела…
Ша! хтосьць застукацеў аб дах,
Нібы ў бясьсільлі чорны птах!