Апошнія косы
Халодным „бывай“
Пасеелі росы
І зьніклі за гай.
Як сум бяз імені,
Па твару зямлі
Пабеглі паўцені
І смугай ляглі.
А ноч чараўніца,
За днём па сьляду,
Далёкай зарніцай
Мільгнула — „іду“!
Ад сонца цалункаў
Зямелька п’яна,
І змрок падарункам
Прыняла яна.
І радая ночы,
Што паліць вагні,
Ледзь чутна шапоча:
„Вазьмі, палані!“
І тайнасьць прасторы
Завесіць імглой,
І дальнія зоры
Засьвецяць над ёй…
Ў прыродзе так сьветлы
Зьмярканьне й рассьвіт,
Так просты, так ветлы
Спатканьне й разьвіт.
А нам з табой смутна
У каханьні сваім,
І радасьць магутна
Ня ўзьлеціць над ім.
Палючы і хмуры
Вагонь нас апёк,
І палкасьць пануры
Хавае наш зрок.
„Умерці“! — мы тоім
У глыбі нашых воч:
„Умерці абоім
У гэтую ноч!“
І моцы жаданьня
Асілець ня нам.
Ахвяру зьмярканьню
Людзкую аддам.
Хоць спуджаным будзе
Крык з вуснаў тваіх,
Як любае грудзі
Прытуліць жаніх.
Зашэпча прастача
Шаўкоў тваіх бель,
І будзе гарачай
І душнай пасьцель.
А белая рожа
У пасмах валос
Самоты ня зможа
І зрвяне бяз сьлёз.
|