На смерць Паўлюка Труса

На смерць Паўлюка Труса
Аўтар: Змітрок Астапенка
1929
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга першая - с. 24

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не рыдай так безумно над ним,
Хорошо умереть молодым!

Не рыдайце так жаласна
Надмагілкавай песняю...
Так жыццё абарвалася,
Так хвіліны пранесліся...

Над крутымі адхонамі
Аганькамі узлётнымі
Дні прайшлі у натхнёнасці,
Смерць — у ціхай самотнасці.

За хадою імпэтнаю
Зніклі межы купчастыя...
Гэта — доля паэтава,
Неразгадная... частая...

З буравеем і холадам,
З песняй сэрца музычнаю —
Паэтычная моладасць
І каханне трагічнае.

Не рыдайце так жаласна,
Струнаў чыстыя россыпы!
Колькі іх абарвалася
І назад не звароціцца!!

Колькі знікла з сутоннямі,
Жаваронкамі веснімі,
З залатымі імёнамі,
З незапомнымі песнямі...

Будзе новая моладасць,
Будзе з постаццю новаю...
З буравеем і... холадам,
І з усмешкай вясноваю...

А жыццё абарвалася,
І хвіліны пранесліся...
...Не рыдайце ж так жаласна
Надмагілкавай песняю!..

1929 г.
Мсціслаў