На якіх варунках была б магчыма аўтаномія ці аўтокефалія Праваслаўнай Беларускай Царквы?

На якіх варунках была б магчыма аўтаномія ці аўтокефалія Праваслаўнай Беларускай Царквы?
Артыкул
Аўтар: Вячаслаў Багдановіч
1921 год
Крыніца: Беларускі звон. 1921. № 10

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Агульная гісторыя царквы паказавае нам, што незалежнасць царкоўная заўсёды йшла следам за незалежнасцю палітычнай.

Адгэтуль разам з пытаннем аб палітычнай незалежнасці Беларусі можа мець вялікую цікавасць і другое пытанне, — аб незалежнасці беларускай царквы.

Ад такой ці іншай развязкі гэтага пытання будуць залежаць і палітычныя ўплывы на Беларусі.

У нашай гісторыі пытанне гэтае падымалася ўжо не адзін раз: дзеля палітычных прычын, каб лепей вызваліцца з-пад маскоўскіх уплываў, і дзеля прычын рэлігійных, каб лепей пашыралася вунія. Але ніколі яно не падымалася ў залежнасці ад адной Беларусі, а заўсёды чаплялі яе разам з Літвою, Украінаю, Польшчаю, бо ў той час усе гэтыя землі былі пададным каралём.

Цяпер, калі тры гады ўжо мінула з часу абвяшчэння Беларусі незалежнай рэспублікаю, паўстае пытанне таксама аб аўтаномнай ці аўтакефальнай беларускай царкве.

Пры развязцы гэтага пытання, а тым болей пры яго спаўненні ў жыцці трэба мець на думцы галоўным чынам тое, каб няпэўным кіраўніцтвам справай не згубіць усяе справы і не зрабіць, замест гэтак пажаданага царкоўнага міру, яшчэ якойсьці нязгоды: досыць і так даўжэла ў нашым краі бесканечная рэлігійная вайна. І вось дзеля таго трэба ведаць, што галоўным варункам адбудовы царкоўнага жыцця праваслаўных беларусаў павінна быць яго кананічнасць з царкоўна-праваслаўнага боку.

Што ж трэба дзеля гэтай кананічнасці? Патрэбны дзве згоды: 1) згода на аўтаномнасць ці аўтокефальнасьць усяе Беларускае царквы, г.-ё. такая пастанова ўсіх праваслаўных беларусаў, усяго народу праз сваіх духоўных кіраўнікоў, пачынаючы з архірэяў і сьвецкіх прадстаўнікоў, якія водле законаў праваслаўнае царквы маюць права быць сябрамі, так званых, памесных сабораў. 2) Згода на гэта той царквы, ад якой дагэтуль даная царква залежала.

Ведаючы добра, як лёгка дасталася другая згода на маскоўскім саборы для украінскай царквы, дзе ніхто не прашкаджаў яе аўтаномнасьці, мы можам з поўным спадзяваньнем думаць, што з гэтага боку тое самае пытаньне і для беларускае царквы прайшло-б таксама лёгка, без перашкод.

Трудней магло-б яно прайці з першага боку.

Тут трэба, каб увесь праваслаўны народ, на чале з духавенствам стаяў за гэтую аўтаномнасьць, ці аўтокефальнасьць, наагул — незалежнасьць, беларускае царквы ад усерасейскай.

Тут патрэбна поўная надзея, што гэтая беларуская царква ў гэтым краі будзе ўзапраўды мець усе тыя правы, якія мае і царква каталіцкая і другія. Па большасьці праваслаўнага насяленьня гэтыя правы ёй належалі-б перш за ўсе другія рэлігіі, а на практыцы, пакуль што, мы відзім, што пачынаючы з нямецкай окупацыі сучаснае становішча беларускае царквы такое, якое саўсім прыводзіць ёй на памяць XVII і XVIII вякі. Ў праваслаўных адбіраюцца цэрквы. Ламаюць там іканастасы, наругаюцца над іх сьвятынямі, а тыя сьвятыні, якія пачытаюцца і ў каталіцкай царкве, адбіраюцца; выганяюць з хат духавенства з дзяцьмі, адбіраюць у іх зямлю і г. д. Ня ў доўгім часе мы, можа быць, на старонках „Бел. Звону", зможам даць больш падробны агляд сучаснага становішча праваслаўнае царквы на Беларусі, і тады яго чытальнікі пабачаць агульны абраз, які па нетолеранцыі і дзікім фанатызьме напомніць ім сярэднія вякі. Усе падобныя прыклады прынукаюць праваслаўнае насяленьне, пакрыўджанае ў самых сьвятых сваіх пачуцьцях, зачыніцца ў самым сабе і чакаць „якіх-небудзь перамен"; не спадзяючыся на тое, што яго з гэтага становішча вывадзе якая-небудзь тутэйшая ўлада. Гэтакі парадак ёсьць самым небясьпечным для пашырэньня і ўва ўсім краі ідэі незалежнасьці Беларусі і яе царквы.

Мы ведаем, што, з другога боку, і каталіцкая царква таксама магла-б паказаць на ня дужа даўнішнія прыклады рэлігійнага ўціску яе ў гэтым краі ад расейскага ўраду, які уціск можа больш усяго і быў прычынай яе кірунку да Польшчы, як і ў XVII—XVIII в.в. уціск праваслаўных пакіраваў іх думкі да Расеі.

Адсюль здавалася-б толькі і можна-б зрабіць адзін лёгічны вывад: толькі тады магчыма было-б і роўнапраўнае і незалежнае становішча на Беларусі ўсіх рэлігій і ўсіх царквоў, калі-б адбудавалася палітычная незалежнасьць Беларусі і ў ёй нацыянальная, свая, ўлада незалежная ні ад усходніх, ні ад заходніх уплываў.

Так кажа нам лёгіка слоў, але людзкая псыхолёгія, настрашаная „лёгікай жыцьця", часта кіруецца больш гэтай апошняй лёгікай, і з гэтым прыходзіцца лічыцца. Трэба, перш усяго, сказаць што усё-ж, як ні пажадана для многіх беларуская палітычная незалежнасьць, пакуль што яна маецца толькі на паперы ды ў сэрцы лепшых і шчырэйшых беларусаў, а рэальна яе яшчэ няма. Колькі было за гэты час у Вільні палітычных пераваротаў, але яшчэ ніводнага ня было на карысьць беларускай незалежнасьці і гэта, пэўне, памяншае ў некаторых веру ў тое, што гэтае жаданьне калі-небудзь адбудзецца ўзапраўды ці можа, калі і адбузецца, дык такі ня скора, што, як гаворыцца, „пакуль сонца ўзойде, — раса вочы выесьць”. Адгэтуль сьвяткаваньне мінулай вясною 3-х гадоў абвяшчэньня незалежнасьці беларускае, якое ускалыхнула троху гэту надзею, так прыхільна было сустрэчана праваслаўным духавенствам (? Рэд) і можа б пры нейкай другой пастанове справы (аб чым у другі раз) сустрэчана было-б яшчэ гарачэй.

Другое, што можа яшчэ троху утрыманае некаторых — есьць няпоўная вера ў тое, што будучая ўлада Беларусі будзе ўзапраўды бяз уплыву з заходняга боку і што наагул яна будзе мець моц, каб утрымацца на гэтай няўплыўнасьці. Пытаньне ёсьць у тым, што вось і цяпер у тых зьдзеках, якія у гэты час чыняцца над праваслаўным народам і праваслаўнымі сьвятынямі вінавата ня столькі цяперашняя ўлада, колькі некаторыя часьці каталіцкага насяленьня на чале з некаторымі прадстаўнікамі каталіцкага духавенства. Улада тут можа і сама, хоць-бы і хацела, ня мае патрэбнай моцы, каб справіцца з такімі неўпару фанатычнымі элемэнтамі і асабліва ў гэты час, пакуль гэта ўлада не саўсім яшчэ украпілася. Ці справіцца-ж маладзейшая яшчэ беларуская улада, думае другі, — з тэй езуіцкай арганізацыяй, якую ужо зрабіла ў Вільні каталіцкая духавенства і якая тым выразьліва праявілася ў прашлагоднім галасаваньні ў Вільні, дзе бязумоўна ў 40.000 „польскіх" галасоў было ня мала беларускіх-каталіцкіх. А на тое, каб гэта каталіцкая маса перагравалася з польскага кірунку на беларускі надзеі мала; скарэй трэба баяцца, каб гэта арганізацыя і яе ўплыў не пашырыліся на вёскі дзе яшчэ, пакуль, крапчэй трымаецца і пакуль, дзякуй Богу, расьце беларускасьць.

Ці ўздолее-ж беларуская ўлада ратаваць беларускую праваслаўную царкву ад таго ўціску, тых крыўд і зьдзекаў якія творацца ёй збоку некаторых фанатычных каталіцкіх арганізацыяў. Мы ўжо не гаворым аб тым, што апрача таго могуць знайсьціся і такія думкі: „а што, як гэта беларуская ўлада ня толькі ня выратуе праваслаўнай царквы ад гэтакага ўціску, але і сама яшчэ балей укрыўдзіць яе? Скажам: адабрала ад праваслаўных некаторыя землі і дамы польская ўлада, а прыдае улада беларуская і адніме апошнія. А што, як гэта беларуская незалежнасьць зробіцца такім самым палітычным мостам на захад, як прыкрай памяці для праваслаўных (і для лепшых каталікоў) рэлігійная вунія зрабілася рэлігійным мостам да каталіцтва (лацінства). А што, як гэта улада задумае завадзіць узноў гэту вунію?"

І вось тыя, хто можа-б шчырым беларускім сэрцам пайшлі-бы ў самыя гарачыя працаўнікі будаваньня беларускасьці і можа-б сярод беларускіх дзеячоў былі-б вельмі карыснымі працаўнікамі, замест таго сядзяць прытуліўшыся і як сказана, „чакаюць якойсь перамены", а ў гэтым чаканьні думкі іх кіруюцца ў той бок, адкуль яны могуць спадзявацца найшпарчэйшае і крапчэйшае помачы, бо ўсё-ж для рэлігійнага чалавека, як ня дорага нацыянальнасьць, — рэлігія яшчэ даражэй.

З гэтага боку сучасны момант і становішча праваслаўнай беларускай царквы можа быць вельмі добра скарыстана сучасным беларускім урадам, і мы ведаем, што кожнае яго выступленьне за правы скрыўджанай беларускай царквы, за яе прадстаўнікоў пашырае, веру ў гэты ўрад і самую ідэю беларускай незалежнасьці.

Мы ведаем, што і ідэя аўтаномнасьці беларускай праваслаўнай царквы, так сама ёсьць і пашыраецца сярод праваслаўных кругоў, а таму яшчэ раз скажам, што пры разьвязцы гэтага пытаньня трэба мець галоўным у думцы тое, каб няпэўным кіраўніцтвам справы не папсаваць і гэтай справы і так пажаданага царкоўнага міру.