На ўзломе
Даклад
Аўтар: Язэп Мамонька
1921
Крыніца: pawet.net
Даклад члена ЦК БПС-Р Язэпа Мамонькі прачытаны на нарадзе Загранічнай Трупы БПС-Р 7 ліпеня 1921 г. Выдадзены кніжкай у тым жа годзе з прадмовай Т. Грыба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

правіць

Эх, да ведае сьвет,
што магутных дум цьвет,
Адно, толькі на ўзломе
ўзыходзе.
Янка Купала

Аўжо-ж, мы з’яўляемся сьведкамі найвялікшага у гісторыі людзкасьці ўзлому. Па адзін бок струхнеўшы лад буржуазна-капіталістычнага грамадзянства, у аснове якога ляжала мана, ашуканства, насільства, эксплуатацыя чалавека чалавекам, а па другі — новы лад соцыалістычнага грамадзянства, калі ня будзе ўжо больш эксплуатацыі чалавека чалавекам, зьнікне, як перажытак мінуўшчыны, мана ды ашуканства, зьнікне насільства, будзе воля ды роўнасьць усіх людзей і народаў, запануе праўда і справядлівасьць, салідарная праца ўсіх на карысьць для ўсіх. І мы ня толькі сьведкі гэтага ўзлому — не, мы актыўны прымаем удзел. Няхай аб тым, што намі зроблена і як мы разумеем сучасныя гістарычныя падзеі, сьведчыць гэта брашурка. Праўда, шмат чаго тут яшчэ не сказана, ня ўсе факты нашай рэволюцыйнай соцыалістычнай дзеяльнасьці тут прыведзяны, ня поўнасьцю выяўляны наш рэвалюцыйна-народніцкі, соцыалістычна сьветагляд — расказана тут аб адным толькі найбольш яскравым выпадку нашага ўпартага змаганьня, праведзены аснаўныя падваліны нашага пагляду на сучасную эпоху найвялікшага ўзлому ад капіталізму да соцыалізму, ад панаваньня грубай сілы да волі, ад гнёту паняволяньня да асыміляцыі «малых» недзержаўных нацый вялікімі дзержаўнымі нацыямі да высвабаджэньня ды адраджэньня. З часамі падробна мы ўсім аб гэтым напішам.

А цяпер адно кіруе намі жаданьне выклікаць абмен думкамі ў радох нашай партыі і пачуць слова праўды ад нашых праціўнікаў.

Ад сябе я скажу — мне надта пажадана паставіць чытачу адно запытаньне: дзе быў ты і што рабіў у гэты найвялікшы час узлому?

Тамаш ГРЫБ

Паважаныя таварышы!

У чэрвені месяцы 1920 года я выехаў з заграніцы праз Літву і Вільню у Менск. У Менск я прыехаў у апошніх чыслах чэрвені. Палажэньне партыйнай работы ў гэты час знаходзілася ў надта цяжкіх варунках. Нашы самыя актыуныя таварышы — Тамаш Грыб, Паўлінка Мядзёлка-Грыб, Паўла Берднік, Янка Белькевіч ды шмат іншых сядзелі ў польскім вастрозе за рэволюцыйна-соцыалістычную і паўстанчаскую дзеяльнасьць супроці акупантаў, хаця неабходна адзначыць, што віноўнасьць арыштаваных акупанты не маглі даказаць, дзякуючы добра пастаўленай кансьпырацыі ў партыі. Іншыя таварышы, як напрыклад, Мікола Шыла, разьехаліся па вёсках і мястэчках і вялі працу на мяйсцох. Праўда, нязначная частка нашых таварышоў была на волі ў Менску, каторая, прадаўжаючы вясьці актыўную рэволюцыйна-паўстанчаскую працу як у цэнтры, так і на мяйсцох, падтрымоўвала ўсе зьвязкі з паасобнымі групамі раскіданых у той час паўстанчаскіх атрадаў на Беларусі.

Калі я зьявіўся ў Менск, то зараз-жа ўстанавіў зьвязок з партыйнымі арганізацыямі і прыступіў да працы, каб як небудзь звольніць нашых таварышоў, сядзеўшых у вастрозе. На вялікі жаль, гэта зрабіць не ўдалося. Пра мяне, што я знаходжуся ў Менску, у хуткім часе «прашэрала» польская акупацыйная ўлада — гэта е: дэфэнзыва — і на трэцюю ноч пасьля майго прыезду, калі я начаваў на канспырацыйнай кватэры артыста Ф. Ж…, я быў арыштаваны пад прозьвішчам Хведзюк і адпраўляны ў дэфэнзыву на Серпухоўскай, № 5. У дэфэнзыве я праседзіў два дні. Мо прасядзеў-бы і даўжэй, але на другі дзень палякі сталі ўцякаць з Менску, і ў гэты няспакойны час я ўцёк праз вакно, а ca мной разам яшчэ некалькі арыштаваных…

Выйшаўшы на волю, зараз жа знайшоў я т. М. Пашковіча і разам з ім пайшлі к Менскаму астрогу, каб што-небудзь прадпрыняць у справе звальнення нашых заарыштаваных таварышоў. На жаль, іx у вастрозе ўжо не было, бо іx пад усіляным канвоем адвялі на вакзал для вывазу разам з адступаючай арміяй.

Па вуліцах Менска ў гэты час можна была хадзіць з вялікай апаскаю, таму што на кожным рагу была разстаўляна як пешая, гэтак і конная польская варта і прыватных асобаў, па дзевятай гадзіне вечара не дазвалялася выходзіць на вуліцу. Дзеля гэтага ня было фізычнай магчымасьці дабрацца да вакзала…

Дачакаушы раніцы, мы, згуртаваўшы ўсе нашы сілы, пачалі актыўную працу ў напрамку арганізацыі рэволюцыйнай улады ў самым Менску, захвата складаў аружжа і правіанту, а так сама вялі змаганьне з марадзёрствам. На мяйсцох-жа ў гэты час нашы рэволюцыйна-паўстанчаскія селянскія дружыны вялі актыўную барацьбу з рэгулярнай польскай арміяй.

Польская армія пад напорам паўстаўшага беларускага селянства, а разам з тым і Чырвонай арміі, начала адыходзіць ад Беразіны, пакідаць м.м. Менск, Bільню, Горадню. Уцекаючая польская армія, на чале з гэнэралам Шэптыцкім, начала ўчыняць пажары па ўсей Беларусі, грабаваць селянства, нішчыць народнае дабро,

А што рабілася ў гэты час у Менску — страшна сабе ўявіць. З усіх канцоў места наказаўся агонь. Усё места ахапіла полымя. Гарэлі казармы, вакзалы, шпіталі, гарэлі прыватныя дамы і цэлыя кварталы. Пажарнікі, каторыя выезджалі тушыць пажар, коні ў іx адбіраліся польскімі жаўнерамі. Разбэшчаны, ашалелы натоўп польскіх жаўнераў, грабаваў і нішчыў усе крамы, прыватныя кватэры, адбіраў у прахожых на вуліцы прыватныя рэчы, вопратку, здымалі боты (як, напрыклад, можна ўказаць на факт аграбаваньня членаў праўленьня саюза Коопэратываў Беларусі: Шатэрніка і Кернажыцкага урываліся ў кватэры і гвалцілі кабет. Запужаны абывацель схаваўся як найдалей у цёмныя пограбы і ў іншыя падземныя мейсцы.

Кім-жа і ў імя чаго ўсё гэта рабілася? Каму патрэбен быў увесь гэты гвалт і насільства над безабаронным жыхарствам? Няхай дадуць на гэта адказ гэнэрал Шэптыцкі і яснавяльможны пан Язэп Пільсудзкі.

У гэты самы час наша партыя кіруе з аднаго боку паўстаньнем, а з другога — занялася арганізацыяй рэволюцыйнай улады на мясцох. Яшчэ польскіе войскі былі ў Менску, калі партыя ўтварыла рэволюцыйны камітэт, на чалё якога стаяў я. Рэволюцыйны камітэт зараз-жа ўзяў на сябе кіраўніцтва абароны грамадзян ад грабежніства і насільства польскіх бандаў. Зараз-жа былі выдадзены загады, у якіх заклікалася жыхарства места Менска змагацца з уселякім насільствам і грабежствам, адкуль-бы яно ня йшло, а так-сама заклікалася да працы па тушэньню пажараў, якія ахапілі ўсё места. Тут-жа было прыступлена да арганізацыі мейсцовай міліцыі,

Рэволюцыйны камітэт безупынна засядаў у памешканьні местовай управы і кіраваў узброенай барацьбой паўстанцаў, каторыя, паставіўшы на галоўных вуліцах места кулямёты, разаружалі і праганялі рэшткі разсеяных польскіх бандаў. У гэтай барацьбе на рэволюцыйнай варце за волю свайго народу, загінуў ад польскае панскае кулі адзін з відных партыйных нашых работнікаў т. Пупіховіч.

Гэты рэволюцыйны камітэт усяго праістнаваў тры дні гэтае да прыезда назначанага з Масквы камуніста гр. А. Чарвякова.

Як толькі прыехаў маскоўскі назначэнец, каторы меў дэрэктывы стаць на чале рэволюцыйнай улады на Беларусі, гэта е: быць беларускім «гэнэрал-губэрнатарам», то перш за ўсё ён змушаны быў уступіць у перагаворы з БПС.-Р. для супольнай працы.

Здавалася, што наканец камуністы апомніліся, што адны яны ня змогуць будаваць дзержаўны апарат Беларусі, без учасьця працоўнага селянства, яго правадыроў БПС.-Р.

Але-ж гэта здавалася толькі наіўным людзям. БПС.-Р, навучаная горкімі прыкладамі жыцьця, прыступіла да перагавораў з камунктамі з пэўнай засьцярогаю, надта сэр’ёзна глядзючы на справу.

Гэтыя перагаворы распачаліся ў другой палове ліпеня месяца, на падставе таго, што БПС.-Р уваходзіць да супольнай працы на роўных правах з камуністамі па адбудаваньню радавай улады на Беларусі. Зараз-жа была выбрана камісія, якая павінна была распрацаваць модус супольнай працы і варункі, на якіх магчыма гэтая праца. У гэтую камісію ўвайшліі ад БПС.-Р — я, Янка Белькевіч, Паўла Берднік і Мікола Пашковіч; ад камуністаў А. Чарвякоў і В. Кнорын; ад Беларускай камуністычнай групы (Беларуская партыя камуністаў фэдэралістаў) І. Ігнатоўскі ад жыдоўскага камуністычнага «Бунда» Ванштэйн.

На першым сходзе гэтае камісіі былі пастаўляны на парадак дня вось гэткія пытаньні:

1. Беларусь і яе межы;

2. Адносіны да суседзяу;

3. Дзержаўна-палітычны лад на Беларусі;

4. Зямельная справа;

5. Эканамічная справа;

6. Вайсковая справа;

7. Чыгункі, почта і тэлеграф;

8. Хто мае права прыймаць учасьце у дзержаўным будаўніцтве.

Вось я застанаўлюся на ўсіх гэтых пытаньнях і пастараюся падробна высьвятліць, як ставілі перад намі ўсе гэтыя пытаньні камуністы, а з імі разам «Бунд» і якая пазыцыя адносна гэтага была ў БПС.-Р.

3. БЕЛАРУСЬ І ЯЕ МЕЖЫ

правіць

А) Дэкляраваньне незалежнасьці Беларусі.

Вось тая формуліроўка, у якой ставілі камуністы гэта дэкляраваньне: «З сягодняшняга дня абвешчаецца незалежная Савецкая Соцыалістычная Рэспубліка Беларусі». А мы гэтую формуліроўку ставілі крыху іначай: «З сягодняшняга дня абвешчаецца Беларуская Незалежная Савецкая Соцыалістычная Рэспубліка».

Здавалася-б, якая тут разьніца: Н. С. С. Р. Б. ці Б. Н. С. С. Р.? Як на першы пагляд здаецца, тут разьніцы ніякай нема ў перастаноўцы тых або іншых слоў. Але-ж калі мы ўдумаемся і пагледзім з палітычнага і прававога боку, то ўбачымо вялізарную разьніцу.

Што азначае: Незалежнасьць Савецкай Соцыалістычнай Рэспублікі Беларусі?

Гэта азначае, што ў расійскай дзержаве ёсьць вобласьць, якая чамусьці называецца Беларусь. І гэта вобласьць, па іx разумению, называецца Беларусь не таму, што тут жыве як нацыя беларускі народ, што гэта нацыя сувэрэнна, што яна мае права на сваё дзержаўнае істнаваньне, а таму гэта вобласьць, называемая Беларусь, ёсьць частка вялікай Расіі, дзе жывуць рускіе, беларусы, палякі, жыды і іншыя «інародцы». У такой пастаноўцы пытаньня не відаць сувэрэнітэту беларускага народу як самастойнай нацыі на яго дзержаўнае жыцьцё. Калі маскоўскі цэнтралізм баіцца назваць Беларусь Беларускай Рэспублікай, значыць ён ня хоча прызнаць сувэрэнітэту беларускага народу.

Ясна, з такой пастаноўкай пытаньня не магла згодзіцца БПС.-Р і падкрэсьліла: стоючы на грунце незалежнасьці Беларусі і Сувэрэнітэта Беларускага Народа, БПС.-Р дамагалася і будзе дамагацца яснай формуліроўкі незалежнай беларускай соцыалістычнай дзержаўнасьці ў этнаграфічных межах.

Гэта была першая спрэчка, у якой мы ня да чаго не маглі дагаварыцца.

Але ўсё такі, не парываючы нашых перагавораў, мы перайшлі к далейшым пытанькям.

Б) Пытаньне аб межах Беларусі

Маскоўскімі цэнтралістамі гэта пытаньне было пастаўлена вельмі проста. Яны кажуць, што Беларусь абвешчаецца незалежнай рэспублікай у межах на поўдні і захадзе строга этнаграфічных, а на ўсходзе і поўначы межы ўстанаўляюцца ў паразуменьні з воляй народа і з урадамі Р. С. Ф. С. Р. і C.C.P.У.

Мы на гэта адказалі: добра, мы згоджаемся, каб перагаворы вёў народ беларускі з народам велікарускім, але-ж ці будзе гэта? Дзе мы бачылі праз увесь час, каб велікарускі народ сам гаварыў з іншымі народам!? Возьмем прыклад, калі камуністычная партыя, стаўшы на чале ўлады, не пытаючыся волі народа, ня толькі велікарускага, але іншых народаў, як польскага, беларускага, літоўскага, латышскага, рабіла ўмовы з Нямэччынай у Берасьці, дзе ўсе гэныя народы, бяз іx учасьця і волі, аддаваліся ў няволю нямецкага імпэрыалізму. Далей возьмем хаць-бы мірную ўмову Расіі з Літвой ад 12 ліпеня 1920 году, гдзе маскоўскі ўрад вялікую частку Беларусі (Віленскай і Горадзенскай губ.) аддаў Літве, не пытаўшыся волі беларускага народу. Як-жа, пасьля гэтага, яны казалі аб заходніх строга этнаграфічных межах? Магчыма, што яны і не сказалі-б пра этнаграфічныя межы Беларусі з Захаду, каб былі пэўны, што займуць Варшаву. Але пэўнасьці гэтай ня было нават у той час, калі яны былі пад Варшавай.

Адсюль відаць, што мэтай маскоўскага імпэрыалізму было ізноў захапіць і падняволіць маскоўскаму цэнтралізму народы, стагнаўшыя пад гнётам царскай Расіі.

Нарэшці, калі БПС.-Р паставіла пытаньне проста: як жа камуністы мысьляць сабе Беларусь? У якіх межах?

На гэта В. Кнорын адказаў, што яны ня могуць дапусьціць, каб Смаленская, Магілеўская і Вітэбская губэрні адыйшлі да Беларусі, таму што жывуць там рускіе людзі і што няма там беларусаў.

На гэта мы яму адказалі: мусіць грам. Кнорын слаба ведае этнаграфію і цэласьць эканамічнага жыцьця Беларусі.

Беларускія камуністы проста баяліся стаць на нашу страну, каб з намі не папасьці ў «чэка».

Беларускія камуністы паставілі свае асабістые інтарэсы вышэй огульных інтарэсаў беларускага селянства і, наогул, усей беларускай справы.

Яны згадзіліся лепш падняволіць беларускі народ маскоўскаму цэнтралізму і быць камісарамі, каб душыць беларускае селянства па загаду з Масквы і пакорна кланяцца стаўляньніку Масквы пану Кнорыну.

Мы казалі камуністам Масквы і Беларусі, што ў акце абвешчаньня незалежнасьці Беларусі трэба ясна адзначыць прынцып этнаграфічнага самаакрэсьленьня, што толькі гэтым можна спыніць разбежнасьць беларускай рэволюцыйна-соцыалістычнай думкі і іншыя арыентацыі, якія пануюць у розных беларускіх трупах.

Толькі ясная формуліроўка беларускай дзержаўнасьці дасьць магчымасьць уцягнуць шырокія працоўныя масы да соцыальнага будаўніцтва.

Але маскоўскіе цэнтралісты на гэта не пайшлі.

Адсюль стала ясна, чаго яны хочуць і па што прыйшлі на Беларусь: яны прыйшлі анэксаваць Беларусь і зрабіць яе маскоўскай калёніей.

З такой пастаноўкай справы прадстаўнікі БПС.-Р не згадзіліся і заявілі: стоячы на грунце самаадзначэньня народаў, БПС.-Р змагалася і будзе змагацца з уселякімі імпэрыалістамі, адкуль-бы яны не ішлі — будзь то з усходу ці з захаду, і пад такім актам, які прапануюць камуністы, ніколі свайго подпісу ня дасьць.

4. ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД НА БЕЛАРУСІ І ХТО МАЕ ПРАВА ПРЫЙМАЦЬ УДЗЕЛ У БУДАВАНЬНІ РЭСПУБЛІКІ

правіць

Гэтае пытаньне было пастаўлена ва ўсей глыбі. Праўда, камуністы падыходзілі да разьвязаньня гэтага пытаньня з пагляду маскоўскай званьніцы, гэта е: рабіць камуністычныя рады, не прыймаючы ў рахубу беларускае селянство, каторае, як гэта агульна вядома, не камуністычна. А казаць на Беларусі аб дыктатуры пралетарыяту — гэта проста сьмешна, бо няма гэнага пралетарыяту, таму што няма разьвітай прамысловасьці.

І вось перад намі стала пытаньне: хто-ж узапраўды мае права стаць гаспадаром на Беларусі? Ці кучка камуністаў, прыйшоўшых разам з Чырвонай арміяй з Масквы, ці многоміліённы беларускі селянін — работнік вёскі?

От-жа, БПС.-Р, як партыя селйнская, стаяла на тым грунце, што ў часы актыўнай рэволюцыйнай барацьбы, каб лягчэй можна было правязьці соцыальныя рэформы ў жыцьцё, то неабходна ўтварыць трудовыя рады. Выбары ў гэты рады павінны рабіцца самімі працуючымі вёскі і горада на прапорцыанальных началах, свабодна, без нажыму з боку якой-бы то ня было партыі або групы. Чырвоная армія, якая будзе фармавацца на Беларусі і з мейсцовага элемэнту, так сама мае права прыймаць удзел у соцыальна-палітычным, культурна-эканамічным і дзержаўным будаўніцтве Беларусі. Але тая армія, якая прыйшла з Масковіі, як элемэнт чужацкі, не разумеючы нашага народу, ні яго быту, звычаяў і соцыальна-эканамічнага жыцьця, — ясна што яна ня можа прыймаць учасьця ў дзержаўным будаўніцтве. Калі яшчэ прыняць пад увагу, што наша селянства і работнікі былі надта разьбіты рознымі акупацыямі, то пры такой пастаноўцы пытаньня аб выбарах у рады, як гэта ставілі камуністы, нашы работнікі вёскі і горада аказаліся-б у меньшасьці, а элемэнту чужога ад Чырвонай арміі, якая прыйшла з Масквы, было-б большасьць, як гэта было, напрыклад, у 1917 гаду, калі старая расійская армія стаяла ў Беларусі на фронце і ў той час рабіліся выбары ў расійскі ўстаноўчы сойм, у каторы мейсцовы беларускі элемэнт прайшоў у меньшасьці, уселякія «земгусарскія гастралёры» праходзілі ў большасьці.

Камуністам такая пастаноўка пытаньня была не па густу, на ўрачыстым абвешчаньні незалежнасьці яны выступілі з правакацыйнай заявай, што вот дзе мол, беларускія эс-эры проці таго, каб Чырвоная армія прыймала ўчасьце пры выбарах у рады.

5. ЗЯМЕЛЬНАЕ ПЫТАНЬНЕ

правіць

Мы як партыя народніцкая, гэта е: партыя селянская, паставілі гэтае пытаньне так, каб усе маёнткі земляўласьнікаў (казённыя, манастырскія, кабінэцкія і г. д.) былі раздадзены тым, хто сам на ёй працуе, або іначай правясьці ў жыцьцё соцыалізацыю зямлі. Правадзіць-жа ў нас зямельную рэформу так, як гэта рабілася ў Велікарусіі, не магчыма таму, што ў нас ня была абшчыннага землякарыстаньня, і раптоўна пераходзіць да камунальнай апрацоўкі зямлі будзе вельмі шкадліва для справы. Па першае: селянства нашае, жывучы праз увесь час сваёй асобнай гаспадаркай, будзе нездаволена гэнай рэформай і можа пайсьці супроці ўлады ў той час, калі яшчэ ідзе змаганьне на фронце. Па другое: рабіць нацыаналізацыю маёнткаў на Беларусі было-б верх безглуздасьці, таму што ўсе маёнткі на Беларусі былі ўласнасьцю польскіх магнатаў, каторыя цяпер працуюць над адбудовай польскай дзержаўнасьці. І вось, кал і ўсе гэтыя маёнткі не раздзеліць між селянам і, а аставіць у цэласьці і насадзіць камісараў, то польскія паны заўсёды будуць лезьці на Беларусь, каб вярнуць свае маёнткі. Тут мы і настаівалі на тым, каб зараз была прыступлена да падзелу беззямельных і малазямельных сялян зямлёю, а маёнткі з высокакультурнай вартасьцю заставіць за радамі, як паказныя, але каб астатак ня прывышаў больш як 25% усей панскай зямлі. З гэтымі нашымі матывамі згадзілася камуністычная партыя, і мы дагаварыліся, што 2/3 усей абшарніцкай зямлі будзе аддадзена селянству, а 1/3 астанецца для нацыяналізацыі. Лясы, што належалі раней абшарнікам, астаюцца ў распараджэнні дзержавы, і карыстаць іx можна толькі са згоды вышэйшага органу дзержаўнай улады.

6. ЭКАНАМІЧНАЕ ПЫТАНЬНЕ

правіць

Гэтае пытаньне займала многа мейсца і часу ў нашых перагаворах. Падробна разьбіраўся эканамічны стан Беларусі, як з боку патрабляючага, так і з боку вырабчага. Што Беларусь бярэ ад сваіх суседзяў і што яна дае сваім суседзям? Якая ёсьць магчымасьць разьвіць прамысловасьць і гандаль?

Камуністычная партыя глядзела на гэта пытаньне так, як у былыя часы царскае правіцельства з сваімі губэрнатарамі, гэта е: падняволіць усё эканамічнае жыцьцё Беларусі Маскве і зрабіць адзіную гаспадарку з Масквою і такім чынам ня даць магчымасьці самастойнага разьвіцьця беларускай гаспадаркі. А там, што скажа Масква, — мы выпаўняць будземо. Вось тая формуліроўка, у якой яны ставілі гэтую справу.

Усякаму мала-мальскі знаёмаму з гаспадаркай на Беларусі вядомы яе дастаткі і недастаткі. Мы тут пачалі высьвятляць карысьць самастойнай гаспадаркі Беларусі і яе залежнасьць ад Масквы. Як разьвівалася эканамічнае жыцьцё Беларусі пры адзіным гаспадарчым пляне з Масквой? Прамысловасьць фабрычна-завадская на Беларусі стаяла вельмі слаба. Апрача дзесяткаў двух лесапілак ды двух-трох запалачных фабрык, былі яшчэ скураныя абработкі і дзегцярні. Толькі адно, што стаяло высока — гэта вінакурні. Другой жа шырока разьвітай прамысловасьці ня было. А неабходнага матэрыялу і сырцу для разьвіцьця шырокай прамысловасьці было і ёсьць на Беларусі надта многа, напрыклад: лбе, торф, белы вуголь, лён, пенька, шэрсьць, скура і г. д. Увесь тэты сырэц: лес, пенька, шэрсьць, скура, скіпідар, сьпірт, смала і інш. вывазіўся ў Масковію ці за граніцу. Куды-ж ішлі барышы ад гэтага вывазу? Ясна, што не на Беларусь, а для ўзмацаваньня эканамічнага жыцьця маскоўскага цэнтру.

Самае горшае для гаспадарчага жыцьця Беларусі сталася Ў часе вялікай імпэрыялістычнай вайны.

Беларусь праз увесь час гэтай вайны руйнавалася і была аб’ектам розных акупацый і дзеля гэтага цяпер больш як калі-небудзь жадае прыняць самых рашучых крокаў для падняцьця зруйнаванай прамысловасьці і сельскай гаспадаркі.

Таму БПС.-Р стаяла на тым, каб была магчымасьць свабоднага разьвіцьця коопэрацыі як сельска-гаспадарчай, так і спажывецкай. Самастойнага гандлю з замежнымі дзержавамі без маскоўскага «Внешторгу», устанавіць кантроль і ўчот вывазімага сырцу з Беларусі. Далей мы даказывалі камуністам, што Беларусь ёсьць самастойная эканамічная адзінка нават з пагляду водных, шасэйных і жалезных шляхаў.

У гэты час, кал і трэба напружаць усе сілы для возстанаўленьня эканамічнага жыцьця Беларусі сваімі ўласнымі сіламі, кал і той цэнтр, да якога нас цягнулі камуністы, так сама ня мог нам чым-небудзь дапамагчы, той маскоўскі бюрократызм, каторы тармазіў усе варушалыя сілы жыцьця, мы лічыоі не на часе зьвязаваць эканамічнае разьвіцьцё Беларусі з гэтым цэнтрам.

Далей мы ўказавалі на тое вялізарнае рабаваньне Беларусі, якое рабілася рознымі окупантамі. Возьмем прыклад: калі была вялікая ўсеэўрапейская імпэрыалістычная вайна, войскі, каторые ўвесь час былі распаложаны на Беларусі, — гэтыя войскі ў працягу чатырох гадоў рабілі рэквізыцыі хлеба, скаціны, рознага фуражу, чаго, разумеецца, не рабілася ў Велікаросіі. Нішчыліся лясы — самае дарагое багацьце Беларусі — для акопаў, блендажоў, ваенных дарог і г. д., — увесь гэты матэрыял пагніў у зямлі…

Але сталася рэволюцыя. Фронт пачаў распадацца. Транспарт слабее. Зьменшыўся падвоз прадуктаў і фуража для арміі. Беларусь змушана была карміць, за кошт свайго недаяданьня, міліённую расійскую армію. А пазьней, пасьля Берасьцейскай умовы, пачала адыходзіць па ўсей Беларусі галодная армія, каторая над прымусам голаду, грабавала нашае селянства, каб не памерці.

Большавщкая ўлада, якая была ў той час з Менску, гэта е: вядомы «Обліскомзап», старалася вывясьці ўсё дабро — усе машыны з прадпрыемстваў, якія былі ў Менску, кудысьці ў маскоўскі цэнтр: былі вывязяны машыны мейсцовых заводаў, жалезнадарожных масьцярскіх, тэлеграфнае і тэлефоннае імушчэства.

Пасьля адходу большавікоў прыйшлі немцы.

Што-жа яны пачалі рабіць?

А тое-ж самае, што рабілі большавікі. Пачалі грабаваць селянства і вывозіць недавывязянае расейцамі дабро Беларусі ў свой цэнтр Нямэччыну.

Работнікі, у каторых забралі акупанты машыны і станкі, кідаліся на брук і мусілі галадаць, бо калі няма машын і станкоў, то няма чаго рабіць.

Затым ушлі немцы і прыйшлі ізноў большавікі.

І, што-ж вы думаеце, яны прывязьлі ўсё тое назад, што вывязьлі?

Не, яны нічога не вярнулі. А прыйшоўшая Чырвоная армія павінна была зноў жыць рознымі паборамі ды рэквізыцыямі за кошт беларускага селянства.

Пасьля ізноў сталі ўходзіць большавікі, так сама адбіраючы хлеб і скот ад селянства і вывазіць з сабою. А прывязьці з сабою яны нічога не маглі, аб чым сьведчыць хаця-бы падвыш на цэны на соль і жалеза з іx прыходам на Беларусь.

Настала польская акупацыя.

Сваім надзвычайным грабежствам і насільствам яна ў некалькі разоў правысіла ўсе папярэднія акупацыі. Тут забідаліся ад селян ня толькі апошнія крохі хлеба і ската, але нават здымалася з плеч апошняя сермяга.

Куды ж усё гэта падзелася?

А гэта ўсё вывазілася так сама у цэнтр, праўда, ужо не маскоўскі, але варшаўскі.

Пры апошнім адходзе палякоў, што ня ўсьпелі яны вывясьці, прадавалася агню.

Усе свае злачынствы акупанты стараліся апраўдаваць тым, каб нічога не астаўляць свайму праціўніку.

Але-ж неабходна паставіць пытанне: ці быў беларускі народ праціўнікам велікарускага або польскага народу?

Адказ ёсьць адзін і праведловы адказ: беларускі народ ніколі ня быў праціўнікам ні велікарускага, ні польскага народу.

І ваюючыя стараны ў імя сваіх імпэрыалістычных мэтаў грабавалі мірна працуючы на сваёй зямлі беларускі народ.

От-жа, каб больш не грабавалі чужацкія наездцы беларускі народ, БПС.-Р дамагалася таго, каб эканамічным цэнтрам быў Менск — сэрца Беларусі — а не Масква ці Варшава.

Пасьля ўсіх гэтых прыкладаў, мы быццам-то ўбачылі спачуцьце з боку беларускіх камуністаў. Але, на жаль, гэта і засталося толькі пачуцьцем, бо рашучых крокаў яны не адважыліся зрабіць у гэтым напрамку. «Масква, кажуць, на гэта ня згодзіцца».

Разумеецца, БПС.-Р не магла згодзіцца на адзіны эканамінны шлях з цэнтрам Масквою і рашуча выразіла свой пратэст.

7. ВАЙСКОВАЯ СПРАВА

правіць

Гэту справу прышлося разгледаць як з боку ваенна-стратэгічнага, гэтак і дзержаўна-палітычнага.

Камуністы, як партыя цэнтралістычная, cтaвілі гэтае пытаньне вось як: дзеля таго, што прыходзіцца вясьці змаганьне за рэволюцыйна-соцыалістычны радавы лад — дзеля карысьці агульнай расейскай радавай рэспублікі, то павінны быць коордынаваны ўсе дзеяньні ўзброяных сіл над адзіным вярхоўным камандаваньнем, а дзеля гэтага яны лічуць не магчымым рабіць нацыанальныя арміі і нават тэрыторыальныя ў часе змаганьня.

Але БПС.-Р стаяла і будзе стаяць на грунце тэрыторыальна-нацыанальных войск вось дзеля чаго: усе тыя акупацыі, якія адбыліся на Беларусі, і той уціск, які рабілі акупанты над мейсцовым жыхарствам, гэта рабілася глаўным чынам таму, што войска было чужое, як тэрыторыальна, так і нацыянальна і псыхолёгічна, каторым былі не зразумелыя ні звычаі, ні быт, ні варункі жыцьця нашага народу.

Далей, каб замацаваць на Беларусі Соцыалістычны лад, трэба, каб гэты лад трымаўся не на чужых штыхох, а на сваіх уласных рэволюцыйных сілах. Яшчэ і другі быў аргумэнт надта моцны, які большавікі не заўважылі. Гэта вось што: у часы польскай акупацыі, каторая сваёй панска-шляхэцкай палітыкай трымалася на панох, шпікох ды жандарах, учыняўшых барбарскія зьдзекі над народам, — беларускі народ абурыўся на панскую акупацыю і зараз-жа актыўна пачаў змагацца з акупантамі сваімі ўласнымі сіламі. На мейсцох арганізаваліся паўстанчаскія атрады, каторыя пачалі гнаць польскую армію, разам і паноў з іx маёнткаў. Паўстаньне гэта ішло безумоўна пад нацыянальным і соцыальным штандарам. І вось каб гэты народна-рэволюцыйны настрой скіраваць на карысьць рэволюцыі, то патрэбна было зараз-жа па ўходзе палякоў фармаваць рэгулярную беларускую Чырвоную. армію, каторая сама стаяла-б на варце інтарэсаў працоўнага народу і прыймала-б удзел у будаўніцтве соцыалістычнай дзержавы.

Маскоўскія-ж цэнтралісты не захацелі лічыцца з гэтымі аснаўнымі пастулатамі. Яны думалі, што рэволюцыю можна рабіць усюды толькі па загаду з Масквы і яе цэнтралістычна-бюрократычнага апарату, ня прыймаючы ў рахубу мейсцовых сіл.

Як далей выявілася, пасьля першай мабілізацыі, калі мабілізаваных пачалі адсылаць у цэнтр Расіі, то яны сталі пакідаць свае пункты і вяртацца да хаты, хавацца па сваіх лясох, арганізоўваць атрады зялёных. Ім хацелася бараніць лепш сваю бацькаўшчыну ад польскіх паноу, а не камуністаў ад велікарускіх селян.

Калі ўсё гэта перад камуністамі было вылажана і калі БПС.-Р дамагалася ўсе рэволюцыйныя сілы скіраваць супроці Польшчы, то гэтага камуністамі ня было зроблена і вынікі гэтага мы ўбачылі на Савінкаўшчыне і Балахоўшчыне…

8. СПРАВА ЧЫГУНКІ, ПОЧТЫ І ТЭЛЕГРАФА

правіць

Разгледалася гэтая справа з погляду карысьці для абоіх старой Беларусі і Pacіі. Па гэтаму пытаньню вялікіх спрэчак ня было. Мелася на ўвазе зрабіць конвенцыю жалезнадарожную і пачтова-тэлеграфную. Хаця наш пагляд быў такі, што беларускія чыгункі зрабіць па тыпу заходня-эўрапэйскаму з вузкаю каляей і ўвесь падвіжны састаў дастаць з заграніцы, а асвабадзіўшыйся з беларускіх чыгунак увесь падвіжны састаў перадаць Р. С. Ф. С. Р. для ўзмацаваньня транспарта. Такая камбінацыя іграла-бы добрую ролю з заграніцай. Разумеецца, наша думка не прашла, ды мы на ёй і не настаівалі. Гэтае пытаньне ня мела ў нас такой вагі, як палітычнае, эканамічнае і вайсковае.

Усе гэтыя пытаньні абгаварываліся ў камісіі, якая павінна была працаваць дэклярацыю абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, а таксама скласьці часовы рэволюцыйны камітэт з прадстаўнікоў усіх рэволюцыйна-соцыалістычных партый: ад камуністаў Беларусі — два прадстаўніка; ад камуністаў-фэдэралістаў — адзін; ад БПС.-Р — адзін і ад «Бунда» — адзін.

Аднак дзеля таго, што ўсе тыя прынцыповыя пытаньні, на якіх настаівала БПС.-Р, ня былі прыняты камуністамі, то БПС.-Р адказалася ад падпісаньня дэклярацыі і прыняць учасьце ў часовым рэволюцыйным камітэце.

Вось тая дэклярацыя, якая была вынесена на ўрачыстым сходзе ў гарадзкім тэатры 31-га ліпеня 1920 году:

«Дэклярацыя абвешчаньня незалежнасьці Савецкай Соцыалістычнай Рэспублікі Беларусі.

Шмат цярпеўшая, змучаная Беларусь, край беларускіх, рускіх, польскіх і жыдоўскіх рабочых і селян, пры дапамозе доблестней Расійскай Рабоча-Селянскай Чырвонай Арміі завяршае свае высвабаджэньне. Чырвоныя войскі разьбіваюць апошнія рэшткі шляхэцкіх армій, падыходзяць да заходніх этнаграфічных межаў Беларусі. Рабоча-селянскі народ Беларусі цяпер можа свабодна праявіць сваю волю і сам адзначыць сваю долю, формы свайго далейшага істнаваньня і свае ўзаемаадносіны з суседзямі.

Арганізаваная работніцкая кляса і працоўнае селянства Беларусі (камуністычная партыя Літвы і Беларусі, Беларуская камуністычная арганізацыя, агульны жыдоўскі работніцкі саюз „Бунд“ і Цэнтральнае Бюро Прафэсыанальных саюзаў м. Менска і Менскай губ.), асноўваючыся на волі працоўных мае, выяўленай на першым З’ездзе саветаў Беларусі ў лютым 1919 году ў шэрагу рэзолюцый і пастанаўленьняў павятовых савецкіх з’ездаў рабочых і селянскіх партый у поўнай згодзе з Чырвонай Арміей і Рэволюцыйным ваенным Саветам Заходняго фронту іменем паўстаўшых рабочых і селян агалашаюць незалежную соцыалістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі.

Іменем працоўнага селянства і рабочых мае камуністычныя і рэволюцыйна-соцыалістычныя работніцка-селянскія арганізацыі Беларусі абвешчаюць:

Што касуюцца ўсе законы і пастанаўленьні польскай акупацыйнай улады аб устанаўленьні прыватнай уласнасьці ў Беларусі.

Аснаўныя палажэньні аб арганізацыі народна-гаспадарскага жыцьця, агалошаныя 1-га студзеня 1919 году ў маніфэсьце часовага рабоча-селянскага ўраду Беларусі, увастанаўляюцца ў поўнай меры.

Яшчэ раз падцьверджаецца, што права прыватнай уласнасьці на землю, касуецца назаўсёды. Права карыстаньня зямлёй атрымліваюць усе грамадзяне (без розьніцы пола), хто жадае абрабляць яе сваёй працай пры дапамозе сваёй сям’і ці ў сяброўстве і толькі да тых пор, пакуль яны ў сілах яе абрабляць.

Рабоча-селянскія арганізацыі Беларусі іменем паўстаўшых працуючых мае абвешчаюць Беларускую Найвышэйшую Раду і ўсе белагвардзейскія буржуазна-абшарніцкія ўлады Беларусі нязложанымі і падлежачымі суду рабоча-селянскага народа, усе ўрадовыя і клясавыя буржуазна-абшарніцкія ўстановы польскай акупацыйнай улады падлежачымі безадкладнаму затрыманьню і аддачы суду ваенна-рэволюцыйнага трыбунала.

Адначасова рабоча-селянскія арганізацыі Беларусі заяўляюць:

Соцыалістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі азначае сваю заходнюю мяжу па этнаграфічнай мяжы паміж Беларусіей і прымыкаючымі да яе буржуазнымі, дзержавамі. Мяжа ў Соцыалістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусі з Савецкай Расіяй ды Украінай азначаецца свабодным вырашэньнем волі беларускага народу на павятовых і губэрнскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадамі Р. С. Ф. С. Р. і СС. Р. У.

Соцыалістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будуецца на падвалінах безьлітаснай дыктатуры пралетарыята і выкарыставаньня ўсей спробы з Савецкай Расіі.

Соцыалістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, знаходзячыся ва ўзаемаадношаньні з Савецкай Расіей, як роўная з роўнай, перадае на ўвесь час рэволюцыйных войн усе свае ўзброяныя сілы ў распараджэньне адзінае камандаваньня ўзброяных сіл усіх Савецкіх рэспублік, а так сама заяўляе, што усе дыпламатычныя выступленьні С. С. Р. Б. будуць рабіцца ў згодзе з выступленьнямі Р. С. Ф. С. Р. і будуць мець на ўвазе супольную карысьць усіх Савецкіх Рэспублік, пабудаваных на прынцыпах дыктатуры пралетарыята.

Соцыалістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, знаходзячыся ў працягу доўгага часу ў цесным зьвязку з Расіяйяй павінна безадкладна прыступіць да ўcттнaўлeньня адзінага гаспадарскага пляну з Р. С. Ф. С. Р. ды іншымі ўжо паўстаўшымі і маючымі паўстась Савецкімі Рэспублікамі. (…)

Устанаўляецца поўная раўнапраўства моваў (беларускай, рускай, польскай і жыдоўскай) у зносінах з дзержаўнымі ўстановамі і ў арганізацыях і ўстановах народнай прасьветы і соцыалістычнай культуры.

Аб’еднаныя наўвакола сьцягу С. С. Р. Б. палітычныя і прафэсыйныя арганізацыі ў поўнай згодзе з Чырвонай Арміей і Рэволюцыйным ваенным саветам Заходняга фронту абвешчаюць, што да скліканьня свабодна-выбранага З’езда Саветаў рабочых, селянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі ўся поўната ўлады ў С. С. Р. Б. належыць Ваенна-Рэволюцыйнаму Камітэту, у каторы Камуністычная Партыя Літвы і Беларусі пасылае т. Чарвякова, Кнорына і Адамайціса, Агульны Жыдоўскі Рабочы Саюз „Бунд“ т. Ванштэйна і Беларуская Камуністычная Арганізацыя т. Ігнатоўскага.

Аб’еднаныя наўвакола сьцягу Соцыалістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі арганізацыі заклікаюць усіх сьвядомых і чэсных грамадзян Беларусі напружыць усе свае зусільлі для таго, каб падняць культурную раўню нашага краю, наладзіць гаспадарку і пераможна закончыць вайну з адвечнымі ворагамі працоўнай Беларусі польскімі шляхцічамі.

Няхай жыве Савецкая Соцыалістычная Беларусь!

Няхай жыве фэдэрацыя Савецкіх Рэспублік!

Няхай жыве ўсесьветная Рэволюцыя!

За Цэнтральны Камітэт Камуністычнай Партыі Літвы і Беларусі — І. Смілга, В. Кнорын, А. Чарвякоў.

За Цэнтральны Камітэт Агульнага Жыдоўскага Рабочага Саюза „Бунд“ — А. Ванштэйн.

За Цэнтральны Камігэт Беларускай Камуністычнай Арганізацыі — Ул. Ігнатоўскі.

За Цэнтральнае Бюро Прафэсыанальных Саюзаў м. Менска і Менскай губ.- В. Kpыніцкі».

Прачытаўшы дэклярацыю, гэты дакумэнт, які нішчыць сувэрэнітэт Беларусі, відаць ясна, хто можа падпісацца пад такім дакумэнтама падпісацца пад ім могуць толькі тыя людзі, групы, партыі, каторыя страцілі сумленьне, ня маюць цьвёрдых прынцыпаў і не шануюць правоў свайго народа, каторыя хочуць ізноў падняволіць Беларусь маскоўскаму імпэрыалізму і цэнтралізму.

Але — факт стаўся. Дэклярацыя падпісана і складзяны рэўком з камуністаў і бундаўцаў. У рэўком увайшло пяць асоб; на чале рэўкома камуніст Чарвякоў; сябры — Кнорын, Адамовіч, Ігнатоўскі, Ванштэйн.

Урачыстае абвешчаньне С.С-Р-Б. адбылося 31 ліпеня 1920 году ў Менску ў памешканьні гарадзкога тэатру. Прысутнымі былі на гэтай урачыстасьці такія вось партыі ды групы — Камуністы «літ-бела», Беларускія камуністы-фэдэралісты (каторыя потым зьліліся з камуністамі «літ-бела»), «Бунд», Паалей-Ціон, работнікі чыгунак, почты і тэлеграфа, работнікі прафэсыанальных саюзаў, прадстаўнікі чырвонай арміі ды іншыя рэволюцыйна-соцыалістычныя партыі.

Сход быў адчыняны камуністам Чарвяковым, каторы быў выбраны старшынёю гэтага схода.

Перш за ўсё была прачытана дэклярацыя, а пасьля сталі выступаць прамоўцы ад партый ды арганізацый з правітаньнямі ды сваімі паглядамі на палітычнае становішча Беларусі.

Я ня буду казаць тут падробна аб зьмесьце ўсіх прамоў, я думаю, што вы самі зразумееце з тых аснаўных тэзісаў мной ужо прыведзяных і з тэзісаў самай дэклярацыі, Я толькі зьвярну ўвагу на адно цікаваё зьявішча — з усіх прамоўцаў пры абвешчаньні «незалежнасьці» Савецкай Беларусі, казаў па-беларуску адзін толькі прамоўца, гэта беларускі камуніст-фэдэраліст гр. У. Ігнатоўскі.

На гэтай урачыстасьці былі і мы, беларускіе соцыалісты-рэволюцыянэры. Але-ж мы прыйшлі на гэты сход ня вітаць абвешчаньне незалежнасьці Беларусі, бо абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ўжо было раней, два з палавінай гады таму назад Радай Усебеларускага З’езду і паўтары гады назад тымі ж самымі камуністамі — Жылуновіч, Чарвякоў і К˚. Акту аб зьнішчэньні гэтай незалежнасьці ня было..

Мы прыйшлі на сход, каб сказаць грамадзянству, чаму не далі мы свайго подпісу пад гэтай дэклярацыяй, чаму не далі мы свайго прадстаўніка ў рэўком і высьвятліць тыя шляхі нашых расходжаньняў і тую шалёную маскоўска-цэнтралістычную палітыку, якая праводзіцца камуністамі.

Выступаў ад імя БПС.-Р — я. Да маей прамовы Сход аднёсься з вяліікай увагай, усякае слова стараліся ўлавіць, прамова часта прарывалася доўгімі авацыямі і гукамі з мейсца «браво»,

Адсюль было ясна відаць, што БПС.-Р стаіць на правільным шляху беларускай палітыч’най і соцыальнай думкі.

У сваёй прамове ад імя БПС.-Р я адзначыў, што мы будзем працаваць і будзем дапамагаць савецкаму ўраду ў справе культурнага і эканамічнага будаўніцтва Беларусі, но за палітыку мы адказваць ня можам, таму што ў самай істоце справы мы не згаджаемся з маскоўска-цэнтралістычнай палітыкай, якую праводзяць камуністы «літ-бела» па ўказцы з Масквы.

Пасьля маёй прамовы выступіў камуніст Кнорын з дэмагагічнай прамовай супроці БПС-Р і стараўся ўсімі спосабамі дэскрэдэтаваць перад грамадзянствам нашу партыю.

Але працоўныя масы бачылі праз увесь час актыўнае змаганьне нашай партыі супроці ўсіх насільнікаў і акупантаў, з куль-бы яны ня ішлі, з усходу ці з захаду, і таму да прамовы Кнорына аднясьліся з агідаю.

Нават камуністы былі незадаволяны яго прамовай, і старшынёй Чарвяковым была зроблена яму ўвага.

На другі дзень быў адчот аб урачыстым сходзе ў мейсцовых газэтах «Савецкай Беларусі» і «Звезда», дзе было сказано, што "беларускія эс-эры пыталіся даказаць тое, што Беларуская Рэспубліка вісіць у паветры 1 што яны, эс-эры, думаюць стаць правіцелямі вялікай беларускай дзержавы, «больш крыху Францыі» (з прамовы Кнорына).

Ня гледзячы на ўсе тыя лаянкі і нападкі, якія рабіліся камуністамі супроці БПС.-Р, мы верылі ў нашу сьвятую справу і беларускі рэволюцыйна-соцыалістычны рух.

Мы зараз-жа з усёй рэволюцыйнай энергіей прыступілі да працы ў справе культурнага і эканамічнага адраджэньня нашай бацькаўшчыны.

Нашы таварышы пайшлі працаваць у земаддзелы, коопэрацыю і асьвету.

Зараз-жа намі быў заложаны беларускі работніцкі клюб, арганізаваны работніцкі тэатр, другі беларускі хор.

У клюбе чыталіся лекцыі па гісторыі, палітычнай эканоміі, вывучалася беларуская мова і г. д.

Праца пайшла надта шпарка.

Партыя з кожным днём павялічвавалася. З’явіліся новыя сьвежыя сілы.

У наш клюб стала запісавацца многа сяброў: работнікаў чыгунак, фабрык, дворнікі, шаўцы, прыслуга ды інш.

У той час як клюбы камуністаў пуставалі, наш-жа клюб заўсёды быу перапоўняны.

Уся праца у клюбе праводзілася пад ідэйным кіраўніцтвам нашай партыі.

Зараз-жа было прыступлена да выданьня нашага партыйнага органа пад назвай «Змаганьне», каторага выйшла ўсяго дзевяць нумараў, пасьля чаго выданьне было спынена з прычыны абрушыўшагася ганеньня на нашу партыю з боку камуністаў.

10. НОВАЕ НАСТУПЛЕНЬНЕ МАСКОЎСКАЙ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ І НАСТУП ПАЛЯКАЎ

правіць

Пасьля таго як чырвоная армія атрымала паражэньне пад Варшавай і пачала дэзарганізавана адыходзіць з Польшчы і далей, то на Беларусі пачалі рабіцца голай і галоднай арміей новыя наборы ды рэквізыцыі.

Чаму-ж рабіліся такія наборы ды рэквізыцыі?

А вось чаму: маскоўская чырвоная армія ішла на Варшаву галодная, абарваная; пасьля паражэньня пад Варшавай не змагла пажывіцца там і змушана была адступаючы грабаваць апошнія астаткі ад беларускага селяніна. Далей псыхалёгічна — чырвоная армія разважала, што яна знаходзіцца на чужой старане, а з чужымі можна рабіць усё, што ўздумаецца, ды яшчэ ведаючы, што ў гэтага чужога няма ўзброенай сілы, якая-б магла даць належны адпор уселякаму злачынству. Нездарма-ж чырвонаармейцы казалі: «Што нам тут бараніць, да Масквы і Яраслаўля далека, паны к нам ня дойдуць»…

Армія, якой былі чужымі інтарэсы нашага селянства, не магла моцна стаяць на фронце, як-бы стаяў беларускі чырвонаармеец, каторы потым і крывёю паліваў гэтую землю.

На жаль беларускай чырвонай арміі ня было, бо маскоўскія камуністы былі проці арганізацыі нацыянальнай беларускай арміі.

Чаму-ж не дапускалася маскоўскімі большавікамі арганізацыя беларускай чырвонай арміі? Няўжо гэта быў прынцып камуністычнай партыі? Не, бо маемо прыклад, калі арганізавалася чырвоная армія польская і латышская. То чаму-ж тагды не дапускалі арганізавацца і беларускай ды ўкраінскай чырвонай арміі? Хто іx там ведае, чаму можна было арганізаваць польскую ды латышскую чырвоную армію, мо таму, што ў ВЧК быу латыш Пэтэрс і паляк Дзержынскі, а беларусаў ды ўкраінцаў ня было?..

І вось пры новым адступленьні чырвоных і наступе белых Беларусь ізноў становіцца безабароннай краінай ад насільстваў і грабежства. Грабяць народ усе — як тыя, што адходзяць, так і тыя, што прыходзяць, бо для адных і для другіх гэта чужое.

Вось тут-то і стала пытаньне перад беларускім народам: што рабіць, дзе шукаць ратунку?

Стала ясным, што няма прыяцяляў ні з боку Масквы, ні з боку Варшавы. Беларусь аднолькава грабяць як маскоўскі камісар, так і польскі пан.

Сьвядомасьць беларускага народу аб тым, што кругом яго знаходзяцца ворагі, вывяла яго з спакойнага жыцьця.

Народ уздумаў сам спрабаваць свае сілы і бараніць сваё дабро.

Калі польскія паны ізноў падыходзілі к Менску, а камкары ўцекалі туды, адкуль яны прыйшлі, пакідаючы на новае падняволеньне і зьдзек той народ, над каторым учора панавалі, — у гэты самы час у Случчыне арганізоўваецца селянскае апалчэньне, каторае становіцца на варце інтарэсаў усёй працоўнай Беларусі. Склікаецца З’езд Случчыны ў ліку 107 асоб, каторы выдзяляе з сябе выканаўчы орган — Раду Случчыны і даручае ёй часовае кіраваньне, як народным апалчэньнем, гэтак і цывільнай уладай.

Паўстаўшы народ як мага бараніўся на абодвы бакі, ад маскалёў і палякаў — ня гледзячы на іx лічэбную і тэхнічную перавагу ў дзесяткі тысяч разоў.

Пасьля месячнага ўпартага змаганьня з сваімі ня роўнымі ворагамі гэраічнае слуцкае паўстаньне было задушана варшаўскімі ды маскоўскімі імпэрыалістамі.

Гэтым паўстаньнем не кіравала якая-небудзь адпаведная беларуская партыя — кіраваў ім сам паўстаўшы народ, сваім селянскім розумам.

Беларускія палітычныя партыі добра разумелі, што сілы не дастатачна яшчэ згуртаваны, каб вясьці аружную барацьбу з міліённай расейскай арміей і куплянымі Масквой кітайцамі, а так сама наймітам Францыі — Польшчай.

Але народ ня мог цярпець далей крыўды і змушаны быў выступіць супроці зьдзекаў, якія рабіліся акупантамі.

Народ бачыў, што яго ніхто ня бароніць, а што ўсе толькі стараюцца яго душыць.

Гнеў беларускага народа ў яго актыўным выступленьні і справядлівым дамаганьні акупанты стараліся выдаць за «бандытызм». Бо як адным, так і другім хочацца захапіць беларускую землю і падняволіць народ. А дзеля гэтага яны бэсьцілі слаўнае народнае рэволюцыйнае паўстаньне, называлі яго «бандытызмам».

Тут мы застановімся і разгледзімо тыя дакумэнты, якія былі выдадзены паўстанцамі, і хто ўзапраўды з’яўляецца бандытам.

Возьмем для прыкладу хаця-ж бы дэклярацыю Рады Случчыны ад 28 і 29 лістапада 1920 году, у якой гаворыцца: «У час самаадзначэньня народаў і барацьбы іx за сваю самастойнасьць і свабоду, Беларуская Рада Случчыны, выпаўняючы волю селянства, выбраўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай бацькаўшчыны Беларусі, падымае сьцяг барацьбы за свабодную і незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму сьвету:

1. Беларусь павінна быць вольнай і незалежнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах…

2. Аснаўныя законы Беларускай Рэспублікі ўстановіць сам народ …»

3. У трэцім пункце гаворыцца, што зямля павінна быць аддадзена тым, хто на ёй працуе, і прыватная ўласнасьць на землю касуецца.

4. У чацьвёртым пункце — аб абароне Інтарэсаў рабочых і аб устанаўленьні найбольшага васьмігадзіннага дня працы.

5. У пятым — аб разьвіцьці коопэрацыі і змаганьні з спэкуляцыей.

6. Шосты — аб шырокім разьвіцьці асьветы.

7. Сёмы — аб грамадзкіх свабодах г г. д.

Дык вось, прачытаўшы гэтую дэклярацыю, убачым, што тут роўна нічога «бандыцкага» няма, наадварот, ёсьць высокаідэйныя прынцыпы мірнай творскай працы.

Яшчэ прывяду адзін дакумэнт — гэта пратэст Рады Случчыны да Савецкага Ураду.

Вось гэты дакумэнт:

«У часе ўсесьветнай вайны, якая збурыла адны магутныя дзержавы і вызваліла іншыя, абудзілася Беларусь да дзержаўнага жыцьця. Пасьля 350 гадоў няволі, ізноў на ўвесь Сьвет чуцен голас беларускага народу аб тым, што ён жыве і жыць будзе. Вялікае нацыанальнае сабраньне — Усебеларускі Кангрэс 5-17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб лёсе Беларусі, устанавіў на яе землях рэспубліканскі лад і абвесьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Стоячы на гэтым грунце, З’езд селянскіх прэдстаўнікоў Случчыны ў ліку 107 асобаў выбраў Беларускую Раду Случчыны, якой даручае часова ўсю цывільную ўладу ў павеце.

Беларуская Рада Случчыны, паведамленая аб намерах Савецкіх войскаў, якія пасьля выйсьця польскіх войск хочуць заняць Слуцкі павет, зневажаючы гэтым волю народа,- энэргічна пратэстуе супроці агрэсыўных намэраў Савецкага Ураду з Кнорыным на чале, лічучы, што гэтая акцыя Саветаў спрочна таксама з пастановамі міравой канфэрэнцыі.

Адначасна Беларуская Рада Случчыны зьвяртаецца да дэмакратыі ўсяго сьвету з гарачым пратэстам супроці гвалтоўных забораў і падзелу Незалежнай і Непадзельнай БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ.

Беларуская Рада Случчыны сваю ўладу перадасьць толькі Ураду, створанаму Усебеларускім Кангрэсам 1917 года». (Ідуць подпісы сяброў прэзыдыуму.)

Прагледзіўшы гэтыя два дакумэнты Рады Случчыны, ня відаць нічога «бандыцкага», нават агрэсыўнага замаху на сваіх суседзяў.

Аднак мы павінны разгледзіць, хто-ж узапраўды з’яўляецца бандытам? Той, хто ў сябе дома займаецца мірнай працай, бароніць здабытак сваёй працы, сваю сям’ю, ці той, хто з аружжам у руках лезе ў чужы дом, каб забраць дабро, што здабыта цяжкаю працай гаспадара, а яго разам з сям’ёй падняволіць?

Так не-ж, паночкі з усходу і з захаду, тут «бандыт» не беларускі народ, каторы бароніць сваю працу, а вы, што лезеце ў яго хату, каб грабаваць…

Пры ўсіх тых акупацыях, якія вы рабілі на Беларусі, вы праз увесь час грабавалі народ і зьдзекаваліся над ім.

«Сумленныя прыяцелі», укажыце нам хоць адзін прыклад, калі-б гэта беларускі народ лез к вам і вас грабіў. Вы ня можаце гэтага сказаць, бо ў вас няма такіх прыкладаў. А калі вы гэтага ня можаце сказаць, то справа ясная — не беларускі народ «бандыт», а вы, вы самыя злосныя бандыты, нават больш таго — вы разбойнікі!

Вы робіце свой разбой арганізаваны пры дапамозе сваіх цэнтралістычна-бюракратычных апаратаў. Вы душыце тых, хто слабей за вас, не ў імя праўды і справядлівасьці, а ў імя сваіх імпэрыалістычных мэтаў, у імя грабежа мацнейшымі слабейшых, у імя грубай сілы…

На што вы йшлі на Беларусь? Што вам трэба было ад працоўнага селянства? Дык дайце-ж адказ, імпэрыалісты Масквы і Варшавы.

Вы, захапіўшы Беларусь сваёю грубай cілай, пастанавілі ў Рызе «мірным» дагаворам падзяліць яе між сабою — вы так і зрабілі.

Калі пачаліся «мірныя» перагаворы між Расіек і Польшчай у Рызе, то беларусы дамагаліся аб дапушчэньні прадстаўнікоў ад Беларусі, але-ж дзе там — ня быў нават дапушчаны і прадстаўнік дэкарацыйнай, па загаду з Масквы ўтворанай, С. С. Р. Б. грам. Чарвякоў.

Без учасьця беларускага народа, супроці яго волі — вы разрэзалі жывы яго арганізм на дзьве часьці.

Дый-то сказаць — дзе-б гэта было чуваць на сьвеце, каб разбойнікі, аграбіўшы каго небудзь, папрасілі на дзележ таго, каго аграбілі?..

Пасьля прэлімінарнай згоды паміж Расеяй і Польшчай у Рызе пачалася новая эра тэрору на беларусаў з аднаго і другога боку.

Польскія паны пачынаюць у Горадзеншчыне і Віленшчыне зачыняць беларускія школы, коопэратывы, разганяць культурна-прасьветные гурткі, праізвадзіць арэсты беларускіх дзеячоў.

Не адстаюць у гэтым і большавікі.

Гэтак, 15-га лютага 1921 году, па ўсёй Усходняй Беларусі, пранеслася хваля арэштаў беларускіх эс-эраў ды безпартыйных беларускіх дзеячоў. У Менску з 15 на 16-е лютага было арыштавана да 300 чалавек; поўнасьцю быў арыштаваны Менскі камітэт партыі, Цэнтральны Камітэт; у Слуцку, Бабруйску, Барысаве ўсе партыйные арганізацыі былі арыштаваны і разьбіты. Усяго было арыштавана сяброў БПС.-Р і cпачуваючых партыі да 2 000 тысяч чалавек. Нават Совнарком С. С. Р. Б., спужаўшыся гэтага ліку, перадаў разгляд справы аб беларускіх эс-эрах Цэнтральнаму Спаўняючаму Камітэту Беларусі, які на спэцыяльным паседжаньні З-га сакавіка 1921 году і разглядаў гэтую справу. (Гл. пратакол № 5 ад 3 сакавіка 1921 г. Ц. Сп. К. пад назіваю «Справа беларускіх эс-эраў».)

Праз некаторы час арыштаваных пачалі звальняць, а іншых адвязьлі ў Маскву на расправу Вэ-Чэкі.

У пачатку сакавіка ў Маскву былі вывязяны я і Палута Бадунова.

Мяне звольнілі з турмы толькі пасьля трэцяй галадоўкі, якая цягнулася адзіннадцаць дзён. Чаму я кажу пасьля трэцяй, бо дзьве галадоўкі мне сарвалі, справакаваўшы «чэстным кймуністычным словам», што праз два дні буду звольняны. На мае дамаганьне, каб прад’явілі мне абвінавачаньне або звольнілі, адказ быў такі: мы вас ні ў чым не абвінавачаваем, а трымаем як эс-эра.

Толькі пасьля ўсіх гэтых галадовак і цяжкай хваробы В. Ч. К. саслала мяне ў Казань «на пасяленьне»…

Палута Бадунова сядзела доўгі час у «Бутырцы» і толькі пасьля галадоўкі і цяжкай хваробы была пераведзена з турмы ў санаторыю.

Вот вам права і мораль, на якія апіраюцца маскоўскія камуністы ды польская эндэнцыя. Усе правы ды ўся мораль гэных паноў пабудавана на ганебным уціску, на грубай сіле штыкоў і кулямётаў.

У гэтых разбэшчаных пачвар, называючых сябе камуністамі, П. С., П.H.Д. і г. д. — тая-ж самая мораль, якая ёсьць у любога растоўшчыка ды спэкулянта. Растоўшчык ды спекулянт стараюцца нажыць сабе капітал на грабежстві і абядненьні другога: Так сама і ўсялякая імпэрыалістычная нацыя, каторая вядзе войны за землі, не належачыя ёй, хоча карміцца крывёй тых людзей, што працуюць на ёй.

Імпэрыалісты Масквы ды Варшавы няхай адкажуць перад гісторыей і ўсім сьветам, у імя чаго яны вялі вайну два гады.

Усё гэта я стаўлю перад усім соцыалістычным сьветам — няхай-жа чэсныя людзі судзяць гэтае ганебнае з’явішча, віноўнікамі якога з’яўляюцца маскоўскія камуністы і паны ўваскросшай Польшчы.

* * *

Вось той цярністы шлях, па якім прыйшлося ісьці за гэты кароткі час беларускім рэволюцыйным соцыалістам і беларускаму руху наогул.