На ўспамін
На ўспамін Аўтар: Уладзімір Рагуцкі 1940 |
Хутка з кіпарысамі, з гарою
Развітанне сумнае прыйдзе.
Возьмуць рэчы розныя з сабою
На ўспамін таварышы мае.
Я на ўсё пытліва пазіраю.
Ўсхвалявала думка і мяне:
Што душою ў Крыме ўпадабаю —
Зберагу ў далёкай старане.
Мне не трэба чашкі адмысловай,
На здзіўленне свету усяму,
Не вазьму адкрытак каляровых
І шкатулкі рэдкай не вазьму,
Не вазьму і кветак беласнежных —
Не вазьму найлепшай пекнаты...
І пайду не блукаць па ўзбярэжнай,
А пайду на бераг на круты.
Там, дзе пырскі падаюць далёка,
Рэжуць чайкі крыллямі ваду, —
Я вазьму каменьчык круглашчокі
І ў сваю кішэню пакладу.
Каб і там, дзе мора не спаткаю,
У хвіліну марнае гульбы,
Як рука ў кішэню завітае,
Я не мог аб моры пазабыць.
Каб убачыць: родныя прыбоі
Коцяць камні — словам не сказаць!..
Каб запомніць: з мужнасцю якою
Трэба кожны камень абрабляць.