Недасканаласьць (Гейнэ/Таўбін)

Недасканаласьць
Аўтар: Генрых Гейнэ
Пераклад Юлі Таўбін Крыніца: Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 233—234. — 372 с.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Усё недасканала на зямлі.
Нідзе бяз дзідаў ружы ня цвілі.
Анёлы, мабыць, — божа мой каханы! —
Таксама маюць нейкія заганы.

Цюльпан ня мае паху. Чуў я нек —
Скраў парасё сумленны чалавек.
Лукрэцыя — каб ня было кінджала,
Цяпер даўно-б дзяцей ужо раджала.

Красуні-павы не бяз брыдкіх ног.
І нават разумнейшая з жанок
Дакучыць можа, быццам «Генрыяда»
Вальтэра ці Клёпштока «Мэсіяда».

Ня ведаюць замежных моў каровы,
Як Масман наш латыні. У Кановы
Вэнэрын зад занадта вышаў гладкі, —
Як нос у Масмана, зас..., гадкі.

У добрым вершы часта рыфмы брак.
Пчалінае ёсьць джала ў мёдзе. Так,
Быў Ахілес і той слабы на пяткі,
І Аляксандр Дзюма — сын каляровай маткі.

Найпрамянісьцейшая зоранька зь нябёс
Да долу падае, калі застудзіць нос.
Найлепшае віно сьмярдзіць ад бочак,
На сонцы бачуць плямы ўжо, браточак.

Ты, жонка, любая мая, і ты-б
Мне не магла-б сказаць, што вольная ад хіб...
— «Чаго мне не стае?» — пытаешся сама.
Грудзей, — а ў тых грудзёх душы ў цябе няма.