Незалежнасьць (Смоліч)

Незалежнасьць
Артыкул
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1921
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




25 сакавіка 1918 г.- 25 сакавіка 1921 г.

Цудоўная вясна была тры гады таму назад. Першы раз дачакалася цэнтральная Беларусь, што з яе абшараў зьляцелі ланцугі маскоўскага панаваньня і, хоць трапіла яна адразу-ж у новыя путы, ды былі гэта путы толькі на целе яе… Дух-жа застаўся вольны. І пасьля вякоў заняпаду начала ўваскрасаць Беларусь. А ў месяц па выйсцю з Менску апошняга маскоўскага салдата пачуўся Беларускі Народ ужо гэтак моцным, што парваў апошнія путы сваёй даўнейшай дзяржаўнай залежнасьці. У скромнай залі, дзе зьбіралася Рада Рэспублікі, празьвінелі тады прарочые словы: адгэтуль Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржаваю. Празьвінела і даляцела да масаў народных і грымотамі веснавога адраджэньня пракацілася праз усю Беларусь…

Незалежнай і вольнай… А ці знаем мы веліч гэных двох слоў, ці бачым іх хараство, ці ведаем цану, якую яшчэ трэба заплаціць за іх? О, шмат хто яшчэ гэтага ня ведае і ня бачыць!

А мінула ўжо тры гады. І трэйцяя вясна ідзе на зьмену тэй. І бачаць людзі, што ня збыліся дагэтуль прарочыя словы, бачаць землю сваю над чужым панаваньнем, а брата свайго - парабкам на ўласным загоне.

І пачынае іх браць сумляваньне: а ці не зарана сьнег зыйшоў, ці не надарэмна празьвінелі тады словы вольнасьці. Бо здавалася ім, што годзі сказаць слова - і станецца незалежнасьць; і дзеля таго стараюцца яны і цяпер яшчэ дапамагаюць яе зьдзейсьненьню толькі рэзалюцыямі ды пратэстамі. Але ня гэтак здабываецца незалежнасьць.

Незалежнасьць - гэта ня фраза, не праграмны параграф, не якісь Вільсонаўскі пункт. Незалежнасьць - гэта найвышэйшая мэта, да якой ідуць народы, той кумір, якому у ахвяру аддаюць яны сваіх лепшых сыноў. Незалежнасьць - гэта рэзультат напружанай працы пакаленьняў. Тые народы, што былі страцілі яе, а цяпер ізноў здабылі,- яны ведаюць ей цану. А мы яшчо ня ведаем.

Але мы мусім гэта ведаць, каб разлажыць сваю працу і ня кідацца ад вялікай надзеі да безнадзейнасьці. Мусім быць прыгатаванымі да тае вялікае і сьвятое працы, якая нас чакае. Мусім здабываць незалежнасьць, будуючы школы, арганізацыі, друкуючы кнігі, зьбіраючы і павялічваючы культурнае багацьце і духоўные сілы нашага народу. Мусім быць прыгатаванымі і да тэй цярністай дарогі, на якой не адзін з нашых братоў упадзе, заліваючыся ўласнаю крывсю, не адзін прыхарошыцца вянцом мучаніцкім: гэта ёсьць дарога да незалежнасьці. Мусім, урэшце, быць прыгатаванымі і да ўсякіх окупацый, разьдзелаў нашае Бацькаўшчыны, страшнога нацыянальнага прыціску, каб магчы і пры гэтых - можа найцяжэйшых - варунках будаваць далей гмах незалежнасьці. Мусім разумець, што не словамі, але жывою арганічнаю работаю пры ўсякіх варунках ствараецца незалежнасьць, гадуюцца творчые сілы народу.

Калі нашае грамадзянства да ўсяго гэтага будзе прыгатавана, калі яно зразумее, якіе ахвяры ад яго вымагаюцца і захоча іх даць, тады яно будзе варта незалежнасьці. Тады сьціхнуць у ім галасы нараканьня, сумлеваньня. І тые, што сумляваліся і наракалі, скажуць: у цёмнай ночы на хвіліну запалілося сьвятло і пагасло. Але яно асьвяціло дарогу нам, і мы ужо ведаем, куды йсьці. Яшчэ мо і няскора дойдзем мы да нашае мэты і трудна ісьці нам вобмацкам у пацёмках. Але мы ведаем належны кірунак. Справа незалежнасьці Беларусі есьць цяпер толькі справа часу. Няхай-жа будзе багаславены тэй момэнт, калі запалілося нам тое сьвятло, калі пранесьліся тые словы аб вольнасьці, што дасюль ня зьдзейсьніліся.

Няхай жыве вольная і незалежная Беларусь!