Незалежная Беларусь

Незалежная Беларусь
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сталася тое, што ўсім сэрцам сваім і ўсей душою жадае здаўна сьвядомы сваіх правоў і сваіх патрэб беларускі народ: у Менску Беларускім, за час вайны абярнуўшымся ў глаўны цэнтар беларускага нацыянальнага руху,

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў ноч з 24 на 25 марца апавесьціла дзяржаўную незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны, абнімаючы ўсе землі, дзе пераважывае беларускае насяленьне. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, выбраная Ўсебеларускім зьездам 30 сьнежня 1917 г., разагнаным бальшавікамі і дапоўненая членамі Беларускай Вайсковай Рады, земств, мест і нацыянальных меншасьцей, — гэта першае паўнамоцнае краёвае прадстаўніцтва Беларусі, гэта — «прадпарлямэнт» яе, ядыная ўстанова, якая можа прамаўляць ад імі ўсяго краю Беларускага. І на яе долю выпала ўчыніць акт, каторы адзначывае новую эру ў нашым жыцьці: дагэтуль і Вялікарасея, і другія дзяржавы, з каторымі беларусам даводзілася мець дзела, углядаліся на беларускую справу як на «ўнутраную велікарускую справу»; цяпер гэтаму паложан канец. Цяпер Беларусь разарвала путы, каторымі была зьвязана звыш 100 гадоў з чужой дзяржавай, і мае права сама — і толькі сама гаварыць за сябе.

На пленарным засяданьні Рады, адкрытым старшынёй яе Я. Серадой, а 5 гадз. па абедзе 24 марца, фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады прадлажыла прыступіць да разгляду праекту незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Хаця проці гэта прадлажэньня была часьць радных, лічыўшых яго несваячасным, аднак пры галасаваньні за неадкладны разгляд прадлажэньня высказалася пераважная большасьць членаў Рады. Тады прыступілі да нарады аб справе незалежнасьці, трываўшай да 5 гадзіны раніцы 25 марца. Пры наэлектрызованай атмасфэры ў салі Рада вялікай перавагай галасоў ухваліла гэткую пастанову:

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай і выдае стасоўную ўстаўную грамату».

Мястовая група, зложаная з прадстаўнікоў небеларускай нацыянальнасьці, падала голас проці пастановы, але асталася ў Радзе. Земцы ў чысьле 9 асоб заявілі аб сваім выхадзе. Ад падачы голасу ўстрымаліся прадстаўнікі злучанай жыдоўскай сацыялістычнай групы і «Паалей — Цыён».

Прыняцьце пастановы было прывітана шумным і гарачым прывітаньнем быўшых у салі. І пры першых праменьнях усхадзіўшага сонца — гэтага вечнага сімвала жыцьця і свабоды — раздаўся моцны дружны кліч: «Няхай жыве незалежная вольная Беларусь!»

На гэтым быў зроблен перарыў да 12 гадз. у дзень 25 марца. Пасьля адкрыцьця далейшай нарады быў прынят тэкст устаўнай граматы, каторага, на жаль, мы прад сабой ня маем. Між іншым, там гаворыцца, што год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскіх цароў. Цяпер скідаецца і апошняе ярмо гасударственай залежнасьці Беларусі. Адгэтуль толькі сама яна можа судзіць аб сваей долі, і ўстаноўчы сэйм Беларусі пастановіць аб далейшых дзяржаўных зьвязях яе. Старыя дзяржаўныя зьвязі з чужой дзяржавай, даўшыя апошняй магчымасьць падпісаць бяз згоды Беларусі пагібельны для народу беларускага мірны трактат у Берасьці, дзелючы яго на часьці, адгэтуль ніякай сілы ня маюць: Беларусь сама падпіша мірныя ўмовы з ваяваўшымі дзяржавамі. Пералічыўшы ўсе беларускія землі, каторыя павінны быць абняты незалежнай Беларускай дзяржавай, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьвяртаецца да ўсіх любячых волю народаў з прызывам прызнаць Незалежнасьць Беларусі. Шчыра вітаючы гэты гістарычны ў жыцьці Беларусі акт, мы далучаем і свой голас да кінутага ў Менску клічу:

«Няхай жыве незалежная вольная Беларусь».