Не кажы, не абяцай… (Астапенка)
Не кажы, не абяцай… Аўтар: Змітрок Астапенка Крыніца: http://vershy.ru/content/ne-kazhy-ne-abyatsai |
Не кажы, не абяцай,
Не бяры такое ролі!..
Ходзіць сонца. Шэпча гай.
Вецер блукае па полі.
На зямлю прыйшла вясна,
За сялом прысела з краю.
Адгадай — каторы з нас
Першы вымавіў «кахаю»?..
Не кажы цяпер, маўчы,
Не кажы — пачуе вецер…
Скажаш ноччу — уначы
Ціхім стане ўсё на свеце.
Не закідвай за спіну
Косы шоўкавыя — змеі.
Я спаткаў з табой вясну,
Я без слова разумею.
Над сялом і за сялом
Пахне бэзам і язмінам…
Хай жа будзе — ясным сном,
Ясным, светлым успамінам.
Ходзіць сонца над табой, —
Хай жа ходзіць так няспынна!
Прытуліся галавой
Да маіх грудзей, дзяўчына…