Не кляні, о анёл-абаронца!..
Не кляні, о анёл-абаронца!.. Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Не кляні, о анёл-абаронца!
Вартаўнік маіх спраў, не кляні.
І самому мне нудна бясконца
Валачыць мае чорныя дні.
У змаганні ганебным няўзнаны
І самому прывабны не раз
Ў цьмяным дуле кавал алавяны, -
Як збавенне і пэўны адказ...
Твая ж мова спакусаю поўна,
Ты далей паглыбляеш адчай,
Але не - не патрэбна... ўсё роўна,
Але не - пачакай, пачакай!
Дачадзіць і сама гэта свечка,
Недалёка сумотны канец:
Скончыць смерць падрахунак і спрэчку
І задзьмухне жыцця каганец.
(1926)