XIX. На рэчцы XX. Коляды
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XXI. Таемныя гукі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XX.

КОЛЯДЫ.

Прышлі піліпаўкі, Мікола,
Дзянькі праходзяць больш вясёла,
Бо хоць зіма і крэпіць дужа,
І хоць бушуе яе сьцюжа,
Бы тое дзікае ігрышча,
І вецер жудасна засьвішча,
Як на дудзе ці на клярнэце
На нейкім злыдневым банкеце, —
Ды усё-ж сьвятлеюць даляў вочкі
І іх бялюткія сарочкі.
Ёсьць хараство і ў гэтых зімах
І ў мёртва-белых тых кілімах,
Што віснуць зьяюць хрусталямі
Над занямелымі лясамі,
Калі ў агністым мароз троне
Ў крывава-багравай заслоне
Над сьветам рукі ціха ўздыме
І зачаруе, ўсё абніме;
А як усходзіцца завея,
І вецер з сьнегам задурэе
Ды затрасецца віхрам белым!..
Эх, колькі волі ў руху сьмелым!
— Гуляй, зіма, твая часіна!
Ды скора будзе палавіна,
А там цяплом табе павее,
А ўдзень і сонейка прыгрэе! —
Паддасьць, бывала, дзядзька духу,
Пачуўшы холад-завіруху.
Ад гэтых слоў лягчэй на сэрцы,
Бо ўсё-ж маркотны вы, каберцы
Зімы халоднай і мяртвячай,
І ласкі хочацца гарачай,
Вясны душа твая жадае,
І ў сэрцы радасьць расьцьвітае
Ад аднае ўжо толькі думкі,
Што гэта зімка зьбярэ клумкі
І пойдзе-зьнікне на паўгода,
І йзноў ажывіцца прырода.
Прыелась хлопцам і вучэба:
Цяпер калядак чакаць трэба,
І думка іх ня тым занята,
Ўсё болей ходзіць калі сьвята.
І міла гэта іх чаканьне!
Адзнакі блізкіх зімніх сьвятак —
Гарыць салома каля хатак.
Пажар вясёлы ў час сьвітаньня!
— А што там сьвеціцца, нябожа?
Няўжо гарыць хто, ня дай божа? —
Не, не пажар: то — сьцяг калядны, —
Япрук там смаліцца дзесь ладны.
Свой крок апошні замыкае:
Япручча доля ўжо такая.
І кожны дворык, кожна хата,
Хоць і жыве ня так багата,
Але сьвятых каляд ў адзнаку
Заколе хоць-бы падсьвінака
І дворык свой ці прыгумень
Асьвеціць раніцаю, ўдзень,
Бо хто-ж, скажэце, хто ня ласы
На тое сальца і кіўбасы?
Другі каляд не дачакае,
Цішком сьвяжынкі паспытае,
А ўжо на сьвята — што казаці? —
Паходзіць так каля сьвінчаці,
Што ўжо на ночку разоў дзесяць
Табе жывот закуралесіць.
І гэта, братцы, не загана!
Даўно, ня знаю, кім казана:
«Калі заколеш япрука ты,
Ды не пабегаеш за хаты,
То гэта — гонар невялікі,
Гэта — вясельле бяз музыкі,
Як кажа мудрасьць чалавечча».
Але зірнём мы на Парэчча,
Чым там у лесе жыве хата,
Як там рыхтуюцца да сьвята
І як калядкі сустракаюць.
Навуку хлопцы прыпыняюць,
У іх — разьвязаныя рукі:
Да «правадоў» няма навукі.
Дарэктар з радасьці сьпявае,
Дадому едзе, спачывае.
І летні зьбёр цяжэрнай працы,
Хлябоў высокі торп-палацы,
Праслухаў цэпаў голас ёмкі,
І дзе быў торп — там стог саломкі,
А цэп замоўк, хоць не навекі,
І зерне ссыпалі ў сусекі.
Антось таксама цяпер вольны,
Яму бы празьнічак прастольны:
Сюд-тут, глядзіш — ён ухадзіўся,
Ці зьеў ці не — на луг пашыўся;
Цягнуў луг дзядзьку, ім валодаў.
Сябра майстэрства і паходаў,
Сякерку, вострую падругу,
Засуне спрытна пад папругу.
І Костусь з дзядзькам, як вядома;
Хіба ты ўседзіш цяпер дома?
А з дзядзькам пойдзеш — так цікава!
Яны йдуць бойка і рухава,
Бо зімні холад падганяе.
Любота, братцы! сьнег лятае
Ды так спакойна, так ціхутка!
Куды ні глянь — усё бялютка.
А тыя лёгкія пушынкі,
Здальнейшых ручак кружавінкі,
Сухіх чаротаў чуць крануцца,
То так-жа люба засьмяюцца,
То ціха-ціха загамоняць,
То штось шушукнуць, то зазвоняць.
А там, між лесам і табою,
Сам бог паводзіць барадою:
Трасецца сетачка сьняжынак,
Як сьмех прыгожанькіх дзяўчынак,
Што звоніць песьняй маладою.
Антось на рэчцы прыпыніўся:
Тут першы загарад таіўся
Пад гэтым сьнегам і пад лёдам
З адным-аднюткім толькі ходам,
І той бучом быў перахвачан —
Яшчэ увосень час тут страчан.
Палонка лёдам моцна скута,
Ды працы тут адна мінута.
Палонку дзядзька прасякае,
А Костусь, радасны, чакае
І зорыць пільна ён вачыма,
Калі той бучык дзядзька ўзьніме.
А дзядзька — о, ён акуратны!
Работнік дзядзька наш выдатны:
Ва ўсім парадак і лад любіць
І часу дарма ён ня губіць!
Прасек палонку, крыгу вынуў,
Тады на бучык вока кінуў,
Бярэ за палку, падымае
І буч на бераг выкідае.
І дзядзькаў твар крыху сьвятлее —
Была слабая тут надзея;
А вось, глядзі, там штось шалпоча, —
Відаць, іх доля ня сіроча!
І буч кулём угору ставяць
І часу доўга тут ня бавяць.
Разьвязан куль. Тут гоман, сьмех,
І рыбу вытрасьлі на сьнег.
Акуньчык спрытна страпянуўся,
Мянёк-завала ўзварухнуўся,
Яшчэ мянёк ды пара плотак, —
Ну, вось табе і заработак!
А там яшчэ ёсьць загародкі…
Ня дармы, не, іх пераходкі!
Ідуць дадому, разважаюць,
Чаго на сьвяты накупляюць —
Антось часамі, як дзіця.
Тымчасам заўтра і куцьця.
Міхал — ужо нейк вайшло ў моду —
Ў Нясьвіж прад сьвятамі што-году
Вазіў для замкавых паноў
Грыбы і рыбу і зайцоў.
Куцьця. Марозна. Хмурнавата.
Сьняжок падкідвае заўзята;
Сьнег на кульцю — грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сьцежкі чорны — ягад многа;
Ну і за гэта хвала бога.
Абегаў Ўладзя раўчавіну
І клін і пасечку, лагчыну,
Па жменцы ў сьнег аўсу стаўляе —
Зайцоў ён гэтым прывабляе,
Каб праз вакенечка з каморы,
Калі прынадзіцца каторы
У ночку цёмную хадзіць,
Навесьці стрэльбу і забіць,
Бо тут зайцоў было даволі.
І дроў на сьвята накалолі,
Трасянкі загадзя натрэсьлі,
Сянца пахучага прынесьлі:
Куцьці гаршчок ужо ў калена
Стаяў на лаве, чакаў сена,
І вось цяпер гаршчок з куцьцёю
Як цар даўнейшаю парою,
Ў пачэсны кут, на свой прастол,
Стаўляўся з гонарам за стол
На гэта сена пад багамі,
Ўладар над хлебамі й блінамі,
Бо ён у гэты дзень-пярсона!
Яго вянчаў абрус-карона:
Гаршчок агорнуты пашанай.
Хоць ён фаміліі глінянай.
Якія-ж матчыны намеры
На-конт куцьці, на конт вячэры?
Ох гэта дзецям знаць цікава,
Калі якая будзе страва,
Ў якім ліку, ў якім парадку?
Што на канцы і што ў пачатку?
А ў маткі ўсё абмеркавана
І ўсё прадумана ад рана.
Там, на гары, пад шчытам дзе-та,
Быў мак павешан яшчэ з лета —
Цяпер у цёрле ён пацёрты.
У патайным куце каморы,
Як сьмерць Кашчэя, пад запоры
Мядок быў хітра дзесь запёрты —
Цяпер яго насталі часы,
Бо ён патрэбен для закрасы,
І што кісель той бяз сыты
У вечарок гэты сьвяты?
Маўчком Антось часінай шэрай
У ельнячок шмыгнуў з сякерай:
Ці-ж ён зьвярэдзіцца, сагрэшыць,
Калі малых дзяцей пацешыць
І іх ялінкай пад куцьцю
Хоць раз забавіць у жыцьцю,
Калі забавіць толькі зможа?
Ялінка ў хаце так прыгожа!
І колькі радасьці і ўцехі!
На ёй валоскія арэхі,
А з пазалочанай паперкі
Глядзяць панадныя цукеркі;
І больш на ёй няма нічога,
Ды хіба-ж дзецям трэба многа?
Даволі з іх і тэй прынады —
Яны давольны, яны рады.
У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасьць вечара сьвятога —
Ня ўчуеш слова ты благога.
І ўсе прыбралісь і памылісь,
Міхал з Антосем падгалілісь
І парасчэсвалі чупрыны.
Ну, засьцілайце стол, мужчыны!
— І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог —
На сене колісь быў сын-бог —
І роўным пластам расьцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разьбіраюць
І стравы першае чакаюць
Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Ня надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш — смачнейшыя патравы,
І многа іх, усе цікавы;
Я знаю хітрасьць гэту ўсю, —
Алесь гаворыць Кастусю.
Міхал бутэльку адтыкае,
Бо ўжо закуска тут чакае:
Стаяць, як горкі, скавародкі,
Тут акунькі, мянькі і плоткі,
Ды так падсмажаны што люба —
Сама да іх імкнецца губа.
Гарэлка, радасьць-весялуха,
Прыемна булькае для вуха
І гэтак вочы прыцягае,
Ну, як каханка маладая!
— Ну, што-ж, Антось, здароў будзь, браце!
Няхай дае бог лад у хаце,
Дабра, прыбытку прыспарае,
Каб у хляве ды ўсё пладзілась,
Каб жыта ў полі каласілась,
Няхай раяцца добра пчолы,
І самі будзем мы вясёлы;
За год дай божа дачакаць
Здаровым новы год спаткаць.
— Дай божа! — дзядзька адазваўся
І сам з прамовай зварачаўся,
Пʼючы цяпер да гаспадыні —
Падатак кожнай дай часіне,
На ўсё гатовы ў кожным часе. —
І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але ня ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсе баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы —
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй-цішком скажу між намі —
Каб і язык ня ўцёк часамі.
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куцьцёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.
І посьле гэтакай вячэры
Жывот выпучваўся бязьмеры,
А з-за стала як уставалі,
То нават трохі і стагналі.
На першы дзень сьвятых калядак —
Такі ўжо быў стары парадак —
Зьбіралі сена са стала,
Кармілі ім каня, вала
І ўсіх жывёлін, хоць па жмені,
А на стале, у драбнюткім сене —
Здавён-даўна вялося й гэта —
Уважна зернятак шукалі
І па тых зернятках гадалі,
Які зародзіць хлеб на лета?