XXVIII. Дзядзька ў Вільні XXIX. На Замкавай гары
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XXX. Сьмерць Міхала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXIX.

НА ЗАМКАВАЙ ГАРЫ.

— Ну, што-ж? — пытае дзядзька Грышку: —
Хіба дзе выпіць па кілішку
Ды падкрапіпца б мала-мала?
Я з дому ўзяў кавалак сада,
І хлеба ёсьць крышан са мною,
Чаго ён сохне сіратою?
— Падмацавацца-б не мяшала,
Бо ў жываце штось засьпявала,
А нашча чарачку кульнуць —
Усё адно, што ў рай зірнуць. —
Сябры ўстаюць, ідуць спавагу
І на прашпэкт нясуць сярмягу,
Дзе панства ўсякага багата,
Ідзе і едзе, як у сьвята.
І скуль набраліся яны?
І ўсё важнецкія паны,
І так адзеты, так убраны,
Што той Ракоўскі падзіманы —
Няхай яго там возьме боль —
У параўнаньні з імі — ноль!
Ну, проста так, звычайны Лыска:
І не стаяў каля іх блізка!
Зірнеш і ўнікнеш: прад табою
Мо’ князь з графіняю якою!
Так далікатна спацыруюць
І пе гавораць, а варкуюць!
Або спаткаеш гэнэрала, —
Яго ўся Вільня пэўна знала:
У мэдалёх уся грудзіна!
І што за погляд! што за міна!
Ну-ж, і паноў! ня дай ты, божа!
Антось стрымацца ледзьве можа —
Няхай ім дрэннае прысьніцца —
Каб тым паном не пакланіцца.
Ды Верас з дзядзькі тут сьмяяўся:
— Ты не ўважай, што ён убраўся,
Гальштук павесіў і манішку,
А каб разьдзець яго, брацішку,
То пэўна ходзіць без кашулі,
На ланцужку — кусок цыбулі.
Па віду пан і ходзіць панам,
А сьпіць напэўна пад парканам,
Таго й глядзіць, каб што ўварваць…
Такіх паноў — хоць гаці гаць! —
Чым болей дзядзька разглядаўся,
Ён тым мацней тут захапляўся.
Які тут рух і беганіна!
Як зьяюць вокны магазынаў!
І колькі тут дабра, багацьця!
А колькі сьлёз у ім, пракляцьця?
Якія брычкі і карэты!
А для каго ўся роскаш гэта?
Антосю стала чагось смутна.
Ці гэта роскаш так атрутна,
Што голас зайздрасьці ўзбудзіла,
І свой адбітак палажыла?
Ці то пратэст, бунт проціў зьдзеку,
Які пануе тут ад веку
І дзеліць люд на дзьве галіны,
На дзьве няроўныя часьціны:
На багачоў і на, галоту?
Адным — сланяцца каля плоту
Сваіх задворкаў цёмна-брудных
У мысьлях-думках шэра-будных,
Жыць у гразі, хадзіць сьляпымі
Ў імгле пустой і ў едкім дыме,
Цярпець пакорліва, маліцца
І з гэтай доляю гадзіцца,
А ўсе надзеі на збавеньне
І на канец таго мучэньня,
Які настане ўсё-ж нарэшце,
На той бок сьмерці перанесьці!
Другім — тут рай і панаваньне
І ўсіх дабротаў спажываньне.
Ты ім служы, ты ім працуй
І нейкі страх прад імі чуй.
— Ото, брат, горад! от дамішчы,
Ото дзе сыпалі грашышчы!
Якія вежы і касьцёлы!
Як толькі іх трымаюць долы!..
Зірні, зірні: гара якая!
На ёй і будка цагляная…
Ото-б адтуль зірнуць на горад! —
Забыўся дзядзька і пра голад
І падбівае сябра Грышку
Ўзыйсьці на тую гару-вышку.
Яна так пышна, так высока,
І так ласкае тваё вока!
А гэты скат такі зялёны!
Там каштаны, там ліпы, клёны
Глядзяць здалёк адным кустом,
Адным вялізарным шатром.
Прашпэкт, касьцёл сябры мінулі
І ў сквэр зялёны павярнулі.
Ў цяньку разьвесістых галінак
Дарожкі ўюцца між расьлінак,
Такія чыстыя, аж міла.
І люду множства тут хадзіла,
Найболей моладзь гарадзкая,
Ды худасочная, благая,
Ўсё панічы-зухі, паненкі,
А станік іх, бы ў восак, ценькі;
Ідуць, шнуруюць па дарожках,
А чаравічкі на іх ножках
Так і паскрыпваюць, сьпяваюць,
Нібы капыцікі мільгаюць;
Ідуць, спусьціўшы вачаняткі,
На погляд ціхі, як ягняткі.
А панічы снуюць стрыжамі,
Ў паненак цэляцца вачамі,
Так от і льнуць, як рой да грэчкі,
Як матылі на тыя сьвечкі.
На доўгіх лаўках пажылыя
Сядзяць паны, як-бы сьвятыя,
Багата ўсе яны адзеты,
Чытаюць кнігі ды газэты.
Антось на ўсё глядзіць уважна,
І сам ідзе ён трохі важна,
Крыху асвойтаўся з панамі,
Ідзе, пагруквае нагамі.
Сябры тымчасам сквэр мінулі,
Налева, ўгору павярнулі;
Тут з будкі стораж іх спыняе.
— Куды йдзіцё? — сяброў пытае.
— Куды-ж? на гору, ёсьць вядома.
— А ці Вам правіла знаёма,
Што бязьбілетным ход запынен?
Хто йдзе на гору, той павінен
Білет купіць на права ўходу. —
Сябры спынілісь — грошай шкода;
Ў чупрыны рукі запускаюць,
Аб гэтай справе разважаюць:
За што плаціць? пустая справа…
Але-ж ізноў — зірнуць цікава,
Як там з гары ўсё выглядае.
І дзядзька стоража пытае:
— А колькі той білет каштуе?…
Ніяк ў Вільні не шанцуе!
— Ўсяго шэсьць грошай. Заплацеце,
Тады сабе, здаровы, йдзеце.
— Дзе наша, брат, не прападала:
Каб наша ліха не даждала! —
Гаворыць дзядзька наш разьвязна,
Ў кішэню лезучы адважна.
Сябры білеты пакуплялі
І на гару пашыбавалі.
— Ого, гара! як печ крутая!
І вось чаму дарожка тая,
Бы шрубка, ўецца па-над бокам:
Узьлезь, папробуй, простым крокам!
Ну, брат, гара, аж ногі млеюць! —
Сябры ідуць і весялеюць.
— Ці то яе такая ўрода?
Рукою, мусі-быць, народу
Яна насыпана спрадвеку…
Ото, мой божа: чалавеку
Заўсёды мала, не хватае, —
Антось у голас разважае: —
Ці ёсьць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!..
— Не: не здаволіш чалавека,
І будзе вечны ён калека:
Чаго-нібудзь а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так!
Твардоўскі пан быў — мо‘ чувалі? —
Яму ўсе чэрці слугавалі
І ўсе выконвалі жаданьні,
І што-ж? шчасьлівы быў? нізваньня!
Ды ўзяць хоць нас: ня тое-ж сама?
І мы, як тая багна-яма,
Ўвесь век варушымся, зьбіраем,
Канца-ж патрэбам тым ня знаем. —
Сябры наверх гары ўзьняліся,
Аж упацелі, засапліся,
І ногі іх спынілісь самі.
А слаўны від перад сябрамі
З гары высокай адчыняўся!
Хто відам тым не любаваўся?
Ўнізу гары ляглі прыгожа,
Як-бы разоркі паміж збожжа,
Дарожкі, роўныя, крывыя.
Над імі дрэвы маладыя
Ў сваёй пакоячай цішы
Сплялі жывыя салашы.
Агромны горад, цесна зьбіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Займаў узгоркі і нізіны:
Дамы стаялі, як віціны,
То ўдоўж, то ўпоперак радамі,
То закрываліся садамі
Або дзе ўзгоркам крутабокім;
А дзе васпанам адзінокім,
Расьцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Будынкі цесна ў рад стаялі,
Як-бы адны другіх трымалі
У часе нейкай небясьпекі
І засталіся так навекі.
А між высокіх дамоў-градак,
Свой поўны маючы парадак,
Віліся вулачкі так-гэтак
Густою тканьню цёмных клетак.
Ўгары, высока над дамамі
Пазалачонымі крыжамі
Блішчалі цэрквы і касьцёлы,
Узьняўшысь к небу галавамі,
На сонцы зьяючы вярхамі;
І гоман іх званоў вясёлы
Ў паветры гуў таемна, злучна
І заміраў дзесь мілагучна.
Налева, між гор крутабокіх,
У берагох сваіх высокіх,
Па камянёх, бы тая зьмейка,
Вілася шумная Вілейка,
І, закруціўшыся дугою,
Зьнікала зараз за гарою.
А справа ўніз свабодным махам
Лягла другая рэчка шляхам,
Як-бы сталёвая пружына;
То Вілія, Літвы дзяціна,
Няслася пышна між абрываў
Бліскучай стужкай гожых зьвіваў,
Як-бы жывое срэбра. Хвалі
На сонцы песьцілісь, дрыжалі.
Так майскім днём дрыжыць лістамі,
Абліты сонейка агнямі,
Зялёны клён і пышна зьяе,
На сонцы лісьцікі купае.
Па левым беразе ў шнурочак
Зялёных дрэў пралёг радочак,
Як стрэлка роўненька, пад меру,
Як тыя буквы на паперу.
Дамы, каменныя грамады,
Палацы, пышныя пасады,
Крутыя горы з жоўтым скатам,
Пяскамі, глінаю багатым,
Ўвесь правы бераг абступалі,
У рэчцы цені іх дрыжалі.
І адбівалісь, бы ў люстэрцы,
У Віліі хмурынак перцы,
Што вісьлі белай чарадою
Высока ў небе над зямлёю.
А там, за горадам, так здатна
І так прыгожа, так прыятна
Узгоркі леглі ў сіняй далі;
Па іх адложыстых уклонах
Любоўна ветры па загонах
Жытцо, ярынку чуць гайдалі,
Як нянька добрая ці матка
Ў калысцы гойдае дзіцятка.
Палоскі нівак йшлі абрусам,
Гаі, лясочкі здольным вусам
Ў палёх то тут, то там чарнелі,
Як-бы на сонейку гарэлі.
І ў абразох тых самавітых
Палёў, задумаю спавітых,
Пачулісь родныя навевы
І дарагія сэрцу сьпевы
Для мужыкоў, сыноў заўзятых
Палёў, лясоў, лугоў багатых;
Там іх душа і там іх думы,
Ім далей хочацца ад шуму
Траскучых вуліц, перавулкаў,
Ад пылу, смроду закавулкаў.
А на гары было спакойна,
Чуць далятаў сюды нястройна
Далёкі шум і той зьмякчаўся,
Сюды нейк боязна ўрываўся.
Гара спакойна пазірала,
Маўклівасьць важную хавала,
Як сьведка тэй вялікай справы,
Што для пустой людзкой забавы
Ніколі вусн не раскрывае
І моцна тайнасьць ахраняе,
— Ну, што, Антоні: надзівіўся? —
Ад думак Верас абудзіўся: —
Ці не пара-б пасілкавацца,
Бо трубіць чэрава, прызнацца?
— Так, час ісьці, глядзець даволі,
Бо не нагледзішся ніколі. —
Сябры назад з гары зьвярнулі,
Шырокім крокам сьціганулі.
— Пастой! а там што? — Там — гармата.
— Чаму-ж няма пры ёй салдата? —
Пытае дзядзька. — Мо‘ старая,
А мо фальшывая якая, —
Ня буду спрэчвацца заўзята. —
З такой гаворкай да гарматы
Прышлі яны і важна сталі,
Гармату доўга разглядалі,
Глядзелі ззаду і з бакоў,
Аб ёй сказалі колькі слоў.
Калёсы дзядзька разглядае
І бліжай-бліжай падступае,
Хацеў яе яшчэ пагладзіць.
— Ой, не чапай, ато рассадзіць!
Няхай яна, брат, лепей спрахне!
Зачэпіш, падлу, ды як гахне!
І вочы высмаліць і кішкі
Шпурне, глядзі, аж на Лукішкі.
О, з ёю брат, такія штукі! —
Рвануў назад, як ад гадзюкі —
Спужаўся дзядзька — борзда рукі,
Ды так, што Грышка стаў сьмяяцца.
— Хадзем, брат, лепей сілкавацца!