XXV. Летнім часам XXVI. Агляд зямлі
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XXVII. Па дарозе ў Вільню

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXVI.

АГЛЯД ЗЯМЛІ.

Прайшло ў Парэччы лет нямала:
Яно-ж ня цешыла Міхала,
Хоць тут мясьціна гожа, міла
І так гарнула, так хіліла
К сабе і лесам, і лугамі,
І старасьвецкімі дубамі!
Ды што краса без аўладаньня?
Адно пустое парываньне,
У цьме далёкі блеск зарніцы:
Ўсё гэта — скарбы чужаніцы,
Магната князя Радзівіла,
А ты, пакуль ёсьць рух і сіла,
Служы паном, зьбірай іх крошкі
І ведай цьмяныя дарожкі
Батрацкай долі да магілы,
Служы, пакорны і пахілы,
Служы з-за панскага агрызка
І заўжды гніся нізка-нізка!
Няўжо-ж і век прабыць слугою
І чуць пагрозу над сабою,
Што пан у кожную хвіліну
Цябе пагоніць, як скаціну?
Пагоніць вон без разважаньня,
Бо пан ня мае спагаданьня,
Што трэба жыць з сям’ёй на сьвеце,
Што ты, як рыба тая ў сеці,
Ня маеш волі, ні разгону,
Што ты ня чуеш жыцьця звону,
Што гэты сьвет табе завязан
І шлях прасторны твой заказан.
А дзе-ж той выхад? дзе збавеньне
З няволі цяжкай, з паланеньня?
Адзін ён ёсьць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ральля —
То — наймацнейшая аснова,
І жыцьця першая умова.
Зямля ня зьменіць і ня здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасьць волі, дасьць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх ня кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.
Міхал у часе вандраваньня
На адзіноце сам з сабою
З гарачым сэрцам і душою
Разьвязваў важнае пытаньне
Аб тэй зямельцы аб уласнай.
Яна сьвяціла зоркай яснай,
Яна гарнула і хіліла,
Бы нейкіх чар нязнаных сіла.
Свая зямля, свая пасада!..
Ці ёсьць мацнейшая прынада?
Міхал станоўка, ненарокам
Ішоў да мэты крок за крокам.
Ён паскупеў і нават значна.
Што-ж? лепей зьесьці ня так смачна,
Загнаць запас на хлеб, на сала,
Абы капейка перапала,
І лішні выгадаць рубель
Ды палажыць яго ў кашэль.
Наогул трэба жыць больш змысла
І больш мяркоўна, болей сьцісла,
Трымаць зачыненымі губкі
І меней траціць на пакупкі.
І так паціху ды памалу
Прыдбалі трохі капіталу,
Каб хоць пачатачак зрабіць
І першы камень залажыць
На грунце вольнае зямелькі,
Аднэй-ядынай збавіцелькі
Ад панскай ласкі і апекі,
І плюнуць ім за тыя зьдзекі,
Што так уеліся ўжо ў косьці, —
Калом зямля вам, ягамосьці!
Цаною доўгага шуканьня,
Парады, спрэчак, разважаньня
І гэтых мысьлей натужэньня
І нястрыманага імкненьня
Ня знаць ні службы тэй, ні пана
Была зямелька апытана.
Яе Міхал — прыпомнім гэта —
Апісваў фарбамі поэта,
Апісваў шчыра, ўсё зазначыў,
Хоць ён зямлі тае ня бачыў;
Ды мала што: ніхто ніколі
Ня бачыў сьветлай райскай долі,
Але той рай мы так малюем,
Што асалоды яго чуем.
Ды тут замецім стараною:
Ці не зьяўляецца маною —
Прашу прабачыць мне за слова —
Ўся гэта райская размова?..
Але пара, пара ў дарогу,
Бо час прыстаць к свайму парогу,
Пакуль жаданьне не астыла,
Пакуль ахвота ёсьць і сіла.
Агледзіць трэба зямлю тую,
Каб не гадаць, ня йсьці ў сьляпую,
Аб чым была ўжо пастанова;
Няхай зямелька скажа слова,
І твар пакажа свой выразна,
І гэта будзе болей важна,
Чым тая іх уся размова.
І вось пад восень прад сяўбою,
Парадзіўшыся між сабою,
Міхал з Антосем воз прыбралі,
Каня запрэглі, пастаялі
У нейкім смутным разважаньні,
Ў настроі новым, хваляваньні:
Дарога, даль і лёс нязнаны
Глядзяць няветла скрозь туманы.
Эх, ты, жыцьцё, жыцьцё людзкое!
Няма табе, няма спакою:
Ты — суматоха, вір бурлівы,
Ў табе загіне баязьлівы,
Як парахно, як зерне тое…
— Ну, будзем ехаць! — Едзьма, браце! —
На момант ціха стала ў хаце.
Куды мужчыны завіталі,
Спынілісь, шапкі пазьнімалі,
Прад абразамі гнуць галовы.
— Бывайце-ж, мілыя, здаровы!
— Ну, час вам добры, едзьце з богам! —
Ім кажа маці за парогам,
Жадае шчасьця і дабра.
Мужчыны рушылі з двара,
На воз паселі і ўздыхнулі
Ды ўлева к дубу павярнулі.
Ускінуў жвавы конік грывай,
Два разы пырхнуў выразьліва —
Відаць далёкую дарогу
Пачуў Сівак, забіў трывогу
І, шыю выгнуўшы дугою,
Пабег вясёлаю трусцою
Па гладзі мяккага дзірвану.
Алесь і Костусь з-за паркану
Глядзелі ім усьлед маўкліва,
І думка нейкая тужліва
На смутных тварыках блукала,
І ценем вочы засьцілала;
І ім здавалася, што з імі
Дзялілісь жальбамі сваімі
І дуб стары, і той будынак,
І лазьнячок ускрай лагчынак,
І гэты лес, і само неба:
Чаго людцом, чаго ім трэба?
Нашто шукаць зямлі далёка?
Зайздросна ты, людзкое вока!
Хіба тут цесна? сьвету мала?
Няма работы для арала
Ці для сярпа, або для коскі?
Ці ня прыгожа ў кроплях роскі
Гарыць-ірдзіцца дрыгаценьне,
Як нейкі вобраз лятуценьня,
Адбітак вечнае красы?
Ці не багаты тут лясы
І рознай пташкай і зьвярамі,
Арэхам, ягадай, грыбамі?..
Эх, вы, нявіннасьць і прастэча!
Цямны вам лёсы чалавеччы.
Але напэўна і мужчыны
Паважнасьць гэтае хвіліны
Ня менш ад хлопцаў адчувалі,
І нейкі час яны маўчалі,
І кожны ў думках сам з сабою
Размову меў часінай тою.
Ды што гадаць аб гэтых словах,
Што не адбіліся ў размовах?
Мінём дарогі, іх малюнкі,
Іх не падведзены рахункі;
Яны заўсёды сьвежы, новы
І многадумны, настраёвы,
Іх ні прайсьці, ні азірнуць,
Яны сваім жыцьцём жывуць.
Ды ўсё-ж зазначыць я тут мушу —
Міхал з Антосем сваю душу
Дарогай цешылі нямала.
Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі добра і заможна,
Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветракох, такіх удумных,
І па абэржах гэтых гумнах,
Па старасьвецкіх азяродах,
Па гарбузох на агародах,
Па тытуну і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх ня бачылі ніколі:
Разьвіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам — паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
— Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае —
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! Як далоні! —
Міхал зазначыць ці Антоні: —
Эх, брат, зямля: ўміраць ня трэба,
Не пашкадуе табе хлеба, —
Ўсё прыцягала іх увагу:
Ці ўстрэнуць родную сярмягу —
І людзі простыя так ветлы,
І погляд добры іх і сьветлы
Так да душы і пранікае
І сэрца цешыць і ласкае;
Ці хутарочак пападзецца,
Ну, як знаёмым, усьміхнецца!
Ці гэта вёска з ветракамі
І з прыдарожнымі крыжамі, —
Ўсё так павабна, так адметна,
І ўсё вітала іх прыветна,
Бы тая блізкая радня.
На трэцьцю ранічку да дня —
Мужчыны трохі і блудзілі,
Дарога ж мерылась на мілі —
Яны прыклыгалісь да мэты,
Каб аглядзець куточак гэты.
Міхал зьлез з воза, кінуў вокам,
У двор шыбуе мерным крокам,
Ідзе, гасподу разглядае.
Яна ня досыць маладая;
І на двары ня вельмі ладна,
Ўсё нейк раскідана, няскладна,
Як-бы будынкі між сабою
Жылі ня ў згодзе, бралі з бою
Мясьцінкі тыя, дзе стаялі,
Адна другую адпіхалі,
Або ляпіліся няўклюдна,
І каля хаты было брудна;
І нават гэта сама хата
Была залішне праставата:
Абрэз страхі йшоў коса, крыва,
І гэта стрэшка шалудзіва —
То голы плех, то кучка моху,
І ўся дзіравілась патроху,
І нават комін той шчарбаты,
Ну, адным словам — гора-хата,
Сваім прыгожствам ня хіліла.
Але ня ў хаце сэнс і сіла,
Бо хаце можна раду даць
І на свой густ пабудаваць,
І хата стане больш вясёла,
А не такая, вось, стадола,
Наогул хата — справа, дробна,
Абы зямля была, ўпадобна.
Міхал яшчэ раз кінуў вокам,
Э, хата — глупства: лес пад бокам.
З такою думкаю ў вакенца
Міхал пастукаў пужаленцам.
На гэты стук у яме-хаце
Наўперад рыпнулі палаці
І ўзварухнуўся край бярлогі,
А потым шлопнулі ўжо ногі:
Сам гаспадар, кудлач заспаны,
Ідзе на стук неспадзяваны
Хадою важнаю індыка.
— Ці тут жыве Фядос Хадыка? —
Міхал пытае, жджэ адказу,
Адказ даецца, ды ня зразу,
Як падабае ў такім стане.
— Тут, тут! А скуль вы, мой васпане?
І хто такі сам, ягамосьцю? —
Фядос пытаньне ставіць госьцю,
Вачэй ня зводзіць з яго твару.
— Здалёк мы, пане гаспадару:
Чатыры мілі за Нясьвіжам
(Міхал лічыў Нясьвіж Парыжам,
Усім вядомым на ўсім сьвеце),
І мы вас маем на прымеце,
Даведаліся ад людзей,
Што пан Хадыка, дабрадзей,
Сваю пасаду спродаць мае.
— Так. Справа, значыцца, такая!
То пачакайце-ж, калі ласка! —
І зьнікла ўраз яго апаска
(Ня шкодзіць быць і асьцярожным
Прад незнаёмым падарожным).
Хадыка зараз захадзіўся
І аканчальна абудзіўся,
Кажух накінуў ды йдзе ў сені,
І таго страху няма й цені:
Глядзіць прыветна, як на брата,
— Заходзьце-ж, браціку, да хаты…
Ды вы з канём? дык заяжджайце,
Вось тут пад клуняю стаўляйце.
Сюды, за гэты стог саломы! —
Гамоняць, бы даўно знаёмы,
Адны другім так моцна рады!
Няма ні хітрыкаў, ні здрады,
Ні гэтай фальшы, ні падкусы;
Ідзе гаворка бяз прымусы,
Хвілінак першых палі путы,
І душы насьцеж разамкнуты.
— Сюды, сюды кіруйся, браце:
І месца, будзе й корму хваце.
Там за аўсянымі снапамі —
Ядзяць іх мухі з камарамі —
Ляжыць і кошаніна й віка —
Не агалеў яшчэ Хадыка! —
Каня адпрэглі, воз прыбралі,
На прыгуменьні пастаялі;
Ніяк ня скончыш тэй размовы,
Бо людзі сьвежы тут і новы,
Кранеш адно, ўсплыве другое:
Такі-ж і трэба, сёе-тое
Абмеркаваць, як мае быць,
Аб тым, аб сім пагаманіць,
І з тэй размовы асьцярожна
Што-небудзь вывудзіць і можна,
Ці слоўка, рысачка якая, —
Ўсё гэта часам памагае
Зірнуць на справу іншым вокам
І падыйсьці да яе бокам.
І стала ясна з тэй размовы,
Якія цяжкія умовы —
Няхай іх людзі лепш ня знаюць —
Прадаць зямельку прымушаюць.
— Пакрыўдзіў бог мяне сынамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Няма сыноў — няма падмогі,
А сам я стаў слабы на ногі,
Бракуе сілы мне, браточкі!
Няма, мінуліся гадочкі,
Калі зямлю вярнуў Хадыка,
Ня горш вала таго ці быка,
Зямля-ж тут, братцы, залатая:
Цаны яна сабе ня мае!
Але вядома, браце мілы:
Тут рукі трэба, сілы, сілы,
А іх няма, заўважце самі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
І я — скажу вам па суменьню —
Больш к гандлю маю нахіленьне.
Дык вось чаму я, ягамосьці,
Мае вы міленькія госьці,
І прадаю сваю пасаду, —
Казаў Хадыка ўсё да ладу
І так праконана, праўдзіва,
Што нашы купчыкі маўкліва,
Ківалі толькі галавамі
Ды усьміхаліся часамі:
Але цішком самі сабе
Напэўна мысьлілі другое:
«Сьпяваеш добра, ды ці тое?
Вярзеш, брат, грушу на вярбе».
— Хадзем у хату, мае братцы;
Ня грэх было-б пасілкавацца,
Хоць верашчачкаю з блінамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
— А мо-б наўперад, пан Хадыка,
Калі фатыга невяліка,
Нам паказаў-бы сваё поле? —
Сказаў Міхал. — Што-ж? ваша, воля!
А пацікуйцеся: тут блізка;
Зямля, бы ў мацеры калыска,
Навідавоку, пад рукамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Вось яна тут, уся валока,
Глядзіць на нас, як божжа вока.
Вось паплавец мой. Сена — піва!
Ядкое, брацікі, на дзіва:
Запраў, дык есьці будзе поп.
А жыта! ну, ня ўзьнімеш сноп!
Глядзеце: ржышча — чараціны,
Ня вашы менскія націны,
Бо вашы менскія пясочкі
Знаёмы добра мне, браточкі —
Мясіў уласнымі нагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Зямля раджайна, ох, раджайна!
Гарох расьце тут нязвычайна.
А грэчка! ну, лаза лазою!
Ячмень, як лес, расьце бяз гною…
Хто мае здольнасьць, сілы, рукі
І гаспадарскія навукі,
Той азалоціцца, мужчынкі!
Прыдбае хлеба і скацінкі
І будзе жыць ён сабе панам
І складваць грошы чыстаганам.
Жывуць тут людзі багачамі —
Ядзяць іх мухі з камарамі! —
На паўвалоках і скупых,
Калі даўно сядзяць на іх! —
Ідзе паперадзе Хадыка,
І, не шкадуючы языка,
Пасаду хваліць «залатую»,
Як сваця дзеўчыну якую.
Антось на словы не зважае,
Бо ўласным вокам уздужае
Зямлі вартоўнасьці спазнаці,
Ці яна мачыха ці маці,
Ці не зьбяжыш ты з яе ўпрочкі?
Малыя шэранькія вочкі
З-пад цёмных броў сачаць, як мышкі,
Як вучні дбалыя на кніжкі,
На тыя польныя адзнакі,
На іх вартоўнасьці і бракі,
Якіх ня кожны прымячае,
Ці не набыў таго звычаю.
Глядзіць унікліва і ўдумна,
Праверыць там, дзе справа сумна,
Зямельку ботам капарне,
У рукі возьме, азірне
І расьцірае ў пальцах грудку,
Каб лепш дазнацца таго скутку.
Зямля запраўды не благая,
Гаспадара-ж яна ня мае;
Каб пахадзіць за ёю дбала,
Тады-б ня гэтак выглядала.
— Зямля запушчана ў васпана:
Пакрыта скураю дзірвана.
Глядзеце — пырніца якая,
Зямлі вартоўнасьць ён зьніжае:
Чартапалох буяе дзікі! —
Антось зьвярнуўся да Хадыкі:—
А дзе ўжо пырнік завядзецца,
Змаганьне трудна з ім даецца!
Хібеюць доўга тыя гоні!
— Э, плюнь, браток мой! плюнь, Антоні!
Гадок, ну, два таго змаганьня —
І пырніку ня будзе званьня!
Кажу-ж я вам, браток мой мілы:
Няўпраўка мне, бракуе сілы.
Зямля-ж, ох, многа патрабуе
І догляду і тэй увагі
І, калі хочаце, павагі,
Тады вас хлебам ушануе
І малаком, і пірагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
— Так! гэта так, — Міхал згадзіўся: —
Яшчэ той брат наш не радзіўся,
Каб на ўзьві-вецер жыць багата,
І ў дні будныя спраўляць сьвята.
Але дзе поле адзічала,
То й там, васпане, смаку мала —
Зрабі зямлю з такой аблогі!
Праз год ня станеш тут на ногі! —
Браты, наколькі было можна,
Вялі падходы асьцярожна,
Каб зьбіць цану, хоць тэй цаны
Яшчэ ня ведалі яны.
Ды як-ніяк зямлі валока.
Міхал прыкідвае на вока
Рахункі гэтай важнай справы.
Ў яго ваччу ўставалі лавы
Жытоў, што ўласнаю рукою
Засее восеньню другою
На ўласнай гэтай на зямельцы…
А ўсё відаць, як на талерцы!
На курганку лясок мяшаны —
Такі прыветны, хоць да раны
Яго вазьмі ды прылажы ты;
Далок паўзрэччу самавіты,
І гэтай рэчкі від усьцешан,
Блішчыць, бы срэбра, з-пад алешын.
Там хутаркі, ды ўсё з садамі,
То як папала, то радамі
Параскідаліся па полі.
Зямлі і пашы там даволі.
А завядзеш і тут парадак,
То й сам харош ты будзеш, гладак.
Прайшлі мужчыны па граніцы
І ўсе агледзілі драбніцы
Ды сьцісла бралі пад увагу,
Як многа дасьць зямля пасагу,
Калі-б яе купіць прышлося.
Міхал зьвярнуўся да Антося:
— Ну, як, Антось, твае пагляды
На-конта, гэтае пасады? —
Міхал пытае, а ў самога
Купіць зямлю ахвоты многа,
І вочы поўны спадзяваньня,
Што ім тут будзе панаваньне.
— Зямля, брат, важна! ох, зямля!
Як сажа, чорная ральля.
Купляй, заплюшчыўшы хоць вочы,
Ды колькі грошай ён захоча?
Ці будзе, брат, нам па кішэні
Бо шчуплаваты нашы жмені… —
І мелі доўгую параду,
А потым моўчкі йшлі ў пасаду.
— Заходзьце ў хату, калі ласка,
Бо ўжо й гатова і папаска, —
Гасьцей Хадыка сустракае
І на сьняданьне заклікае.
Антось да воза, адвінуўся
І зараз з торбаю вярнуўся.
Міхал з Антосем вайшлі ў хату,
З двара зусім падсьлепавату,
З заметна зьніжанаю стольлю
І з павуцьцём па завугольлю.
Паўздоўж сьцяны стаялі лавы:
І печ і сьцены ўсе куравы,
Зямля няроўна, ўся на ямах.
На падваконьні і на рамах
Сьлед чэрваточыны замецен
Не, выгляд хаты няпрывецен!
— Сядайце ж, людзейкі-нябогі,
Ды пасілкуйцеся з дарогі! —
Да госьцяў кажа гаспадыня,
Сама Фядосіха, Аксіня.
Яна абрусам стол накрыла,
Гасьцей уважна папрасіла;
А на стале — скаварадзішча,
І скваркі правяць там ігрышча,
Звычай спраўляючы сьвінячы,
І скрозь яешню пар гарачы
Клубкамі коціцца і смыча
І нос прыемненька казыча.
Для завяршэньня ладнай справы
Хадыка вынуў штось з-пад лавы,
І ставіць ён на стол… бутэльку,
Каб акрапіць сваю зямельку.
І вось, як чарка разоў пару
Прайшла ад госьцей к гаспадару,
Тады ўсе разам зашумелі
І праканаліся на дзеле,
Якія людзі яны просты,
Што ашуканства, як каросты,
Цярпець ня могуць і ня зносяць,
Ідуць начыстую і досыць!
Што з першых слоў адны ў другіх
Пачулі блізкіх і сваіх,
А як падводзілі рахункі,
То іх скраплялі пацалункі.
— Я вас люблю! — казаў Хадыка, —
І сам я — менскі гарамыка;
Пасябраваць хачу я з вамі.
Ядзяць вас мухі з камарамі!
І толькі вам, мае браточкі,
Каб не дажыў я гэтай ночкі,
Хачу прадаць сваю пасаду,
А сам на гандаль я засяду,
Мае вы родненькія братцы, —
Хачу я сальнікам заняцца.
— Браток Фядос! — Міхал гаворыць: —
Ня будзем доўга мы гуторыць:
Вось вам рука! — Фядос даў руку,
І ў тым агульным шуму-гуку
Зачаўся торг, пайшлі бажыцца,
Ў жаданьні шчырым падружыцца,
Каб потым, далей, пры спатканьні
Ня мець ніякіх нараканьняў.
— Дык так: тры тысячы, Фядосе! —
Той пальцам шоргае па носе,
Мінуту мысьліць, разважае.
Мінута важная, цяжкая.
І ціха, ціха стала ў хаце.
— Няхай так будзе, пане браце! —
Гукнуў Хадыка канчаткова.
Яны рукамі крэпяць слова,
Антось ім рукі разьнімае.
— Няхай-жа бог нам памагае!
— Панамі будзеце, панамі,
Ядзяць вас мухі з камарамі! —