Новы Багдановіч. (Літэратурны нарыс)
Аўтар: Макар Краўцоў
1926
Крыніца: Сялянская ніва : газэта. — Вільня: Орган Беларускага Сялянскага Саюзу, 17 студзеня 1926. — № 2. — С. 2, 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуская літаратура адраджэнскага пэрыяду мае надта-ж невялічкі гурток песьняроў чыстае красы творачых у імя прынцыпу „Мастацтва для Мастацтва”, якія, хоць і не здабылі покуль што належнае пашыранасьці сярод беларускай чытаючай публікі, дзеля нястачы інтэлігенцыі, якую выключна і могуць цікавіць гэткія творы, але ў вачох гісторыка літаратуры маюць першараднае значэньне і з’яўляюцца тым ласьне элемэнтам, якім найбольш можам заімпанаваць чужаком у краіне літаратуры.

Вось-жа гэная група паэтаў-індывідуалістаў складаецца, з большаго, з гэткіх асоб: Максім Багдановіч, Канстанцыя Буйло; ды пазьнейшыя за іх: Натальля Арсеньнева, Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка і, часткава, Казімір Сваяк.

Але ня поўная дзявочага хараства эротыка К. Буйло, ні на‘т сільныя імпрэсыі Н. Арсеньневай, не кажучы ўжо аб іншых, ня могуць усё-такі раўняцца з творчасьцяй валадара Беларускага Слова і Формы, Мастака Філёзафа Максіма Багдановіча, найвялікшага, побач з Купалай, песьняра зямлі беларускай. Дзеля таго перадчасная сьмерць М. Багдановіча († 1917 г.) была ўдвайне балючай для беларускага народу і літаратуры, бо-ж ня толькі згінула перад часам гэніяльная адзінка, але і ня відаць было таго, хто-б мог замяніць гэнага адзінага прадстаўніка вышэйазначанага літаратурнага кірунку.

І вось нядаўна толькі доўгачаканы духоўны наступнік М. Багдановіча, які-б быў дастойны ўзяць у спадчыне па ім ягоную зачарованую Ліру—знайшоўся-т‘кі наканец!...

З’яўляецца ім ніхто іншы, як толькі ўспамянуты тут ужо раз—Уладзімір Жылка, малады беларускі пясьняр, пражываючы цяперака ў Празе чэскай, аўтор двух зборнічкаў паэзыі: „Уяўленьне” і „На ростані”, друкаваных у Вільні. Кажам „знайшоўся нядаўна” таму, што хоць першы ягоны зборнік з’явіўся яшчэ ў 1923 г., але падставы дзеля гэткага вываду даў нам толькі другі зборнік яго „На ростані”, выпушчаны ў канцы 1924 году.

І сапраўды, калі мы ў 1923 г. прачытвалі ягонае „Уяўленьне”, поўнае ўсходняга футурызму, экстравагантных зваротаў і форм, ды-й моцных сацыяльных і рэвалюцыйных нотак, якоеколечы шуканьне аналёгій паміж гэнымі вершамі і творчасьцяй Багдановіча на‘т ня прыходзіла нам у голаў.

Гэта ня значыць аднак-жа, каб мы ў гэным творы з моцна выступаючымі ўплывамі расейскага модэрнізму, творы ў беларускай літэратуры найбольш збліжаным да „Беларусі” Л. Родзевіча, не знаходзілі праяў таленту, ці мамэнтаў хараства.

Наадварот — мы іх бачылі шмат у гэнай адметнай, арыгінальнай кніжцы, якую з зацікаўленьнем і прыемнасьцю прачыталі, але, ня гледзячы на ўсё вышэйказанае, гэны скок у імглу футурызму, трэба прызнаць толькі няўдалым першым крокам пачынаючага песьняра на шляху літэратуры.

Але быцьцё яго ў Празе не застаецца без рэзультаў; заходнія ўплывы перамагаюць у ягонай душы—усходнія, у выніку чаго ў другім яго зборніку пад назовам „На ростані" бачым, побач з памяркованым модэрнізмам, выразны зварот да клясычных, акадэміцкіх формаў творчасьці.

І тут чуваць расейскія ўплывы, але побач з імі знаходзім і невялічкі ўплыў польскае літэратуры і захопленьне творчасьцяй нябошчыка М. Багдановіча, якога ён відаць бярэ сабе за ўзор, знайшоўшы ў ім родную сабе духовую арганізацыю.

Ужо пасьля прачытаньня першых толькі вершаў гэтага новага зборніка, прыходзе ў голаў радасная думка: „Ды гэта-ж зусім Багдановіч... Маем доўгачаканага наступніка... Маем новага Багдановіча!”

З кожным новым вершам гэта праконаньне расьце і гэтакае, усьцяж нарастаючае, пачуцьцё, не пакідае ўжо чытача ажно да самага канца кніжкі.

Чуецца неяк, што аўтор з бездарожжаў „Уяўленьня”, натрапіў урэшце на верную пуцявіну творчае працы.

Аўтор стае прад намі ў зусім новай, нечаканай пастаці.

Прыгдедзімся-ж крыху бліжэй да вершаў гэнага новага зборніка.

Змест ягоны ўмела падзелены на 4 аддзелы: 1) патрыатычны — „Бацькаўшчына”, 2) прырода-апісальны — “З палеткаў і лясоў”, 3) любоўны—„Спатканьне з Эросам" і 4) імпрэсыальна-рэфлексыйны — „Думы і настроі".

Шануючы, неад’ёмнае права кожнага песьняра да гэтак званых „паэтыцкіх вольнасьцяў", мы ня будзем, падобна нікаторым нашым крытыкам, чапляцца да кожнае формы і канчатку, дакараючы аўтору слоўнікам Насовіча ці якім Правапісам.

Пакідаючы гэткую тонкую „эрудыцыю" іншым, мы ня будзем затрымлівацца на драбніцах і няўхільных у кожным творы хібак, а толькі агледзім з роскашай і захапленьнем гэную сьвятыню зачарованага хараства, якой з‘яўляецца для нас зборнік „На ростані”. Зборнік гэны гэткі невялікі, а вершы ў ім гэткія прыгожыя, што надта-ж трудна адзначыць лепшыя з іх, аднак-жа спрабуем зрабіць хоць з большага гэткую адборку.

У 1-шым аддзеле п. н. „Бацькаўшчына” найбольш увагі зьвяртае верш п.н. „Беларусь", поўны балючага пачуцьця і размаху, высока-мастацкі ў зваротах і форме.

З вершаў І-га аддзелу, адзначым яшчэ верш “Палімпсэст”, як выразны доказ моцных уплываў М. Багдановіча, і поўны імпэту і шырокага палёту “Віхор”.

У аддз. ІІ-гім п. н. „З палеткаў і лясоў" маем цэлую нізку поўных артызму, прывабных абразоў роднае прыроды ў кожную пару дня і году. Адзначыць тут які верш немагчыма, бо маем дачыненьне з стройнай суцэльнасьцяй. Гэтак сама трудна адзначыць які верш і ў чарговым аддзеле ІІІ-цім „Спаткані з Эросам", падкрысьлім толькі, вынятковую прыгожасьць любоўных настрояў і дум.

Затое ў апошнім аддзеле IV-тым „Думы і настроі” некалькі вершаў прыкоўваюць зразу ўвагу і глыбока западаюць у душу.

Прадусім гэткі маленечкі верш, як „Душа мая тужлівая…", наскрозь суб'ектыўны і нагадываючы музыку сваёй сьпеўнасьцю.

Гэтак-жа цікавы чарговы верш „Нікне ў імгле старана…” поўны сымвалаў і імглістага містыцызму.

Моцна закранае душу і узварушвае поўны сыноўскай любові і тугі ІІ-гі верш “Маёй матулі" (Ты чакаеш сына, ведаю і г. д.). Экспрэсія і сіла пачуцьця ў гэным вершы нязвычайная!

Далей знаходзім поўны далікатнага суму верш да сьмерці „Прытулі, сястра, слабога…" і поўнае начных ценяў і ашалелых дум „Бязсоньне".

У канцы адзначым яшчэ мастацкі пераклад аднаго з “Крымскіх сонэтаў" Міцкевіча п. н. „Акерманскія сьцяпы", не ўступаючы ў сваёй дасканальнасьці гэткім-жа перакладам Купалы. Гэтулькі аб зборніку.

У апошніх яго „Вершах аб Вільні", напісаных сёлета ў Празе, ахвяраваных п. А. Луцкевічу і змешчаных у № 5 „Студэнскай Думкі", — бачым з прыемнасьцю далейшы поступ аўтара ў кірунку намечаным у зборніку „На ростані".

Прыглядаючыся да творчасьці Жылкі лічым, што ягоным заданьнем у беларускай літэратуры ёсьць замена без часу загінуўшага М. Багдановіча, на што ён мае ўсялякія даныя, будучы духова найбольш прыбліжаным да памёршага Маэстро.

У зборніку „На ростані", бачым аграмадны крок уперад у разьвіцьці ягонага таленту. Ён тут не „на ростанях”, а на правільным, здаровым шляху творчасьці і хай ужо з яго ніколі ня сходзе! Маглі-б толькі параіць яму большае знаёмства з польскай літаратурай ды-й чэскай, якія маглі б аслабіць у ім расейскія ўплывы і аблягчыць здабыцьцё незалежнага, асабістага тону, спосабу выражэньня сваіх думак і пачуцьця.

Гэтак сама параілі-б яму заняцца перакладамі, да чаго нас прымушае мастацкі пераклад з Міцкевіча.

Беларускае-ж грамадзянства павінна паклапаціцца аб матэр’ялыіым становішчы і здароўі аўтара, які здаецца :— слабагруды, каб ён меў час і магчымасьць тварыць і каб з ім не здарылася гэткага няшчасьця, як з Багдановічам, што згінуў праз нядбайнасьць на здароўе і благія абставіны жыцьця.

Паздраўляючы ад шчырага сэрца аўтара з дасюлешнімі вынікамі яго паэтыцкай дзейнасьці, заклікаем нашага песьняра да яшчэ жывейшай працы, чакаючы нецерпяліва новых, што-раз то больш цэнных і арыгінальных твораў.

Язэп Сьветазар.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.