Новы год
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ударыў звон. Лягла мяжа. Нябыццем стаў мінулы год.
І летапісец вызначаў яго крывёю і агнём.
Меў шмат надзей, меў гора шмат ты ад яго і наш Народ.
Над Беларуссю ён прайшоў грымотай, бураю, віхром.
А варта нам зірнуць назад на дзіўны сон, вясновы сон,
Што кожнаму свой сказ шаптаў: «Да нас з’явілась Воля-Маць»!
І хутка-хутка праняслась, як птушак спеў, як гусляў звон…
І хутка-хутка праняслась. Мы не маглі яе стрымаць…
У чым наш грэх? Абмылка дзе? Чаму апутала нас сець?
Бо, быўшы доўга ў цемнаце, нас асляпіла сонца бель.
Як зданне цёмнае начы, на промень сталі мы глядзець,
І несвядомых абхапіў няўстрыманы і буйны хмель…
А Новы Год нам суліць шмат і новых дзей і новы лёс.
Ярмо навольнікаў-рабоў мы кінем ў процьму, у ватхлань
І жыцце новае пачном. І згіне жудасны хаос.
Будзь сам сабою, Беларус, на Новы Год на сонца глянь!
І не чакай ты ад чужых сабе падмогі, селянін!
Ты сам будуй на Новы Год палацы светлыя свае!
На роднай мове запяеш ты сярод ніў, сярод раўнін,
І закрасуюць на ўвесь свет палі багатыя твае!