Новы падзел Беларусі
Новы падзел Беларусі Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 87-88 |
В. Л-скі.
Новы падзел Беларусі.
За апошніх некалькі гадоў ўжо трэйці раз дзеляць Беларусь. Дзялілі Камуністы з Немцамі і Украінцамі ў Бярэсьці, ў 1918 гаду, Дзяліла Савецкая ўлада з Палякамі ў Рызе, а цяпер, ў Межах С.С.С. нанова падзялілі сьвятарныя рызы нашай многапакутнай Бацькаўшчыны. На гэты раз падзел зроблены рукамі Комуністычнага III інтэрнаціяналу! Падзел зроблены, як ніводзін дагэтуль, бо пад відам надзвычайнага „дабрадзейства“, пад крык захвату камуністычнай партыі аб небывалай, небачанай „справядлівасьці“ да беларускага працоўнага народу!
Паводле пастановы Усерасійскага Цэнт. Выканаўчага Камітэту „Незалежнай“ Беларускай Соціялістычнай Савецкай Рэспубліцы перададзены:
1. Са складу Вітабскай губэрні па межах старога адміністраційнага падзелу паветы: Вітабскі, Гарадокскі, Дрысенскі, Лепэльскі, Аршанскі, Полацкі, Сенінскі, Суражскі.
2. Са складу Гомельскай губэрні паветы: Магілёўскі, Рагачэўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і воласьці: Дзярновіцкая, Мухаедаўская, Нараўлянская, Дудзіцкая са ст. Калінковічы. Крукавіцкая, часьцю Савіцкая, Даманавіцкая, Карпавіцкая цалком; і часткі валасьцей: Аўцюцевіцкай і Якіма-Слабодзкай па межак вёсак: Баравікі, Шапейкі, Какуёвічы, Аляксандраўка, Малыя Аўцюцевічы і вёска Домарка.
3. Са складу Смаленскай губэрні: Горацкі павет поўнасьцю і воласьці: Шамоўская, Старасельская, Казімірава-Слабодзкая і часткі Боханскай, Асьлянскай і Сосенскай Мсьціслаўскага павету з гор. Мсьціславам.
Пасьля далучэньня гэтых акраўкаў Беларусі да Меншчыны, ў Сав. Беларусі будзе цяпер 3.800.000 жыхарства. Іначай кажучы Маскоўшчына падзялілася з Менскам беларускімі землямі папалам: з палавіны зямель, што пад яе абладай, утворана „незалежная“ Беларусь, а другую палавіну загарнулі сабе, на русыфікацію.
Са складу Вітабскай губэрні атарваны да Маскоўшчыны тры паветы з пераважаючым беларуска-крыўскім жыхарствам:
|
Са складу б. Магілеўскай губэрні[1] атарвана да Маскоўшчыны 2 паветы:
|
З Чарнігаўшчыны далучана да Беларусі некалькі валасьцей суражскага павету, а рэшта большая-ж часьць гэтага павету; і, цалком, 5 іншых паветаў адарваны ад Беларусі:
|
З быўшай Смаленшчыны (паводле даваеннага адміністратыўнага дзяленьня) не далучана да Беларусі ні аднаго цантымэтра. Гутарка аб далучэньні часьці Смаленшчыны абаперта на тым, што па раскасаваньню Магілеўскай губэрні, бальшавікі дакінуўшы былі да Смаленшчыны часьць Магілеўшчыны (паветы Горацкі і Мсціслаўскі) цяпер гэту часьць (2 паветы), і тые не цалком, (б. часьць Мсьціслаўшчыны не ўвайшла) аддалі Беларусі. Гэткім чынам са Смаленшчыны анэктавана 7 паветаў:
|
Акром таго яшчэ Рэчыцкі павет Меншчыны (бяз трох валасьцей — Дамавіцкай, Савіцкай і Нараўлянскай):
Абшарам 6.250 кв. в., з жыхарствам 180,5.
Агулам анэктавана абшару — 74.240,1. кв. вёрст.
З жыхарствам на гэтым абшары ў — 3,326,1 душ.
Гэта паводле самага скромнага, прыблізнага, падрахунку; а палічыўшы паветы Бранскай, Тверскай і адарваныя часьці паветаў тут не палічаных, будзе каля 90—100.000 кв. в., і звыж. 4.000.000 жыхарства. Гэта знача столькі-ж сколькі забрала і Польшча.
Паднявольная менская прэса аб гэтай крыўдзе маўчыць, наадворот кураць там кадзілы і пяюць гімны панскай ласкавасьці трэцьцяга інтэрнаціяналу. Мы аднак няможам далучыць свайго голасу, да гэных хваласьпеваў, бо жаль нам сьціскае душу і на вусны ціснуцца словы абураньня. Гэты ганебны, новы падзел нашай дарагой Бацькаўшчыны, на раўне з Рыжскім падзелам, выклікае ў нас пратэст, тым больш што ён падаецца нам ў форме нейкай вышэйшай чырвонай справядлівасьці.
Правечна беларуска-крыўскія землі могуць быць вырваны ў Беларускага Народу толькі разам з яго душой!
- ↑ Бярэм тут за падставу дзеля яснасьці, даваеннае адміністратыўнае дзяленьне, а не цяперашняе бальшавіцкае; і статыстыку — паводле данных Статыст. Камітэту з 1914 г.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.