Нудная гісторыя (1931)/Прадмова

Прадмова
Крытыка

1931 год
Нудная гісторыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ПРАДМОВА

Творчасьць Антона Паўлавіча Чэхава (1860–1904) надзвычайна багатая і разнастайная сваім зьместам. Лік напісаных ім твораў даходзіць да 600.

Гэтулькі сама прыблізна і тэм закранута ім у сваіх творах. І дзіва няма, што іх вельмі цяжка за адзін раз разгледзіць усе.

Але усё-ж, ня гледзячы на гэта, пры разгляданьні літаратурнае спадчыны, што пакінуў нам Чэхаў, можна устанавіць некаторы пэўны шлях, як зьбіралася гэтая спадчына ды разьвівалася чэхаўская творчасьць, што мяняла свае адценьні і зьмест разам з разьвіцьцём сьветапогляду самога творцы.

Пачатак гэтага шляху ідзе ад студэнцкіх гадоў, калі ня лічыць яго раньніх, вучнёўскіх спроб, што ён сам потым і не друкаваў.

Унук прыгоннага селяніна, што адкупіўся на волю ад свайго пана Чарткова, сын дробнага таганрогскага гандляра, Чэхаў нарадзіўся, рос, выхоўваўся і вучыўся ў дробнабуржуазным, мяшчанскім асяродзьдзі. Яно сваім укладам і зрабіла на яго моцны ўплыў. Пра сваё дзяцінства ён заўсёды ўспамінаў з вельмі цяжкім пачуцьцём. Ён павінен быў раніцою хадзіць у гімназію, а ўвечары гандляваць у краме, дапамагаць бацьку. Бацька-ж быў чалавек даволі суровы ў сваёй сям’і, спрыцен да біцьця. Яшчэ малады Чэхаў павінен быў у сьвяточныя дні быць за пеўчага ў царкоўнай імшы, а вярнуўшыся з царквы правіць тую самую імшу і дома. Даводзілася слухаць настаўленьні старэйшых аб прыстойнасьці, аб тым, што «капейка рубель беражэ», і г. д. і г. д. «З маленства ў мяне ня было дзяцінства», — ня раз казаў Чэхаў, будучы ўжо сталым чалавекам.

А потым надышло ня лепшае юнацтва.

Абанкрутаваная сям’я пераехала ў Маскву, дзе бацька спадзяваўся знайсьці сабе заработкі. Сам Чэхаў павінен быў да часу астацца ў Таганрозе, каб скончыць курс навучаньня ў гімназіі, павінен быў жыць самастойна з працы рук, а пасьля, калі ён таксама пераехаў у Маскву і паступіў ва унівэрсытэт на медыцынскі факультат, яму трэба было ня толькі сябе, але і сям’ю прахаваць. Вот тады, шукаючы заработку, ён і ўзяўся за літаратурную працу, ды займаўся ёю і потым, скончыўшы унівэрсытэт, ужо будучы доктарам, аж да самае сьмерці і такім чынам зрабіўся профэсыяналам-літаратарам. Гэтымі фактарамі — пачатковым выхаваньнем у асяродзьдзі провінцыяльнага мяшчанства, паходжаньнем яго ад клясы дробнае буржуазіі і пераходам яго ў асяродзьдзе інтэлігенцыі — і вызначаецца ход разьвіцьця ягонае творчасьці.

Цікава, што цяжкія ўмовы дзяцінства і юнацтва не загубілі вясёлага, жыцьцярадаснага настрою Чэхава. І гімназістым старэйшых клясаў і студэнтам унівэрсытету — ён быў здаровым, бадзёрым, жыцьцярадасным юнаком з бяздонным запасам такога-ж бадзёрага, жыцьцярадаснага сьмеху. Пэрыод «бяздумнага сьмеху» —— так ільга было-б назваць гэты час жыцьця творчасьці Чэхава.

Зазнаўшы ўдачу з першым сваім літаратурным творам — «Ліст данскога пана да вучонага суседа», — што быў надрукаваны ў гумарыстычнай часопісі «Стрекоза», Чэхаў хутка робіцца сталым супрацоўнікам цэлага шэрагу такіх часопісаў і пасылае ў іх адно за адным свае маленькія апавяданьні, што вызначаюцца здаровым, бадзёрым сьмехам. Варта толькі прыгадаць такія з іх, як «Хірургія», «Конская фамілія», «Дачка Альбіёну», «У лазьні», каб добра сабе ўявіць, што гэта былі за апавяданьні.

Як яны пісаліся, пра гэта апавядае нам і сам Чэхаў.

«Даўней я, бывала, пісаў, як птушка пяе. Сяджу і пішу. Ня думаю, як і пра што. Само пісалася. Я мог пісаць калі хочаш. Напісаць нарыс, апавяданьне, сцэнку мне была невялікая праца. Я так, як маладое цяля або жарабя, выпушчаны на вольны і сьветлы прастор, скакаў, лётаў, брыкаўся, махаў хвастом, матаў сьмешна галавою. Сьмяяўся сам, сьмяшыў таго, хто быў навакол мяне. Я браў жыцьцё і, ня доўга думаючы над ім, трос яго туды-сюды. Шчыпаў яго, казытаў, хапаў за бакі, тыкаў пальцамі ў бакі, пад грудзі, ляпаў па жываце. Было самому весела і з боку, напэўна, сьмешна выходзіла. Я сам час-часом бяру цяпер даўнейшыя апавяданьні, чытаю і дужа сьмяюся. Думаю: «вось як пісаў».

Так было гады тры-чатыры.

Але з другое паловы васьмідзесятых гадоў, крыху пад уплывам натуральнага росту асобы, крыху пад уплывам людзей, што ўжо ўбачылі ў ім будучага вялікага пісьменьніка, як, напрыклад, старога літаратара Д. В. Грыгаровіча, а сама больш пад уплывам нязвычайна панурага характару тагачаснае эпохі, настрой Чэхава і як чалавека наогул і як поэты рэзка мяняецца.

Поўны разгром рэволюцыйнае і нават проста лібэральнае грамадзкасьці, распад дваранства, упадніцтва інтэлігенцыі, малюнак поўнага зьбядненьня цёмнага, някультурнага, бяспраўнага сялянства, прагавітае драпежніцтва ў асяродзьдзі буржуазіі і, што панаваў над усім гэтым, дух дробнае, нікчэмнае абыватальшчыны, дух мяшчанства — не маглі не пакласьці свой сьлед на асобу і на творчасьць Чэхава.

Ад ягоных твораў гэтага пэрыоду тхне ня толькі глыбокай сур’ёзнасьцю, але тхне такою тугою, яны прасякнуты такім пачуцьцём бязвыходнасьці, бязуцешнасьці, што, менавіта, азнаёміўшыся з імі, у часткі крытыкі склалася думка, што Чэхаў — поэта- пэсымісты.

І захапленьне яго ў гэты час талстоўствам, з адмаўленьнем навукі, мастацтва, культуры — усяго таго, што мы называем прогрэсам, захапленьне тэорыяй «малых спраў» як быццам сьцьвярджае правільнасьць гэтае думкі.

Толькі дзевяностыя і дзевяцісотыя гады маглі, ды і то яшчэ не ва ўсіх, парушыць гэту рэпутацыю. У гэтыя гады пад уплывам зьмены соцыяльных умоў жыцьця, ажыўленьня гандлёва-прамысловага жыцьця краіны, узмацненьня буржуазіі, тае клясы, з якой паходзіць і сам Чэхаў, і ўзмацненьня ў сувязі з гэтым лібэральна-дэмократычнага настрою сярод інтэлігенцыі, пачынаюць зьяўляцца бадзёрыя ноткі. І яны што далей, то ўсё мацней пачынаюць гучэць.

Смутку і цяпер яшчэ шмат у тым, што выходзіць з-пад пяра Чэхава. Калі ён гаворыць пра дваранства і пра інтэлігенцыю, мы зноў бачым даўнейшага Чэхава, нават яшчэ больш рэзка і адмоўна настроенага. Але ужо іначай малюе ён буржуазію цяпер, зьвязваючы, як відаць, з ёю свае надзеі на будучыню; пачынае глыбока верыць у тое, што жыцьцё палепшае, палепшае хутка, ледзь не сягоньня-заўтра, і нават пэўна паказвае, хто-ж, паягонаму, дасьць краіне гэту лепшую будучыню. «Я веру ў паасобных людзей, — піша ён у 1898 г., — я бачу ратунак у паасобных людзях, раскіданых у Расіі усюды, — інтэгіленты яны, або мужыкі, — у іх сіла, хоць іх і мала».

Гэты погляд Чэхава, што зьвязвае ўсе яго надзеі на будучыню ня з клясавым змаганьнем, а з асобным чалавекам, як ня трэба лепш характарызуе яго, як інтэлігента з ліберальна-буржуазнага лягеру. Гэтакага мы і ведаем Чэхава ў апошнім фармаваньні ягонае ідэолёгіі, ягонага сьветапогляду.

Пэрыод «бяздумнага сьмеху», пэрыод інтэлігенцкае тугі і смутку і пэрыод абуджэньня бадзёрых поглядаў, сьветлых надзей з духам інтэлігенцкага-ж лібэральна-буржуазнага дэмократызму, што, вядома, абумоўліваўся ягонай клясавай псыхолёгіяй, — вось той шлях, што прайшоў Чэхаў у гісторыі разьвіцьця сваёй ідэолёгіі і, у сувязі з гэтым, сваёй творчасьці, шлях, вызначаны намі, вядома, у самых грубых і схэматычных асадках.

Творы, зьмешчаныя ў гэтым зборніку, паводле іхнага характару і паводле часу іх стварэньня трэба аднесьці да другога з гэтых пэрыодаў, а яшчэ лелш іх зьмясьціць на мяжы паміж другім і трэцім пэрыодамі.

Сам Чэхаў толькі адно з гэтых апавяданьняў назваў «Нуднаю гісторыяй», але, чытаючы іх, вельмі лёгка пераканацца, што гэтая назва адпавядае ўсім ім.

Але-ж разуменьне «нуда» ў гэтым выпадку, будзе бадай занадта мяккім. Бяскрайным сумам, нечым беспрасьветным і бязвыхадным вее ад таго жыцьця, што паказана ў гэтых апавяданьнях.

Стары профэсар у «Нуднай гісторыі» дайшоў вялікай навукі ў сваёй спэцыяльнасьці, мэдыцыне, мае найвялікшы аўторытэт у сваіх таварышоў, што разам працуюць, і ў слухачоў-студэнтаў, узнагароджаны гэткаю безьліччу ордэнаў, што яго, жартуючы, завуць іканастасам. Тады як ён, калі стрэне жывое, а ня кніжнае пытаньне, дык ня можа нічога зрабіць, як самае малое дзіця. Яго выхаванка Кася, што ня хоча ісьці працяробленаю сьцежкаю, шукае свайго шляху ў жыцьці, просіць у яго дапамогі. «Дапамажэце! — наўзрыд плакала яна… — Вы-ж мой бацька, мой адзіны сябра! Вы разумны, адукаваны, доўга жылі. Вы былі настаўнікам! Кажэце-ж: што мне рабіць?» А разумны, адукаваны настаўнік, сябра, бацька толькі разводзіць рукамі: «Дапраўды, Кася, ня ведаю… Давай, Кася, сьнедаць». І гэта «ня ведаю» перарабляе на пустэчу ўсё жыцьцё і самога профэсара. Тады як гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй.

Уражаньне яшчэ большае пустэчы, зьбянтэжанасьці і бездапаможнасьці бывае ў нас тады, калі замест гэтага професара мы спатыкаемся з якою гераіняю з апавяданьня «Княгіня» ці з купцом з апавяданьня «Бяда» ці хлапчуком-гімназістым з апавяданьня «Уладзік».

На сумныя думкі наводзіць княгіня, што эксплёатуе тысячы людзей і разважае пра тое, як яе давядуць да жабрацтва і пакінуць, як усе людзі, колькі іх ёсьць на сьвеце, будуць нападаць на яе, пушчаць плёткі, сьмяяцца, як яна адмовіцца ад сваёй княскае годнасьці, ад раскошы і грамады, пойдзе ў кляштар і нікога ніводным словам ня ўпікне; яна будзе маліцца за ворагаў сваіх, і тады ўсе раптам зразумеюць яе, прыдуць прасіць прабачаньня, але ужо будзе позна…

І калі гэта ўсяго сьмешна, дык ужо ня сьмешнае, а жудаснае ўражаньне пакідае ў чытачоў гісторыя купца Аўдзеева ў апавяданьні «Бяда». Член рэвізыйнае камісіі гарадзкога банку, ён праз сваё невуцтва робіць шмат крымінальных учынкаў, трапляе ў вастрог, робіцца жабраком і ўвесь час ня ведае, чаму ўсё гэта з ім датвараецца, і ўсё чакае «праўдзівага» вырашэньня. Толькі праз паўгода, калі прышлі да яго разьвітвацца жонка і сын Васіль, калі ён у плаксівай, пажабрачай апранутай бабулі ледзь пазнаў сваю некалі сырую і важную Альжбету Трахімаўну, і калі замест гімназічнае вопраткі ўбачыў на сыне куртатую, падзёртую жакетачку і паркалёвыя нагавіцы, — ён зразумеў, што лёс яго ўжо вырашаны і што ўжо якое-б ні было «вырашэньне», яму не вярнуць свайго мінулага. І ён першы раз за увесь час суду і вастрогу сагнаў са свайго твару злосны выгляд і горка заплакаў».

Нарэшце ўжо зусім трагічнае ўражаньне робіць гімназісты Ўладзік у апавяданьні з таею самаю назваю, што ў гады пераломнага ўзросту апынуўся ў самай гушчы мяшчанскае абыватальшчыны і нікчэмнасьці ды скончыў самагубствам.

Уражаньне поўнае бязвыходнасьці — вось што, паўтараем, застаецца ў чытача ад усіх гэтых апавяданьняў, што малююць бясьсільле тых людзей, якіх завалакла багна абыватальшчыны.

Ды іншага ўражаньня ад іх і ня можа застацца, бо і сам аўтар гэтых апавяданьняў, сам Чэхаў быў у гэты час у паласе гэткіх-жа самых безнадзейных, амаль пэсымістычных настрояў, што склаліся ў яго, як мы ужо адзначалі, пад уплывам тагачаснага ліхалецьця.

Выяўляючы гэтыя бытавыя хваробы нашага недалёкага мінулага, паказваючы нам усе болькі абыватальшчыны і ані іх не прыфарбоўваючы, болькі, што могуць нават быць і ў высокакваліфікаваных профэсароў, Чэхаў загэтым мае значэньне ня толькі для мінулага, але і для сучаснасьці.

Паколькі ў нас ня зжыта яшчэ цалкам мяшчанства і абыватальшчына, што часта хаваецца за дабрачыннымі формамі, але ад гэтага не зьмяняе сваёй сутнасьці, дык і цяпер гэтакае самае моцнае абвінаваўчае слова Чэхава.

Таму глыбокую праўду кажа А. В. Луначарскі ў сваёй ацэнцы творчасьці Чэхава: «Мы жывём у значнай мяшчанскай духаце; яна душыць нас і на вёсцы, і ў провінцыі, і ў сталіцы. Яна трымае ў сваіх кіпцях абываталя, яна моцна ўчапілася яшчэ і за рабочага, і пад яе злосным крылом туліцца час-часом прыватнае, сямейнае жыцьцё нават рэволюцыянэраў… Чэхаў- жа змагаўся не у політыцы, дзе перамога здабыта поўная (калі гаварыць у расійскім маштабе), не у экономіцы, дзе перамога з большага таксама здабыта, — ён працаваў у галіне культуры і быту, дзе мы яшчэ вельмі, вельмі мала перамаглі»…

Перамога ў галіне быту — гэта яшчэ справа нашае будучыні, — і ў падрыхтоўцы яе Чэхаву павінна быць дадзена адно з самых адказных і пачэсных месц.

Д. К.