Ну, што-б, здаецца, словы сказ (Шаўчэнка/Глебка)

Ды не дай ты, бог, нікому
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1848
Арыгінальная назва: uk:Кобзарь (1876)/Том 1/Ну що б здавалося
Пераклад: Пятро Глебка
Крыніца: Кабзар - с. 177

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ну што-б, здаецца, словы-сказ?!
Размова, голас—больш нічога!
А сэрца ажывае ўраз,
Як іх пачуе!.. Знаць, ад бога
І голас той, і словы-сказ
Ідуць у людзі!
Я схіліўся,
Не то каб вельмі зажурыўся,
А так на палубе стаяў
І сторч на мора паглядаў,
Нібы на Юду... А з тумана,
Як кажуць, стала выглядаць
Чырвоналіцая Дыяна...
А я ўжо думаў легчы спаць,
Дый стаў, каб глянуць-падзівіцца
На круглы воблік маладзіцы,
Ці праўда—дзеўчыны!.. Матрос,
Такі зямляк наш, з Остраўное,
Ад вахты тое,
Ці так сабе, нудзіўся штось,
Дый заспяваў,—вядома, ціха,
Каб капітан не чуў, бо, ліха,
Якісь благі, хоць і зямляк.
Пяе матрос, як той казак,
Што ў наймах вырас сіратою,
Ідзе служыць у маскалі...
 
Даўно, даўно калісь
Я чуў, як, стаўшы пад вярбою,
Паціху дзеўчына снавала,
І шкода мне малому стала
Таго нябогі-сіраты,
Што ён утаміўся,
На тын пахіліўся,
Людзі кажуць і гавораць:
Мабыць, ён упіўся.
І я заплакаў: так малому
Было мне шкода сіраты.
. . . . . . . . . . . . . . . .
Чаго-ж цяпер заплакаў ты?
Чаго цяпер табе, старому,
Душу ў няволі цісне жаль?—
Што свет завязаны, закрыты,
Што сам ты ёсць цяпер маскаль,
Што сэрца зранена, пабіта,
І што харошае няўзнак
З яго прапала, разлілося?
Што вось як жыці давялося?
Ці так, саколіку?!—Ды так!

Кос-Арал
1848