Нясталасць
Верш
Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч‎
Менск, 11 кастрычніка 1854
Арыгінальная назва: Niestałość
Пераклад: Нічыпар Чарнушэвіч
Крыніца: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў / Акадэмія навук БССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. — 431 с. - с. 352

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Колісь там, у часе даўнім,
Як расказваюць паданні,
Салавейка ў гушчы лісця
Прыгажуні пеў – шчыглісе,
У красу жыцця ўлюбёны.
І дрыжала ў спеве часта
Сэрца ўдзячнае ад шчасця
З нестрыманасцю шалёнай.
І чарга настала ліху,
Пакахаў пясняр шчыгліху.
З таго часу куст быў кожны
Сведкай светлага запалу
Любасці непераможнай.
Песня ўзносіла пахвалы
Чыстаму замілаванню
І бязмежнаму каханню.
Ды нясталая ўлюбёнка –
Як жанчына-ветрагонка! –
Калі ўпэўніцца паспела,
Што сваім прывабным вокам
І прыгожасцю няўрокам
Спевака ў сіло злавіла,
Вось тады і рассудзіла
І прызналася нясмела:
Без жаднюткае прычыны
З сэрцам песняра бязвінным
Яна толькі жартавала.
Гэта з ёй не раз бывала.
З таго часу адзінока
У тузе пясняр галосіць.
І Зефір удаль, шырока
Жаль па свеце той разносіць.