Няхай злуецца Маркс, хай гневаецца Ленін…
Няхай злуецца Маркс, хай гневаецца Ленін… Аўтар: Алесь Мілюць 1935 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 319 |
Няхай злуецца Маркс, хай гневаецца Ленін,
Што мне навукаў іх не даў мой добры геній,
Што не ўспрыняў я іх методу гэту:
Каб гвалтам будаваць парадак новы свету.
Сваё жыццё дабра і праўды радзі,
Так, як Буда, Хрыстос, Талстой ці Гандзі,
Я ўсё аддам служэнню ідэалу,
Але не ў дар крываваму Ваалу...
І поўны я нязломнай цвёрдай веры,
Што блізкі час жаданай новай эры.
Калі зямля крывёй не будзе зліта,
Але любоўю братняю сагрэта...
Дык хай тэрор... хай сёння мучаць болі... —
Я верны сын адной працоўнай долі...
І з века ў век, хоць шмат цярплю пакусаў, —
Я быў, я ёсць і буду беларусам...
30 жніўня 1935 г.
Скорычы