Ня можна маўчаць...

Ня можна маўчаць...
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1931
Крыніца: Луцкевіч А. Ня можна маўчаць... // Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня; Беласток, 2009. С. 416—417. Тэкст друкуецца паводле: БЗвон. 1931. 10 сакавіка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Падзеі ў Савецкай Беларусі прынялі такі характар, што аб іх ня можна забывацца ні на адну мінуту.

Аб тым, што там творыцца, беларускае грамадзянства павінна ведаць нават у самых глухіх куткох нашай Бацькаўшчыны.

Але гэтага яшчэ мала.

Самыя шырокія слаі нашага сялянства і працоўнай інтэлігенцыі мусяць выявіць свой голас у гэтай справе і моцна запратэставаць проці камуністычных зьдзекаў над нашаю культураю і нашаю нацыянальнаю ідэяй.

Пасьля ўсяго таго, што там сталася, павінна быць кожнаму ясна, што камуністычны ўрад Усх. Беларусі ўзышоў на такі шлях, зь якога няма ўжо павароту, выявіўшы зусім выразна сваё запраўднае аблічча ў адносінах да нацыянальнай нашай справы.

Там творацца цяпер такія рэчы, якія рэдка хто мог прадбачыць і якія аканчальна павінны выбіць грунт з–пад ног людзей, пакладаючых свае надзеі на адраджэньне нашага народу, „арыентуючыся“ на камуністычны Менск.

Трэба ведаць, што за камуністычным Менскам стаіць камуністычная Масква, якой Менск падпарадкаваны, а над усім гэтым стаіць Камінтэрн зь яго праграмаю, нічога супольнага ня маючаю з нашымі нацыянальнымі ідэаламі.

Трэба быць такімі людзьмі, як паўцякаўшыя ў Саветы грамадаўцы Мятла, Рак–Міхайлоўскі і іншыя, каб да гэтага часу замыльваць добрым людзям вочы, даводзячы, што, толькі апіраючыся на савецкую ўладу, можна тварыць нейкую беларускую справу.

Былі ўжо такія людзі, якія верылі ў падобныя шляхі, але разам з тым мы ведаем, які сумны лёс іх спаткаў.

Камуністычная ўлада не затрымалася нават перад арыштам выдатных сяброў Камуністычнае партыі, якім быў, напр., праф. Ігнатоўскі, кончыўшы самагубствам у лёхах менскай „чрэзвычайкі“.

Арышт яго можна вытлумачыць толькі тым, што ён, будучы шчырым беларусам, хацеў тварыць беларускую культуру, — і вось гэтая апошняя акалічнасьць і стала прычынаю такой трагічнай разьвязкі, аб якой мы ўжо ведаем з газэтаў.

Усё тое, што там творыцца, яшчэ лішні раз сьцьвярджае правільнасьць нашага пагляду адносна тэй лініі, якую прынялі б. грамадаўцы, апынуўшыся ў Саветах.

Сваей прысутнасьцю там яны ўзмоцнілі антыбеларускі рух і нават прычыняюцца да руйнуючай палітыкі камуністаў адносна ўсяго беларускага.

Гэта акалічнасьць павінна быць яснай для ўсяго нашага грамадзянства, і яно павінна парваць усякую ідэалягічную сувязь з усімі тымі, хто сваім фальшывым крокам здрадзіў беларускай справе. А йначай, як здрадаю, назваць гэтага ня можна. Каб выехаўшыя грамадаўцы былі запраўднымі барацьбітамі за нацыянальныя беларускія ідэалы — яны не ўзмацнялі б варожага нам фронту. Магчыма згадзіцца і з тым, што тут, у межах Польшчы, пры пэўных умовах ім немагчыма было застацца, але гэта яшчэ ня значыць, што было патрэбным выяжджаць у Саветы і падпарадкавацца камуністычнай партыі.

Сьвет шырокі, і можна было выехаць у любы край, які б даў прытулак грамадаўцам як палітычным эмігрантам.

Але яны сьвядома гэтага не зрабілі — і вось цяпер мы іх бачым у тым самым лягеры, які ў такі барбарскі спосаб душыць наш адраджэнскі рух. Гэтыя ўсе факты мы ня можам абыходзіць моўчкі і мусім сьмела праводзіць сваю думку ў самую гушчу нашага народу.

Наступіла пара, калі ён павінен прыступіць да пераацэнкі ўсіх вартасьцяў...