Ня ў нас вясна (1935)

Ня ў нас вясна.
Абразок
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 3 (13) ад 10.V.1935 г., б. 4-5
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ня ў нас вясна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня ў нас вясна.

Вясна. Сонца. Жыцьцё. Радасьць...

Ня ў нас, браты.

Зіма вяковая марозіць нашыя душы. Страшная мяцеліца завявае нашыя палеткі, плюе людзям у вочы.

Людзі... Запужаныя. Не адважываюцца выставіць галавы з хаты. Сядзяць. Выглядаюць пагоды. Чакаюць перамены.

А бура вые, плюе, рагоча. Мароз цісьне...

Чорныя хмары навісьлі над усёй Краінай.

А над запужанымі крывіцкімі хатамі ўецца ў змаганьні дух Беларускае Нацыі. Ён прабуе разагнаць хмары, борацца з мяцеліцай, б‘ецца ў сэрцах прыгнечанага народу, сьвеціць надзеяй у ягонай душы.

— Сонца!

Вясны!

Жыцьця!

Радасьці!—загаласіў у роспачы беларускі народ.

— Ха, ха, ха! — зарагатала цемра:

Просяць?!..

Жабракі!..

Рабы!..

Умеюць толькі плакаць і прасіць!..

Засыпаць іх сьнегам!

Закаваць навекі лёдам няволі!..

Няма месца мляўкасьці цяпер на сьвеце! Засумаваў дух Беларускай Нацыі, убачыўшы ўбогасьць волі свайго народу. Памкнуўся з большым імпэтам па усей Беларускай Краіне. Парываў сэрцы, запаліваў у душах жыцьцёвую бадзёрасьць, дадаваў сілы волі, адвагі і ўканцы вуснамі працоўнага народу загаласіў:

— Далоў страх!..

Выходзьма на родны прастор!..

Мы ж дзеці працоўнай сям‘і — што нам мароз, мяцеліца, хмары?!

Аглядайма свае палеткі!

Расчышчайма дарогі!

Працай і змаганьнем разаб‘ем лёды векавое зімы!

Разгонім хмары!

Змусім сонца сьвяціць нам!

Змусім прыйсьці да нас вясну!

— Ого-го! — загудзеў сівер.

— Ві і-ідзі-іш ты і-іх! — засьвістала мяцеліца:

Ня просяць?!...

Ня плачуць?!..

Ня гнуцца?!..

Япы ужо не жабракі...

Не рабы...

У іх ёсьць моц духа.

Адступаць патроху — загадала зіма: вораг, аказываецца, ёсьць моцным. Прыдзецца зьмякчыць.

Але з боем!

У змаганьні!

Дабравольна нічога!

Такі ёсьць наш і ўсяго сьвету закон...

* * *

Вясна. Сонца. Жыцьцё. Радасьць...

Ня у нас, браты.

У нас—змаганьне за вясну.

У нас—змаганьне за сонца.

У нас—праца для будучага жыцьця.

У нас—сум для будучай радасьці.

Ул. К.