Ня ў нас вясна (1943)

Ня ў нас вясна
Абразок
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1943 год
Крыніца: часопіс «Жыве Беларусь!» (Менск), 1943, № 4-5, кастрычнік-лістапад, б. 21
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ня ў нас вясна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯ У НАС ВЯСНА

Вясна. Сонца. Жыцьцё. Радасьць...

Ня у нас, браты.

Зіма вяковая марозіць нашыя душы.

Страшная мяцеліца завявае нашыя палеткі, плюе людзям у вочы.

Людзі... Запужаныя. Не адважваюцца выставіць галавы з хаты. Сядзяць. Выглядаюць пагоды. Чакаюць перамены.

А бура вые, плюе, рагоча. Мароз цісьне...

Чорныя хмары навісьлі над усёй Краінай.

А над запужанымі крывіцкімі хатамі уецца у змаганьні дух Беларускае Нацыі. Ён пробуе разагнаць хмары, ходацца з мяцеліцай, б’ецца у сэрцах прыгнечанага народу, сьвеціць надзеяй у ягонай душы.

— Сонца!

Вясны!

Жыцьця!

Радасьці!—загаласіў у роспачы Беларускі народ.

— Ха, ха, ха! — зарагатала цемра:

Просяць!...

Жабракі!..

Рабы!...

Умеюць толькі плакаць і прасіць!..

Засыпаць іх сьнегам!

Закаваць навекі лёдам няволі!..

Няма цяпер мейсца мляўкасьці на сьвеце! Засумаваў дух Беларускае Нацыі, убачыўшы убогасьць волі свайго народу. Паймкнуўся з большым імпэтам па усёй Беларускай Краіне. Парываў сэрцы, запальваў у душах жыцьцёвую бадзёрасьць, дадаваў сілы волі, адвагі і урэшце вуснамі працоўнага народу загаласіў:

— Далоў страх!..

Выходзьма на родны прастор!..

Мы-ж дзеці працоўнае сям’і — што нам мароз, мяцеліца, хмары?

Аглядайма свае палеткі!

Рашчышчайма дарогі!

Працай і змаганьнем разаб’ём ляды векавое зімы!

Разгонім хмары!

Змусім сонца сьвяціць нам!

Змусім прыйсьці да нас вясну!

— Ого-го! — загудзеў сівер.

— Ві-і-ідзі-іш ты і-іх! — засьвістала мяцеліца:

Ня просяць?!..

Ня плачуць?!..

Ня гнуцца?!..

Япы ужо не жабракі...

Не рабы...

У іх ёсьць моц духа.

Адступаць патроху — загадала зіма: вораг, аказываецца, моцны. Прыдзецца зьмякчыць.

Але з боем!

У змаганьні!

Дабраахвотна нічога!

Такі наш і усяго сьвету закон...

* * *

Вясна. Сонца. Жыцьцё. Радасьць...

Ня у нас, браты.

У нас — змаганьне за вясну.

У нас — змаганьне за сонца.

У нас — праца для будучага жыцьця.

У нас — сум для будучае радасьці.

Ул. К.