Нёман
санэт
Аўтар: Адам Міцкевіч
28.01.1927
Пераклад: Альбін Стаповіч
Крыніца: Беларуская крыніца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





* * *


Нёман, рэчка майго дому! Дзе воды тыя,

Што я чэрпаў калісьці дзіцячай рукою

І, сэрцу шукаючы майму супакою,

Плыў калісь па табе я ў куткі дзікія?


Тут Лаўра, сабе ў косы наўплятаўшы кветак,

На цень свой прыгожы ў глыбіню глядзела,

А на хвалю той рэчкі мне сляза ляцела

І абраз муціла, дарагі мне гэтак.


Нёман, мая рэчка! Дзе ёсць воды тыя,

А з імі шчасце, надзеі дзеліся куды?

Дзе мілыя, дзіцячыя вяселля гады?


Дзе Лаўра і сябры мае дарагія?

Мінула ўсё, што прынёс мне век малады,

Усё прайшло… Чаму ж не расстаўся з слязьмі я?