Ой, мая галубка, раньняю вясною
Ой, мая галубка, раньняю вясною Верш Аўтар: Аляксандар Алесь Пераклад: Анатоль Зімёнка Крыніца: Полымя 1 1927 |
О. Олесь
Ой, мая галубка, раньняю вясною
Што-ж ты не варкочаш пад маёй страхою
Ой, мая Русалка, з русаю касою,
Што-ж ты не сьпяваеш птушкаю лясною?
І жыцьцё-калыску не калышаш ціха,
Каб навек заціхла маё гора-ліха?
Ўспамінаю ночы у густой алешні,
Салаўіны посвіст на старой чарэшні,
І садок зялёны, і жыта шаўковы,
І музыку нашай залатое мовы!
А цябе як ўспомню — мілую дзяўчыну, —
Ў думках-завірушках, як у лесе гіну…
Ой, мая Русалка, з кроўю ледзяною!
Ой, мая квяцінка, з чыстаю душою!
Ўсё вазьмі, што маю… Ўсё, што сэрца хоча…
Вараці назад мне месячныя ночы,
Сядзь ізноў ў садочку ластаўкай са мною,
Любая Русалка, з русаю касою!
Стануць пахам веяць росныя даліны…
Зноў пальлецца ў душу посьвіст салаўіны…
Ты пачнеш сьпяваці — на струнах іграці,
Сэрца маё будзе млеці-заміраці,
І калі пяшчоты здолець ня стрывае —
Сьмерць сваю, як казку, сьмехам прывітае!
З украінскае
А. Зіміонка