Ой, не вечна...
Ой, не вечна... Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1925 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 13 |
Эх, пакінь, жыццё, даволі!
Чым я вінен прад табой?
Можа, тым, што лепшай долі
Жду збалелаю душой?
Тым, што з гора праклінаю
Я, пакутнае, цябе
І часамі знемагаю
У няроўнай барацьбе?
Мо таму цярпець я мушу,
Што аддаць заўжды гатоў.
Я няскораную душу
За зняволеных братоў?
Дык пакінь, жыццё, даволі!
Ці ж не хопіць гэтых мук,
Ран глыбокіх ад нядолі,
Крыўды горкай і дакук!
Ой, не вечна ж гэтым хмарам
Цемрай дыхаць — да пары!
Згоніць сонца цені з твараў,
Сэрца ласкай азарыць...
1925