Ой, у кусце, у хрусце…

Ой, у кусце, у хрусце…
Песня
Аўтар: Ян Чачот
Крыніца: http://bk.knihi.com/cacot/cacot5.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ой, у кусце, у хрусце
Сядзіць сабе заяц,
Да на гэтую зіму
Нешта сабе баець.

Ой, еў бы цяпер авёс,
Не гэту саломку!
Ой, пад кустам і мужык
Кляў сваю карчомку.

Еў бы цяпер чысты хлеб,
А не пухавінку,
Каб я часта не сядзеў
У паганым шынку.

А бадай ты новая
Карчомка згарэла,
Як мая цераз цябе
Хатанька згалела!

Дзетачкі і жоначка
Без хлеба у тузе;
Волікі і конікі
Топяцца у лузе.

Жыта, авёс і сена
На гарэлку мяняў,
Штоб зімою цвёрда спаў,
На весну прапаў.