Ой вы, думы, мае думы! (Шаўчэнка/Купала)

Ой вы, думы, мае думы!
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1839
Крыніца: Шаўчэнка Т. Вершы, паэмы: Зборнік: Для ст. шк. узросту/ Укл. і аўт. прадм. В. Г. Бехціна. —Мн.: «Асар», 1995. — 336 с.: іл. — (Шк. б-ка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Ой вы, думы, мае думы,
Цяжанька мне з вамі!
Нашто сталі на паперы
Сумнымі радкамі?..
Што вас вецер не развеяў
У стэпу да астатку?
Што вас гора не прыспала,
Як сваё дзіцятка?..

Бо на свет вас беды на смех спарадзілі,
Палівалі слёзы… Што ж не затапілі,
Не вынеслі ў мора, не размылі ў полі?..
Не пыталі б людзі, што ў мяне баліць?
Не пыталі б, за што правлінаю долю,
Чаму мне маркотна? «Нечага рабіць!» —
На смех не сказалі б…

Кветкі мае, дзеці!
Нашто ж я кахаў вас, нашто даглядаў?
Ці заплача сэрца адно на ўсім свеце,
Як я з вамі плакаў?.. Можа, і ўгадаў…
Можа, знойдзецца дзявоча
Сэрца, кары вочы,
Што над думамі заплачуць —
Большага не хочу…
Адну слёзку з вачэй карых —
І… пан над панамі!..

Ой вы, думы, мае думы,
Цяжанька мне з вамі!..

За карыя вачаняты,
За чорныя бровы
Сэрца млела, смяялася,
Вылівала мову;
Вылівала як умела,
За цёмныя ночы,
За вішнёвы сад зялёны,
За ласкі дзявочы…
За стэп буйны, за магілы,
Што на Украіне,
Сэрца млела, не хацела
Спяваць на чужыне…
Не хацела ў снезе, у лесе
Казакоў грамаду
З булавамі, з бунчукамі
Збіраць на параду…
Няхай душы казацкія
На Ўкрайне лунаюць —
Там шырока, там вясёла
Ад краю да краю…
Нібы воля, што мінула,
Днепр шырокі — мора,
Стэп і стэп, равуць парогі,
І магілы — горы.
Там радзілася, гуляла
Казацкая воля;
Там татарамі ды шляхтай
Засявала поле,
Засявала поле трупам,
Пакуль не астыла…
Спачыць легла… А тым часам
Вырасла магіла,
А над ёю арол чорны
Сторажам лятае,
І аб ёй жа людзям добрым
Кабзары спяваюць.
Што тварылася, спяваюць
Сляпцы-небаракі, —
БО кемлівы… А я… а я
Толькі ўмею плакаць,
Толькі слёзы за Ўкраіну…
А слова — няма ўжо…
А за гора… Ды цур яму!
Хто яго не знаў жа!..
А надта той, хто глядзіцца
На людзей душою, —
Пекла яму ў гэтым свеце,
А на тым…

Журбою
Не наклічу сабе долі,
Калі так не маю.
Няхай злыдні жывуць тры дні —
Я іх захаваю,
Захаваю змяю люту
Каля свайго сэрца,
Каб і вораг не пабачыў,
Як гора смяецца…
Няхай думка, як груган той,
Лётае ды крача,
А сэрцайка салавейкам
Шчабеча ды плача
Цішком — людзі не пабачаць,
То й не засмяюцца…
Не ўцірайце ж мае слёзы —
Няхай сабе льюцца,
Хай чужое паліваюць
Поле днём і ночай,
Пакуль поп той не засыпле
Чужым пяском вочы…
Вось яно як…
А рабіць што?
Журба не паможа.
Хто ж зайздросціць сіраціне,
Карай таго, божа!

Ой вы, думы, мае думы,
Кветкі мае, дзеці!
Гадаваў вас, даглядаў вас,
Дзе ж мне вас падзеці?
На Ўкраіну йдзеце, думы! —
На нашу Ўкраіну,
Пад платамі, сіратамі,
А я — тут загіну.
З сэрцам стрэнецеся шчырым
І з словам ласкавым,
Там вы знойдзеце і праўду,
А йшчэ, можа, й славу…

Прывітай жа, мая маці!
Мая Украіна!
Маіх дзетак неразумных,
Як роднага сына!

(С.-Пецярбург, 1839)