Пабеда Петлюры (кірыліца)

Пабеда Петлюры
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918 год
Крыніца: Часопіс «Гоман» (Вільня), 1918, № 97 (293), 10 сьнежня, б. 2
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пабеда Петлюры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пабеда Петлюры.

Ужо некалькі тыдняў таму назад на Украіне узьнялася вострая аружная барацьба між украінскім народам і гэтманскім урадам.

Гэтман Украіны, Скоропадскій, як вядома, захапіў у свае рукі ўласьць гвалтам—з благаслаўленства старога нямецкага правіцельства. Зусім чужы ўкраінскаму народу, гэты маскоўскі генарал зраду-ж павёў палітыку абмаскоўленьня Украіны і звароту яе ізноў пад панаваньне „ядынай, недзялімай“ Расеі. Дзеля гэнае мэты ён згаварыўся з начальнікамі, расейскіх дабравольчаскіх армій—Краснова, Дэнікіна і інш., каб разам з імі пачаць паход у Маскву—проці большэвікоў і пасадзіць тамака на пасад новага цара.

Супроць гэтага падняўся ўвесь украінскі народ. Украінскі Нацыанальны Саюз, у каторым злучыліся ўсе шчырыя ўкраінскія дэмакраты, апавесьціў на ўвесь край, што ніводзін украінец не павінен мяшацца ў унутраныя справы Маскоўшчыны. Усе ўкраінскія сілы павінны быць аддадзены на будаваньне незалежнай Ўкраінскай Народнай Распублікі—без ніякіх цароў і гэтманаў. І вось на Ўкраіне ўзьнялося паўстаньне проці гэтманскай ўласьці пад камандай вядомага ўкраінскага рэвалюцыянера Петлюры.

З ўсіх канцоў краю паплылі грамады шчырых сыноў Украіны да арміі Петлюры. З кожным днем расьлі сілы рэвалюцыанераў. кіруючыся на сталіцу Ўкраіны—Кіеў. Дарма саюзьніцкія дзяржавы палохалі іх, што захват Кіева войскам Пэтлюры яны лічуць выступленьнем проці саюзьнікаў: нішто не магло супакоіць гневу народнага. Пасьля чысьленых бітв „петлюраўцы“ падыйшлі да Кіева.

9 сьнежня ў Вільню прышла радасная вестка: войскі Петлюры здабылі Кіеў штурмам, гэтманскія найміты паддаліся ім. У палон узята 10.00 салдатаў і 900 афіцэраў.

Вітаючы гэту пабеду ўкраінскага народу над панаваньнем Маскоўшчыны, мы бачым у ей прадвесьніка пабеды вялікай і сьвятой ідэі незалежнасьці Украіны. Але барацьба яшчэ ня скончнлася: яшчэ стаяць на Украіне варожыя сілы пад камандай Денікіна і іншых маскоўскіх генаралаў, якія маняцца ад Ўкраіны пачаць адбудову старой самадзяржаўнай Расеі. І мы жычым украінскаму народу сілы і энэргіі ў змаганьні з гэтымі чужакамі, бо пабеда ідэі незалежнасьці на Украіне—гэта пабеда яе і на Беларусі, і на ўсіх тых землях, якія ў часе сусьветнае вайны і рэвалюцыі выаваліліся з-пад маскоўскага панаваньня.

І. Мелешка.