Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову

Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2, ліпень 1923 г., б. 24-27

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пагляд расійскіх вучоных на беларускую мову.

Прафэсар Карскі у закончаньні сваей, цяпер ужо в. рэдкай кнігі. „Обзор звуковъ и формъ бѣлорусской рѣчи“. (М. 1885 г.), прыводзіць рад высказаў расійскіх вучоных аб беларускай мове. Ен кажа што рожнае месца, давалі рожныя вучоныя беларускай мове. Адны лічылі яе дыялектам мовы вялікарускай, другія—дыялектам украінскім, і ўрэшце трэція прызнавалі яе такой самай самаістай мовай, як мовы вялікаруская і украінская.

Потебня у нарысе „Два досьледы“ і Срезневскі ў „Мысьлях“ даводзілі, што ў беларускай мове німа ніводнай згукавой рысы, якая бы не паўтаралася, хоць дзе-небудзь у Вялікаросыі.

На гэта адпавядае праф. Карскі, ў вышэй памянёнай кнізе, што:—Ведама запазычаньні пры зносінах аднаго народу з другім бываюць, іх нельга пярэчыць і для Беларускага племя. (Гэтак напр. саўсім пэўна, што утрыманьне ді і ті на поўначы Беларусі трэба тлумачыць вялікарускімі ўплывамі, якія ідуць ад стараны Пскова, Ноўгарада, Твэры і што гэтымі ж ўплывамі тлумачыцца паяўленьне нязвычайнай для Беларусаў замены ч цераз ц і г. п. зьявішчы, але яны ня могуць быць такімі, каб налажыць сваё таўро на ўсю мову народу, на ўсе яго асобнасьці. Прышчэпленьне тых ці другіх рысаў магчыма толькі пры велмі доўгім ўплыве, чаго нельга сказаць датычна ўплыву Палуднёва Вялікарусаў на Беларусаў.

Беларусы выдзеліліся з агульнарускага жыцьця яшчэ ў канцы XII ст., дык магчыма яшчэ да падзелу рускай мовы на дыалекты. Далейшая гісторыя беларускага племя выключала магчымасьць крэпкага ўплыву вялікарускай мовы.

Умысловая Беларусь сьпярша была пакінута сама сабе, пасьля падлягала кіеўскім ўплывам, ўрэшце-рэшт утвараецца больш цесная сувязь з Вялікарасіяй, але і цяпер рух быў не адцэнгральны, так што палуднёва-вялікарускі дыалект тады яшчэ толькі складаўся, калі немаль усе асобнасьці беларускай мовы былі ўжо замацаваўшыміся (г. зн. у XIII—XIV ст.); так што тут мы бачым нават хронолёгічную нетасоўнасьць. Калі прыняць пад увагу калёнізацыйны рух беларусаў на абшары Вялікаросыі, то гэту сходнасьць беларускага з вялікарускім, запраўды прыдзецца тлумачыць запазычаньнем, толькі—запазычалі не беларусы ў вялікарусаў, а наадварот. Так што лепей-бы сказаць—не беларусы галіна вялікарусаў, а акурат наадварот. Зрэшта гэта сходнасьць, заўважым тут, далёка ня поўная, можа быць тлумачана саўсім іначай. У ёй можна бачыць толькі прыпадковасьць, зьявіўшуюся вынікам аднастайных прычын. Падобныя прыпадковасьці часта бываюць і ў такіх мовах, у якіх аб запазычаньні ня можа быць гутаркі. Возьмем для прыкладу беларускае у з в і л і падобнае-ж ў словацкай або палабскай мове! Або беларускае цьвёрдае р і падобнае ж у сэрбскім; або украінскае г падабнае-ж г ў чэскім! Няўжо ж гэты мовы запазычалі памянёныя асобнасьці адны У другіх? Можна бы назваць і многа другіх рысаў сходнасьці з самых рознаякіх моваў, дзе гаварыць аб запазычаньні німа ніякай падставы. Ды калі ўжо ўсё тлумачыць запазычаньнямі; то і для вызначных прымет вялікарускай мовы можна адшукаць паралелі ў другіх славянскіх мовах. Гэта самае можна зрабіць і з прыметамі якой-хоць славянскай мовы, калі разглядаць кождую з іх ў асобнасьці. Наагул пры параўнаньні моваў трэба разглядаць іх ўсестаронна, каб, загнаўшыся падобнаснымі рысамі, не прамінуць рысаў. разрожніваючых і ня даваць здогадаў блізкай кроўнасьці там, дзе ёсьць толькі прыпадковасьць, або запазычаньня. А калі так глядзець на мову, то і беларуская мова павінна лічыцца самаістай: сабраньне ўсіх яе характэрных рысаў не паўтараецца ў ніводнай славянскай мове; не кажучы ўжо аб палуднёвым дыалекце (найбліжэйшым да беларускага) вялікарускай мовы, ў якой сустрачаюцца толькі дзе-недзе аддзельныя асобнасьці беларускай мовы. Гэта іх спарадычнасьць найвымоўней сьведчыць аб іх паходжаньні—запазычаньні з беларускага, якому гэты рысы прыналежаць ва ўсей поўнасьці. Так што формула: „У беларускай мове німа ніводнай згукавой рысы, якая-бы не паўтаралася дзе небудзь ў Вялікаросыі“—можа быць аднесена і да вялікарускага дыалекту, бо у ім німа ніводнай рысы, якая-бы не паўтаралася у беларускай мове. Нааяварот у беларускай мове, скажам за Жытецкім (Очеркъ звуковъ малор. нарѣчія, стр. 256) „шмат больш арыгінальнасьці, бо ў ей ёсьць і такія рысы, якія не сустрачаюцца ў вялікарускіх дыалектах, а толькі ў мове украінскай і прыгэтым рысы, трудна падлягаючыя тэорыі запазычаньняў“. Формы беларускай мовы часта больш архаічны чым формы вялікарускія, ды і сучасныя асобнасьці часта адыходзяць да часаў паяўленьня славянскай пісьменнасьці, калі вялікарускі дыалект яшчэ не істнаваў і калі не заўсёды гэты асобнасьці маюць адбіцьцё у літэратурных помніках, то гэта тлумачыцца толькі выключным палажэньнем беларускай мовы. І гэтак, падобнасьць беларускай мовы з некатарымі рысамі палуднёва вялікарускага дыалекту трэба тлумачыць ўплывам беларускай мовы на вялікарускую,—ўплывам які пачаўся, праўдападобна, яшчэ ад часу фармаваньняся апошняга, а не наадварот. Можна, ведама, дапусьціць, што нейкія рысы сходнасьці з беларускім разьвіліся ў вялікарускім і самаіста. Гэткім чынам тэорыя Потебні падае пры бліжэйшым разглядзе, і погляд яго на беларускую мову, як на паддыалект палуднёва-вялікарускага дыалекту, павінен быць закінут.

Ня больш грунтоўны і другі погляд, прадстаўніком якога зьяўляецца Ф. Міклошыч (У „Vergleichende Grammatik“). Запраўды сходнасьць беларускай і украінскай моваў у некатарых рысах паражаючая (праточны г, двомленьне сугалосных+j, частковая сходнасьць у замене л і в пасьля галосных і перад сугалоснымі, захаваньне пераходнага зьмякчэньня). Ведама аб запазычаньнях тут можна гаварыць з большым правам, нячым з вялікарускага, бо Беларусь мела безупынную сувязь з Украінай (Потебня: Два досьледы, стр. 54-56.) Але калі мы будзем разглядаць беларускую мову ўсестаронна, то ўбачым, што і з украінскай сходзтва ня так вялікае, каб можна было лічыць беларускую мову дыалектам украінскім: шмат болей рысаў нясходнасьці. Як, напрыклад, вытлумачыць з украінскіх асобнасьцяў цьвёрды р у беларусчыне, або дзеканьне, аканьне? Або чаму ў беларускай мове ня сталася звужэньня о і е ў закрытых складах, ўласьцівага украінскім дыалектам? З прычыны гэткіх істотных разыходжаньняў і сходзтва з украінскім трэба тлумачыць ня гэтулькі запазычаньнямі, сколькі аднастайным разьвіцьцем у тэй і другой мове пры аднастайных варунках. Дзеля гэтага, не запярэчуючы, зрэшта, магчымасьці некаторага ўплыву украінскай мовы на беларускую, заўважым, што гэты ўплывы ня былі так вялікі, каб з іх можна было вытлумачыць ўсе беларускія асобнасьці і каб можна было лічыць беларускую мову дыалектам украінскай.

Урэшце, прадстаўніком трэцьцяга абозу зьяўляецца М. Максімовіч. Ен бачыць у беларускай мове саўсім самаістую мову, якая займае сярэдзіну між вялікарускай і украінскай. Да гэтага абозу далучаецца Надеждін і ў сваей крытычнай запісцы, напісанай ў нямецкай мове (Mundarten der russischen Sprache), Надеждін лічыць першапачатковае ісnнаваньне двох дыалектаў: понтыйска-рускага (украінскага) і балтыцка-рускага (беларускага), разьдзеленых ракой Прыпяцьцю і Сожам. Спачатку гэты плямёны вельмі былі варожамі сабе, а пазьней сталі высылаць на ўсход сваіх каляністаў, ад крыжаваньняся якіх і ўтварыўся вялікарускі народ (стр. 223-226 названай кнігі).

Гэтулькі довадаў з Карскага. Аднак не саўсім можна з гэтым пагодзіцца. Найперш, Карскі, як і ўсе расійцы, выходзіць з саўсім фальшывай асновы—бытцам да XIII ст. істнавала нейкая адналітная расійская мова, якая пазьней распалася на тры дыалекты: вялікарускі, беларускі і украінскі. Пры гэтым прытрымліваючыся палітычных ці патрыотычных мяркаваньняў, часьць расійскіх вучоных, наперакор гісторыі і навуковай праўдзе, даводзіла, што аснаўным дыалектам, самым чыстым, зьяўляецца вялікарускі, а беларускі і украінскі ёсьць паддыалекты гэтага апошняга, папсаваныя чужымі ўплывамі, а пераважна польскім ўплывам.

Памылковасьць такой тэорыі стане ачавістай, калі мы заглянем у гісторыю, ў якой німа ніводнага доваду говорачага ў карысьць істнаваньня калі небудзь адналітнай рускай мовы, а этнографія усходна славянскіх плямён і палеографія гавораць акурат аб тым, што адналітнасьці гэтай ніколі нябыло. Не з XIII; а ўласьціва з X ст. пачынаецца працэс нівэляцыі племянных асобнасьцяў, пад ўплывам хрысьціянства, якое прыходзіла з царкоўна-славянскай, адзінай для ўсіх плямен, граматнасьцю, малітвай абавязковай для ўсіх і школай. Кніжная мова да XIII ст. дый пазьнейшая, абсалютна нічога ня можа сьведчыць аб тым як вялікі былі разыходжаньня, паміж асобнымі племяннынымі дыалектамі, бо не захавалася ніводнай кнігі пісанай, якім колечы мясцовым славянскім дыалектам, ўсе яны пісаны царкоўна-славянскай мовай, мовай літургіі і сьвятога пісьма, кніжнікамі, якія кождае адступленьне ад канонічнай мовы лічылі за грэх, за зьнявагу мовы хрысьціянства паганскімі барбарызмамі. Зрэшта, па аналёгіі, можна с пэўнасьцю сказаць, што ўсе вярхі, ўся тагочасная арыстокрацыя і інтэлігенцыя, старалася гаварыць мовай кніжнай, мовай навукі і рэлігіі.

Праўда, найсільнейшы ўплыў царкоўна-славяншчыны мы бачым на вялікарускай мове і гэта гаворыць акурат не ў карысьць яе самабытнасьці, а даводзіць, што каланісты, якія ішлі на ўсход з Беларусі і Украіны, і мяшаючыся з фінскімі і другімі мясцовымі плямёнамі, вытваралі вялікарускі народ, былі адарваны ад роднай стыхіі. Прыклад мы можам бачыць у нашы дні: латышскія немцы гавораць самай блізкай да кніжнай, нямецкай мовай; памешчыкі палякі ў Беларусі і Украіне гавораць так сама бліжэй да кніжнай польскай мовы чым запраўдныя палякі ў Польшчы.

Дзеля гэтага мы склонны думаць, што да прыняцьця хрысціянства было большае разыходжаньне паміж мовамі паасобных усходна-славянскіх груп, чым цяпер, пясьля тысячалетняга нівэлюючага ўплаву цэрквы і царкоўна-славянскай граматнасці. З XIII сталецьця, з часу закончаньня працэсу ахрысціянленьня славянскіх плямен, мясцовыя асобнасьці пачынаюць пракрадацца ў кніжную мову, але не па праву іх юрыдычнай роўнасьці з літургічнай мовай, а таму толькі што ў рамкі царкоўна-славяншчыны нельга было ўталочыць цывільнага жыцьця. Гэта новая кніжная мова (прыкладам наша мова ў актах і ў „Статутуце Літоўскім“) не зыходзячы з царкоўна-славянскай асновы, ўбірае ў сябе адміністрацыйны і інтэлігенцкі жаргон, саўсім не датыкаючы ні слоўнікавых ні граматычных асобнасьцяў народнай мовы. Школа-ж, царква ў далейшым служаць фактарамі збліжаючымі. Дык ўласьціва трэба на гэты пэрыод, ад XIII ст., глядзець як на пэрыод нівэляваньня мясцовых асобнасьцяў, які працэс трываў да нашых дзён.

Запазычаньня, асабліва славарныя, зрабілі Вялікарусы з беларускай мовы найбольшыя ў апошнія часы. Прыкладам слоўнік Насовіча (каля 30.00 слоў), цалком быў ўключан у Расійскі акадэмічны слоўнік (выданьня Акадэміі навук), ня кажучы ўжо аб ранейшых запазычаньнях. І калі мы возьмем расійскую кніжку пачатку XIX ст. мы ўбачым, што за сто гадоў, вялікаруская мова прыблізілася да беларускай на аграмадны дыстанс і формамі і слоўнікам, а не наадварот.

У гэтым працэсе аграмадную ролю сыграла тое „выключнае палажэньне“ беларускай мовы, аб якім мімаходам заўважае Карскі. А гэта „выключнасьць“ зводзіцца да таго, што беларускі народ рана ўтраціў сваю палітычную незалежнасьць і праз гэта мова беларуская апынулася ў палажэньні безгаспадарскай ўласнасьці, якой гаспадарамі, поўнымі і безкантрольнымі, па праву “братэрства“, абазваліся Маскалі, і якія цягнулі ўсё што трапіла пад руку, з беларускага дабра ў свой культурны скарбец.

Л—кі.