Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом

І балоты маюць свой прастор Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Кароткае тлумачэньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом.

Мы едзем па шырокай і роўнай, як страла, дарозе, засыпанай гладкім пластом жарствы і аблямаванай з абодвых бакоў глыбокімі чыстымі канавамі. Гэта — тая дарога, якую паклалі на зыбучую паверхню балота спрытныя людзі, каб дабрацца па ёй да самага сэрца свайго ўпартага ворага, каб ударыць яго ў самае жывое, балючае месца.

Тав. Гнеўка, начальнік колёнізацыйнага фонду, галоўны кіраўнік усяе тутэйшае завірухі, апавядае нам, як рабілася гэта дарога. На яго шырокім мяккабародым твары сьвіціцца стрымленая давольнасьць, ён з асаблівым замілаваньнем глядзіць на дарогу, ён глядзіць на яе, як шчыры майстар на продукт свае доўгае стараннае працы. Мне здаецца, што ён гатоў зьлезьці з воза і пагладзіць яе, гэтую роўную, гладкую істужку, гэтую першую заваёву ў бязьлітаснай барацьбе з прыродай.

— З дарогі мы пачынаем. Немцы таксама робяць — гэта найлепшы спосаб. Перш-наперш — заваяваць прасьцяг, зрабіць базу для працы, а тады ўжо й далей… Трудная гэта штука. Перш мы кладзем у даўжыню пласт бярвеньня, потым упоперак засьцілаем яго фашынамі, зароўніваем зямлёй, якую выкідаем з бакавых канаў, і, нарэшце, насыпаем пласт пяску…

Далей мы даведваемся, што гэта дарога перасякае з поўначы на поўдзень увесь Марінскі масыў, што яна мае ў даўжыню адзінаццаць вёрст, і што яна замяняе сабою тую саракавярстовую даль, якую трэба было раней абкружыць, каб пераехаць гэту адлегласьць.

Нас сустракае на дарозе купка сялян — адзін з іх крычыць у наш бок:

— Дзядзька Гнеўка! Гарыць! Пракосы, стагі пагарэлі!..

Я цяпер толькі зварочваю ўвагу на тое, што ў паветры чуваць востры пах смылі. Углядаюся ў далеч і бачу, што ўвесь кругавід зацягнуты пялёнкай дымовай смагі.

Гэта гарыць балота. Адразу дзікім, недарэчным здаецца мне гэта: балота гарыць! Я з задзіўленьнем прыслухваюся да гутаркі Гнеўкі з сялянамі. Ён пытаецца, ці даўно гарыць, ці шырока занялося, ці многа пагарэла сена. На апошняе пытаньне сяляне адказваюць з асаблівай жывасьцю і з відочным перавялічэньнем. Гнеўка канчае гутарку:

— Падайце заяву ў камісію — там разьбяруць і заплоцяць.

І потым, адехаўшы, сярдзіта бурчыць:

— Чыстая бяда. Прыходзіцца плаціць, а ім гэта выгодна. Самі наўмысьля падпальваюць, а потым прыходзяць, скардзяцца. Патрабуюць, вядома, куды больш, чымся сапраўды страцілі…

Я пытаюся, ці шкодзяць гэтыя пажары балоту, ці псуюць яны ўжо асушаную тарпяную глебу.

— О, не! Наадварот. Калі згарыць верхні махавы пласт, гэта значна палягчае першапачатковую апрацоўку глебы… Мы-б наўмысьля рабілі гэтыя балотныя пажары, але вось сялянскія стагі стаяць пакуль што…

— А занадта глыбока не выгарае глеба?

— Не, глыбока ня йдзе… Ды мы гэтага і не баімся. У нас ёсьць спосаб ад гэтага: мы заставім шлюзы і зробім штучнае завадненьне да патрэбнае нам вышыні…

А вось і каналы, вось тыя вены, па якіх сьцякае брудная, непатрэбная балотная кроў. Роўныя, простыя, з чыстымі, быццам адшліхаванымі сьценамі берагоў, яны шырокай сеткай пакрылі плошчу балота, падзялілі яе на правільныя геомэтрычныя фігуры. Іхная чорная сьвежасьць, іхная бліскучая чыстата ўлілі ў дзікі балотны пэйзаж новае хараство, хараство парадку, сымэтрыі. Халодную нудную шэрасьць махоў яны сагрэлі гарачым павевам чараўніцы-культуры.

Мы пад’ехалі да галоўнае магістралі, да шырокага каналу, які цягнецца на 20 вёрст з захаду на ўсход, пераразае ўвесь балотны масыў і, сабраўшы з усіх маленькіх вен нячыстую балотную кроў, нясе яе ў раку Арасу.

Мы доўга любаваліся на гэтую дзівосную праяву людзкой сілы, людзкой усемагутнасьці, мы не маглі адвесьці вачэй ад бліскучай срабрыстай стужкі, якая лёгкай стралой панеслася ў далеч і згінула недзе далёка-далёка, за кругавідам.

Гэты дзівосна-прыгожы шырокі канал выкапаны выключна людзкімі рукамі, без. дапамогі машын.

Потым мы пашлі па балоту глядзець пробныя засевы. Я сказаў — па балоту… І сапраўды, мне здавалася ўсё, што я іду па балоту. Я сьцеражліва скакаў з купінкі, на купінку, баяўся, каб не абшаснуцца, каб ня ўгрузнуць у багну. А балота гэта было сухое, як порах, у ім ужо й сьледу не асталося якой-небудзь вільгаці.

А якая-ж гэта была добрая прыгожая віка! Частка яе была ўжо скошана, і зялёныя пракосы ляжалі такімі вялізнымі гурбамі, што здавалася, быццам яны спэцыяльна накладзены тут з прывезенай аднекуль травы. А няскошаная — тая стаяла высокая, чыстая, сінява-зялёная і цешыла вока сваёй здаровай ядранай сьвежасьцю.

Віка дала (першы год пасьля асушкі!) да 250 пудоў з гектара. Сяляне, якія з скептычнай насьмешкай пазіралі раней на мэліорацыйныя работы, прыяжджалі цяпер і куплялі віку па 60 кап. за пуд.

Мы бачылі таксама пробныя засевы гародніны: капусту, турнэпс, буракі, моркву і г. д. Усё дало добрыя вынікі і ўсё мімаволі прымушала дзівіцца той сіле, таму нявычэрпнаму запасу жыцьця, які захованы ў нетрах глухога балота.