Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Пра магутных жалезных зьвяроў

На люстраным улоньні Пра магутных жалезных зьвяроў
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Мы едзем назад, і я канчаю сваё апавяданьне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пра магутных жалезных зьвяроў.

Гэта быў апошні дзень нашага гасьцяваньня на Новай Зямлі. Надвор’е спрыяла нам: стаяла ціхая сонечна-мяккая восень, якая грэла зямлю сваім пяшчотным дыханьнем, якая грэла людзей цёплым напамінам аб яснотах мінулага лета, аб яснотах усяго мінулага, перажытага.

Апошняя паездка наша была ў в. Ніжын — мы ехалі паглядзець, як людзі забіраюць там у свае рукі свавольную гарэзьніцу Арасу, як робяць з яе новую — сьціплую і слухмяную рэчку.

Яшчэ здалеку пачулі мы злоснае гурчэньне, быццам залёг там, у берагох ракі, нейкі страшны крыважэрны зьвер, гатовы кінуцца на кожнага, хто пасьмеліцца да яго падыйсьці. Потым пачуліся няясныя галасы людзей, і ўжо здалося іншае, здалося, што людзі злавілі крыважэрнага зьвера і ён стогне, пераможаны, абясьсілены, хрыпіць у апошніх перадсьмяротных патугах.

Мы выехалі на бераг Арасы і адразу ўбачылі таго страшнога магутнага зьвера. Так, ён быў пераможаны. Людзі яго перамаглі і прымусілі служыць сабе, рабіць усё тое, што яны загадаюць.

Гэта была вялізная дзівосная машына. Корпус яе стаяў на шырокім понтоне — ён быў так прыладжаны, што мог варочацца то ў адзін, то ў другі бок, і гэта сапраўды рабіла машыну падобнай да нейкага жывога стварэньня. Гэта ўражаньне ўзмацнялася яшчэ тым, што ад корпусу адыходзіў даўжэзны хобат, які таксама быў рухавы — ён мог падымацца высока ўгару і спускацца ўніз, да самай вады. А на канцы хобату вісеў чорны бяздонны чарпак, ад краёў якога адыходзілі ўніз два рады сталёвых зубоў. Гэтыя зубы маглі сашчапляцца, і тады яны замыкалі ніжні прахон чарпака, а ў разгорнутым стане яны рабілі ўражаньне шырока разьзяўленай ляпы зубастага зьвера.

Мы з прагнай цікавасьцю дзіваваліся з работы гэтага магутнага жалезнага зьвера. Ён паволі, быццам адчуваючы сваю бязьмерную сілу, паварочваўся на сярэдзіну рэчкі, хобат яго апускаўся ўніз, і чорны чарпак, разьзявіўшы зубастую ляпу, кідаўся ў ваду і з злосным гурчэньнем угрызаўся ў рачное дно, набіраючы поўны рот глею, пяску, падводных карчоў — усяго таго, што трапляла яму пад зубы. Потым хобат узьнімаўся ўгару, чарпак з шумам выныраў з-пад вады — зубы яго былі туга сашчэраны і спаміж іх цякла брудная густая сьліна. Потым зьвер паварочваўся назад, і чарпак, апынуўшыся над берагам, шырока разьзяўляў сваю ляпу і выхаркваў усё тое, што набраў там, на дне ракі.

Гэты зьвер завецца — зямлячарпалка. Ён прызначаны для чысткі рачнога дна, для паглыбленьня рэчкі і нават для пракопкі новага рэчышча. Ён дастае ў вадзе на тры мэтры глыбіні і мае такую сілу, што можа вырваць з зямлі самы вялізны, самы ўпарты корч.

Два такія зьвяры працуюць на Арасе. Іх выпісалі з Нямеччыны, і немцы самі прыяжджалі сюды, каб іх паставіць. Я ніяк ня мог даць веры, каб немцы — сумленныя, акуратныя немцы — маглі нас ашукаць, але мяне запэўнялі, што гэта так. Яны паставілі некалькі дрэнных слабых часьцей, і машыны часта псуюцца.

Гэтыя машыны, выгрызаючы і паглыбляючы рачное дно, паступова пасуваюцца ўніз па Арасе. Яны праходзяць за дзень у сярэднім па дзесяць мэтраў. На працягу 180 вёрст яны павінны выгрызьці ўсе перамелы, усе заносы і на дзесяткі вёрст пракапаць новае рэчышча, каб скараціць занадта вілаватую сьцежку гарэзьніцы-Арасы. Замест гэтых 180 вёрст новая — сьціплая, слухмяная — Араса будзе прабягаць толькі 120. На ўсім працягу сваім яна будзе даступнай для лайб, для барлін і нават для плоскадонных параходаў. Апрача таго, ад аднаго толькі ўрэгуляваньня гэтае рэчкі асушацца тысячы гектараў прырэчных балот, і значна палегчыцца асушка ўсяго басэйну.

Араса стане новай жыватворчай артэрыяй гэтага раёну.

Надзіваваўшыся з работы дзівоснага зьвера-машыны, мы паплылі на лодках угару, каб паглядзець на сьляды гэтай работы. Там перад намі адкрылася ў поўнай сваёй велічы сіла машыны, сіла, якая можа перавярнуць усё, якая можа зьмяніць, перарабіць на новы лад увесь сьвет.

Нам давялося плысьці па новаму рэчышчу, праведзенаму скрозь глухі непраходны лес. Раней я дзівіўся сіле людзей, якія пракладалі праз нетры дзікага лесу роўную гладкую дарогу. Цяпер я ўдавая дзівіўся сіле машыны, якая праз гэткі самы лес правяла шырокую многаводную рэчку.

Пачынаюць з таго, што высякаюць дрэвы. Гэта і ўсё, чым трэба дапамагчы машыне. Яна сама ўжо павырывае з карэньнем тоўстыя векавыя пні, яна сама раскапае адвечную нечапаную глебу і зробіць прытульнае чыстае логава для красуні-рэчкі.

Роўны празрысты канал, які мае 20 мэтраў ушыркі і блізка 2,4 мэтра глыбіні — вось сьляды работы магутнага жалезнага зьвера-машыны.

Яшчэ паказалі нам на Арасе месца, дзе будуецца «плывучы пасёлак». На шырокіх барлінах будуць пабудаваны дамы, у якіх маюць жыць рабочыя, што абслугоўваюць зямлячарпалкі. Гэтыя плывучыя дамы разам з самымі машынамі складуць вялікі рухомы караван, які будзе лёгка перакідацца з аднаго месца ракі на другое, які, скончыўшы работу на Арасе, можа быць скарыстаны і на любой з ншых палескіх рэк.