Пад родным небам (1922)/Грымоты й цішы/Там…

Кат Там…
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
На біблійны лад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Там… (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАМ

Там, дзе нівы, дзе абшары,
Сухавеі і пажары
Абляглі;
Там, дзе суш спаліла збожжа,
Дзе імчыцца дух варожы —
Па зямлі;

Там, дзе медны подых неба
Скамяніў лугі і глебу,
Траўку, пень;
Там, дзе праца аратая
Зьнікла, быццам мара тая,
Нібы цень;

Там загула Галадуха касьцістая,
Смаглая, гідкая, дзікая, мглістая;
Меле клыкамі атручанымі;
Косіць людзей яна голадам, морамі.
Кідае косьці вятрамі-віхорамі,
Ловіць іх пальцамі скручанымі.

Вые над вёскамі шэрай ваўчыхаю,
Сполах вісіць над гасподаю ціхаю,
Сьмерць гудзе над абяздоленымі.
Дзеткі малыя, старыя бабулечкі
Стогнуць, канаюць над беднай хатулечкай.
Горам яны заняволеныя.

Тысячы… тысячы… — трудна знаць лік, —
Кормяцца глінай, карой.
Тысячы… тысячы…
Пухнуць ад голаду. Сохне язык.
Скіданы трупы гарой.
Тысячы… тысячы…

Жудасьць пануе па ўсіх берагох
Волгі магутнай.
Душыць пагібель, бы каменны бог,
Вее пакутай.
Сее нядоля атруты свае
Макам агнёвым;
Песьні шалёныя гулка пяе
Гукам сталёвым.

Носяцца, носяцца чорныя духі,
Чорныя сілы.
Падаюць, падаюць людзі, як мухі —
Ўсюды магілы…
Роспач-адчай мігаціць у вачох.
Бліскае стогн на палёх:

…Ратуйце! Ратуйце!

Птушкай заклятай пад небам нямым
Стогн расплываецца ў дым:

…Ратуйце! Ратуйце!

Корчацца-ломяцца тысячы рук
Ад дзікіх ад страшных ад мук:

…Ратуйце! Ратуйце!

Шэпчупца, шэпчуцца тысячы губ,
— „Ад сьмерці, ад жудкіх загуб

Ратуйце!.. Ратуйце!“

…Мазоль мужыка вам заплаціць сто раз,
Мы хлеба чакаем ад вас!

Ратуйце!.. Ратуйце!..“

…Дагэтуль шмат год, многа лет
Мы самі кармілі ўвесь сьвет…
Ратуйце!
Ратуйце!! —

1921 г.