Пад родным небам (1922)/Зачарованы край/На хутары

⁂ (Стазычныя і высокія) На хутары
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Зачарованы край
Іншыя публікацыі гэтага твора: На хутары.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ХУТАРЫ.

I.

Убіраецца восень у стужкі
З масянжовых дубовых лістоў,
З ветрам ладзіць над крыжам задушкі
І вандруе між дрэваў, кустоў.

То дажджом пачне плаваць на рэчцы,
Бязупынным, драбнюткім, бы шрот;
То праменьнем на небе ўсьміхнецца,
Абальле яркім сонцам чарот.

Гляне сумна на цёмныя ўзгоркі,
Кіне вокам на поле, лугі,
Завядзе між сасонак гаворкі,
Затрасе на балоце стагі.

Па гасьцінцы жабрачкай кульгае,
Штось шапоча на сон іржаню;
Пад вакном ваўком шэрым мільгае,
З азяродам вядзе калатню.

Нібы кот, драпяне вакяніцу,
У завэндзаны комін зірне;
Запяе, загалосіць начніцай,
Пук саломы з страхі скубяне.

Туманом апранае фальварак,
Нібы ў шэры, вільготны кажух;
Вараньнё падбухторыць да сварак,
Вырай птушак спляце у ланцуг.

Зробіць зыбку з асьвера над студняй,
Закалыша туды і сюды,
Завядзе сваю псальму марудна,
Хоць давіся ад страшнай нуды.

Восень ценем палохае, труціць
Адзінокія, мутныя дні;
Кожны раз жменьку хвіль яна скруціць;
Ноч раней затуляе лугі…

Ноч расьце і расьце, нібы казка,
Нібы ў цёмных лясох страхацьцё,
Уступае дзяньку, як на ласку,
Надта мала гадзін на жыцьцё.

II.

І гудзіць малатарня надоднік,
Коні шчыра пільнуюць свой круг,
І драцянкай фарсіць малы шкоднік, —
Абарваны свавольнік-пастух.

Як загойкае грозна і злосна,
Як тыркне пугаўём пад аброць,
Бедным конікам робіцца млосна,
А дагэтуль ішлі самахвоць.

То паправіць хамут гаспадарна,
Раптам лейцы бяз толку рване…
«Галапуп! — хтось крычыць — што так марна?
Ня кіруе, а толькі псуе!»

А ў таку малатарні у губы
Снапы сам падае гаспадар.
Аж скрыгочуць сталёвыя зубы,
Паядаюць і жруць Божы дар.

Падавайце шыбчэй без спачынку —
Зьвядуць торпу збажыны цалком.
А зярняты мільгаюць пад скрынкай
Залацістым, жывым ручайком.

Дзеўка віламі ўверх падкідае
Саламяны, скалмачаны пук:
Мо’ зярнятка схавалась, хто знае,
Верыць нельга — крадзецца з-пад рук.

А за ёй гаспадарава жонка
Прабівае салому ямчэй.
І журчыць, як крынічка, гамонка,
Ідзе праца хутчэй і хутчэй.

III.

Дзед граблямі гартае з зярнятаў
То саломку, то жмут каласоў;
А ён сам у саломе, калматы,
Як гуменьнік мінулых часоў.

Раптам грудзі яго захадзілі,
Граблі выпалі з рук, як на зло:
«Ой, даўней, як цапом малацілі,
Неяк шмат тады лепей было!»

«Неяк людзі былі трывалейшы,
Здаравеў аж ад працы народ;
А я быў тады многа здальнейшы,
То — даўненька, таму ўжо шмат год…»

«Гарапашнік сышоў тады з працы
Йшчэ ямчэй, як ад сада, амаль,
Аслабеў наш мужык, трэ’ прызнацца,
З тых часоў, як убраўся ў паркаль.»

«З тых часоў, як забыў сваю песьню
І дзядоўскіх звычаяў наш люд, —
Ад чужых тут зрабілася цесна,
Апаганіўся родны наш кут.»

«Ўсё пашло шурам-бурам на сьвеце
Аж да самых да Божых нябёс,
Вакол бачу цяпер ліхалецьце,
Ражаном лезе фіга пад нос.»

«А даўней тут лясы ў нас шумелі,
І птацтва і зьвяр’я было шмат,
Пышна рэчкі вакол мігацелі;
Ой, быў край наш бясконца багат!»

«Вечарынкі былі, былі скокі,
Былі выпіўкі — проста бяда,
Мерцьвякі нават браліся ў бокі,
Як лявоніху сыпне дуда!»

«А цяпер-то гармошка-паскуда
Сваёй полькай даводзіць да сьлёз.
Скуль звалілася гэта заблуда
Ну й гасьцінец маскаль нам прынёс!»

«Йшчэ прыснасьціў частушкі паганец,
На вялікае гора-бяду;
Проста вушы прыстойныя вянуць,
Як паслухаеш гэту брыду!»

IV.

Стары думае горкую думу,
Смокча люльку сваю і дыміць.
Раптам крыку наробіць ён, шуму:
«А што дзеўка бяз дзела стаіць?»

«Не да смаку, мабыць, наша праца,
Не ў спадобу ржаны каласок;
Не зявай, маляваная цаца!
Далібог, дам граблямі пад бок!»

«Ты зрабілася паняй вяльможнай,
Як у горад вучыцца пашла!
Абыйсьцісь без цябе тутка можна,
Можаш сьмела ісьці, скуль прышла!»

Зара ўнучка заплача, здаецца;
Круглы тварык гарыць, нібы жар,
І спрытней за работу бярэцца,
І сьпяшыць, бы забухаў пажар…

Рупнасьць з новаю сілай зьявілась,
Граблі, вілы свой зык завялі;
Да работы вялікая міласьць
У грудзёх забуяла сям’і.

Рос імпэт, аж завыла салома,
Закружылась, бы рой дзікіх пчол;
Нібы страшна плятуцца заломы,
Нібы ведзьмы шапочуць вакол.

Нібы ладзіцца тут набажэнства,
Да бажышчаў сялянскіх турбот;
Мабыць тут з даўных пор, ад маленства,
Мазоль трэцца, крывавіцца пот.

Ловіш рытм кемных рук у паветры,
Пісаніну на жыце грабель;
Гудзяць вілы таемна пад ветрам,
Хусткі баб мігацяць, быццам бель.

Цела гнецца рухава, упарта,
Разыгралася, рыпае косьць;
Зьніклі сьмехі, адкінуты жарты,
Вока сыпле і строгасьць і злосьць.

Стог саломы расьце на гумнішчы,
Жыта лавінай жоўтай плыве.
Малатарня тарпу зара зьнішча,
Даастатку як глымзане.

Аж дрыжыць палахліва будынак,
Аж бурчыць пашурпачаны дах, —
Нібы дзікі збунтованы рынак
Выдае гучны вокліч на страх.

Проста люба глядзець, як работа
У руках гарапашных кіпіць.
Тут і любасьць да працы, ахвота, —
Цэлы сьвет мужыку трэ’ карміць…

Аддае ён зямлі, як падатак,
Усе сілы плячоў, моцных рук;
А сам ляжа на ёй наастатак
Шэрым крыжам ад вечных ад мук…

Што-ж рабіць, такі лёс, мабыць, зьвеку
Ўжо пастаўлен яму, бы капец:
Далі глебу капаць чалавеку —
Тут — пачатак яму, тут— канец.

V.

А газьніца стаіць на драбіне,
Воўчым вокам глядзіць на людзей:
Аж, здаецца, буркне зара з кпінай:
«Хоць-бы кончылі працу скарэй!»

У адказ раптам шась — стала ціха,
Нібы д’ябал упутаўся сам;
Чутна лаянка дзеда: «Вось ліха,
Стары пас разьляцеў папалам!»

Гэты пас мужыку быў назолай,
Вечна рвалася старая гніль;
На вяку сваім пас вакруг колаў
Шмаргануў не адну сотню міль…

Быў ён сьведкай і другам у працы
Мазалістым і простым людзям,
Што паном будавалі палацы,
Былі самі з бядой папалам.

А цяпер пас стары толькі шкодзіць,
На цярплівасьць людзей вядзе гарт;
Рапаруй яго — ён валаводзіць,
Цёнгля рвецца наўмысьне, на жарт.

Хоць гадзіцца ён толькі на дзягі,
На падшыўку к атопкам старым, —
Гаспадар да яго мае цягу,
Налажыў на яго свой «хэрым».

Ён гадуе ў душы забабоны,
Што, як новы здабудзе рамень, —
Не дадуць ураджаю загоны,
Ад гасподы астанецца пень.

А цяпер толькі латай і латай,
На ўвесь дзень малацьбу адлажы…
Злы капрыз часам мае араты,
Як упрэцца, як корч на мяжы.

VI.

Шчыра пот выцірае сямейка
І да хаты ідзе на спачын.
На гумнішчы жалобіць жалейка, —
Пастуха абавязак і чын.

Ускарабкаўся ён на каняку,
Нібы смоўж да апенькі прыліп;
Зьняць хамут і забылі, — зьнявага, —
Клешчы старыя водзяць свой рып.

Голаў конь уніз хіліць, варушыць
Да халоднай пахучай расы,
Хамут зьехаў на самыя вушы
І кудлаціць і рве валасы…

Лейцы путаюць ногі ў петлі,
Ў бруднай дужыне мокнуць — аж грэх;
Прысядае каняка басэтляй,
Аж глядзець на яго проста сьмех.

Раптам сучка завыла пад бокам,
Нібы зараз каня зьесьць жыўцом;
А каняка ня міргае вокам,
Ціха корміцца цьвёрдым сіўцом.

Водзіць хлопец тымчасам тры ноты,
Талалюкае ён у запар.
Галасьней паўтарае з ахвотай,
У пузыр аж надмухае твар.

Салавеюць блакітныя вочы,
Забывае сябе ды ўвесь сьвет,
У таку ў гэты час хтось мармоча,
Злосна венікам шморгае дзед.

VII.

Дзядок вечна работу знаходзіць,
Бо заўсёды яе проста цьма;
Вечна тупае, ходзіць і ходзіць,
І памерці на’т часу няма.

Кучу жыта шаруе, шліфуе,
Пачынае мятлою мясьці;
На язык часам зерне спрабуе,
Адкідае пылінкі, асьці.

І на збожжа зірне без дакукі,
І кіўне галавой кожны раз:
«Мазалі хоць скалечылі рукі —
Умалотнае жыта у нас!»

«А чысьцюткае — проста на дзіва,
Гарфаваць на’т ня трэба, дальбог!
Без званца і ядрона да мліва, —
Будзе белы ў нас хлеб, як пірог.»

Але радасьць, спынілась на месцы,
Ашчавеў бражджатлівы язык:
«Без мякіны хлеб прыдзецца есьці?!»
А да гэтага дзед ня прывык.

«Без мякіны… Ды гэта-ж распуства!
Тож ашчады ня будзе ніяк!
Без мякіны… Кяпство гэта, глупства,
Без мякіны хлеб страціць свой смак…»

Дзед павёў па бакох спрытным вокам:
«Каб ня ўгледзіў, часамі сынок…
Не стухлее дабро ад урокаў,
Як прыбавіцца лішні пудок…»

І давай шуфляваць зноў да кучы
І пазадкі й мякіну назад:
«Усё роўна хлеб будзе пахучы,
Смакаваць будзеш, рад ці ня рад…»

«Шмат спарней будзе хлеб наш з мякінай,
Не праколе, як шыла, кішку.
Парасьцёртую разам з збажынай
Я глытаў яе шмат на вяку.»

«А мякіна у хлебе ня шкодзіць,
Не зашкодзіць і франтам маім,» —
Аднак дзед аглянуўся, як злодзей,
Пры учынку агідным сваім.

VIII.

Сам з сабою дзед ціха гамоніць,
Нібы гутарку з духам вядзе;
Так сумленьне і гонар бароніць,
Сваю казку жыцьця так пляце.

Улюблёна глядзіць ён на жыта,
Зморшчыць лоб у гармонік стары;
Нібы сэкрат страшны тут зарыты,
Тастамэнты мінулай пары.

Кожна зерне яму штосьці кажа,
І мякіна шапне успамін.
Ой, шмат думак гадуе і вяжа
У гаротнай душы селянін!

І ня скеміш, ня сьцяміш, ня зьлічыш
Тоўсты жмутак працоўных гадоў.
«Бог сьвяты, ці яшчэ павялічыш?
Ці ня годзе ужо? ці ня до?»

«Хіба мне бадай не давядзецца
На вясну ды з сявалкай гуляць:
У грудзёх штось хрыпіць і здаецца,
Хутка кіну людзём дакучаць…»

Вось зірнуў ён у бок на газьніцу,
Мільганула і згасла яна.
А на небе красуе зарніца,
Адбіваецца ў шыбах вакна.

Абразкі там на вышцы малюе
Тайны квачык нябачнай рукі,
Гэта пішацца гымн — «аляльлюя»
Айцу вечнаму неба, зямлі.

І чаго ты, чаго не пабачыш
У багатых у фарбах у тых:
Хмарак воблікі пераіначыш
У сям’ю патрыярхаў сьвятых.

Там на глебе агнёвых калёраў,
Райскі мак крышталёвы цьвіце;
Там, апрануты ў яркія зоры,
Волат лапці з праменьняў пляце.

Кожны лапаць — вялікі, як хата —
Пурпуровым агнішчам сьвяціць.
А вакол гэтак пышна, багата
Срыбны, казачны замак стаіць.

Там у сажаўках ярка чырвоных
Качкі дзіўныя ціха плывуць.
У бліскучых бел-сьнежных каронах
Па даліне тры старцы ідуць.

І глядзяць на усход там, дзе слонка
Мігаціць, як вуглёвы арэх…
На купінах варожаць сасонкі
І бялеюцца ў хмарах, як сьнег.

IX.

Раптам хмары з нябёсных аблогаў
Паплылі на край неба, на бор,
Бы загад выпаўняўся ад Бога —
Зрабіць вольным блакітны прастор.

Вялічэзнай празрыстаю міскай
Неба ціха лягло на зямлю;
Нібы маці над кволай калыскай
Шапянула дзіцяці «люблю».

На платох тчэцца шоўк павуціны,
І кудзеліць над хаткай дымок;
Пад вакном млее чырвань рабіны, —
Будзе слаўны, пагодны дзянёк…

«Баб’е лета» аздобіць шыр ніваў,
Закрасуецца сонца ярчэй…
Утаропіць на рунь-зеляніну
Міліёны лагодных вачэй.

Пазалоціць дубы на гародзе,
Прыгалубіць кудравы гушчар;
На лістоў дыване ў карагодзе
Будзе шастаць на цэлы абшар.

Пакуль шэрань засрыбрыць сівізнай
Абамлеўшай зямлі кожны крок,
Пакуль лес апранецца ў бялізну,
Дакуль рэчку абхопіць лядок.

X.

Вось зарыпалі хрыпла вароты,
Дзед зірнуў на гумно, на хлявы.
«Трэба сёнейка вымазаць боты —
Пацьвярдзеюць ад мокрай травы!»

Як угледзіў хлапца, крыкнуў строга:
«Што галуздаеш, шэльма, псякосьць?
Быдла ў хлеве стаіць, бойся Бога,
Ты бакі абіваеш, як госьць!»

І паплёўся дзядочак да хаты
Растрывожаны, злосны такі.
«Неяк пахне ад печы занадта,
Мабыць Наста пячэ праснакі».

«Да кармежкі мае вельмі рупны,
Не сьняданьне рыхтуюць, а пір;
Ўсё адразу пажруць неадступна,
Гаспадарку ўсю пусьцяць у вір.»

«А зьясі хоць вала і карову,
Дык за гэта ўсё гонар адзін!»
І насупіў калматыя бровы
Наш ашчадны стары селянін.

«Да Калядаў тры месяцы з гакам, —
Парсюкоў ужо колюць аж трох.
Гэта-ж сена касіць ды сабакам!
Каб ты, сынку мой, каменем лёг!»

«Ну, няхай! Я ўжо выпусьціў лейцы».
Хай сынок гаспадарыць! Мне — што?
Як унук на яловай жалейцы,
Пралюлюкае лёс за нішто!»

«Увесь пот, каб іх няньчылі голых,
На кішку прапускаюць яны!
Сабяруць галадранцаў вясёлых
І ядуць з верашчакай бліны!»

«А каб грошы гарусьціў мой Янка,
Гэта-ж — фэ! — грош мазоліць яго!
Гэткіх дзетак хай душыць маланка!» —
І дзед плюнуў ад сэрца ўсяго.

XI.

Азірнуўся дзядок на дзядзінец,
Кінуў вокам на сьвіран стары:
«Прызапасілі новы гасьцінец,
Загавееш душой без пары?»

«Дзе прапала сякера з-пад ліпы?
Трэба латаць стары частакол!» —
І ад дзедава гнеўнага крыку
Разьляцеліся куры вакол.

«Дзе прапала сякера? гэй, чэрці!» —
Я пашоў на дрывотнік шукаць.
«Кожны дзень ад іх можна памерці,
Каб іх зыбала чортава маць!»

І ён поркаўся ў трэсках, у кучах,
І рукамі гальлішча капаў,
І сапеў на сьмяцьці, на анучах,
Нібы скарб тут багаты шукаў.

Вось, знайшоў ён сякеру нарэшце
І давай яе пільна глядзець:
Ці сядзіць тапарышча на месцы,
Ці ня выскачыў клін, як шальмец.

Вастрыню пазурамі прабуе
І ківае сівой галавой.
На дзядзінец увесь ён гвалтуе:
«Гэта-ж проста загуба, разбой!»

«Крымінал! дзе прапалі вы людзі!
Гэй, сюды, акаянцы! сюды!
Гэта-ж сьвет такі грэх не забудзе!
Нарабілі тут процьму бяды!»

Нібы двор аблягло пажарышчам,
Бягуць з хаты усе на садом.
«Гультаі! пашчарбалі лязьвішча!
Хоць садзісь на сякеру вярхом!»

Дзед пытлюе сям’ю і пілуе,
Бярэ ўсіх на цыгундар страшны:
«Хто вам, погань, праступ падаруе!
Злыдні! нечысьці вы! груганы!»

А сямейка маўчыць — вінавата,
Толькі брызгае кплівасьць ад воч.
«Ды ці варта злавацца так, тата?
Потым будзеш хрыпеці ўсю ноч.»

Так адважыўся сын пікнуць слова
І паклікаў у хату сям’ю.
Хоць дзядоўскія крыкі ня новы —
Надакучылі ўсё-ткі яму.

20/XII—21 г.