Пад родным небам (1922)/Зачарованы край/Тамуз і Егова

На Гальгоце Тамуз і Егова
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Вечны агонь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тамуз і Егова.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАМУЗ І ЕГОВА.

На высокім узгорку расьце кіпарыс,
Як прарок, пазірае ў нябёсы.
Ён магутны і стромкі. Кудзерцаў абрыс —
Пісаніна таёмнага лёсу.

Там на камені побач цар Тамуз стаіць, —
Вялічэзны мядзяны бажышча.
Чырвань тулава ярка іскравіць, агніць
Пад праменьнямі соцца-агнішча.

Бог, здаецца, крывавы — купаўся ў крыві,
Алавяныя вочы казеліць.
Бог, здаецца, агнёвы — купаўся ў вагні,
Страхацьцё і жуда — яго чэлядзь.

Ён глядзіць у даль ніваў, зялёных палёў,
Таямніца жыцьця ў яго сэрцы.
У цішы аняменьні ёсьць музыка слоў:
«Я — ўладар, бог багоў! Людзі, верце!»

Ён чырвоныя рукі ламае ўпярод,
А на пальцах закручаны кіпці;
Нібы кажа: «Ідзі ка мне, ўвесь людзкі род!
Мне маліцеся ўсе і ня хібце!»

Як асілак нязрачны, сьляпы вялікан,
Сваёй постацьцю поле паганіць.
Пад нагамі Тамуза агнёвы туман —
Гэта вогнішча дымам туманіць.

І дым зельляў кадзіліць з-пад гідасных лап,
Ад агня медзь бажышча гарача,
Алавяныя сьлёзы з вачэй кап і кап:
Тамуз жаласна плача і плача.

У набажэнстве вялікім тры жрыцы сядзяць,
І хрыпіць і рыпіць іх стагнаньне;
Паглядаюць на бога, ад страху дрыжаць
І шапочуць свае прычытаньні:

«Бясконца плач і сьлёзы лі,
Вялікі Тамуз мілы!
Над нашай доляй беднай плач,
Над моладасьцю, сілай.

Нашы леты маладыя,
Нібы хмаркі веснавыя,
Зьніклі — паплылі,
Ў забыцьцё пашлі.

Усемагутны Тамуз цар,
Зірні, што сталась з намі!
Ой, пашкадуй рабынь тваіх! —
Ты-бог-жа над багамі!

Нашы косы пасівелі,
Амярцьвелі, здрацянелі
Ад гадоў, турбот,
Як сухі чарот.

Памутнелі нашы вочы,
Нібы фігі ў роснай ночы.
Няружовы нашы целы, —
Нібы лісьце пажаўцелі.

Шчокі нашыя ў маршчынах,
Нібы шышкі на галінах.
Як пэргамант нашы губы,
І ніхто іх не галубе.

Наша кроў заледзянела,
Не палае, — амярцьвела.
Ой, краса, як сон, мінула,
Нібы ў хвалях патанула!

Нам жыцьцё палынь-травой.
Просім-кленчым прад табой:
Хто паможа, як ня ты —
Тамуз, божа наш сьвяты.»

Так прычытываюць прад Тамузам богам
Ведзьмы тры старыя і страшныя,
І кладуць агонь пад мядзяныя ногі:
Яркі ўецца дым у колы залатыя.

Паглядае бог у глыб нябёс туманных,
Сьлёзы кап і кап з вачышчаў алавяных.
Ведзьмы пачынаюць косы свае рваць,
Ў попеле качацца, голасна крычаць:

«Нам моладасьць даруй!
Нам моладасьць даруй!»

Тамуз паглядае ціхі, скамянелы,
Дажджом сьлёзы льюцца па шчакох, па целу.

Вядзьмяркі бяруцца за рукі,
Пускаюцца раптам ў скокі;
Грызуцца клыкамі-зубамі
І поўныя злосьці і мукі
Крывавяць і грудзі і бокі
Даўгімі, страшнымі кіпцямі.

Зялёная пена з атрутных губ валіць.
Агнёвыя ўздохі аж вочы ім смаляць.
Вужачым сіпеньнем, струёю агнёвай.
Зрываюцца з вуснаў зьмяіных два словы:

«Моладасьць!
Моладасьць!»

«Мы будзем пляваць на Егову,
Мы будзем сьмяяцца з Еговы,
Мы будзем паганіць Егову!
Табе мы служыць будзем, Тамуз,
Адзін ты наш пан і цар, Тамуз,
І душы і сэрцы — Тамузу,
Ахвяры — аўтару Тамузу!
Дай нам моладасьць!
Моладасьць!»

Дзікай веяй, віхром-завірухай
Карагод ведзьмы ладзяць шалёны;
Няпрыстойны іх шпаркія рухі,
Няпрыстойны іх словы і стогны.

Вось, усюды іх многа, так многа,
Вось, нідзе іх няма тут, здаецца.
Да Тамуза, да бога нямога
Іх стагнаньне жалобай нясецца:
«Дай нам моладасьць!
Моладасьць!»

І раптам усьмешка на твары Тамуза,
Мільгнула праз сьлёзы вачэй алавяных.
То — нечысьці ўсьмешка, як быццам з прымусу —
Усьмешка начніцаў на дзікіх курганах.

Спрытней скачуць ведзьмы вакола бажышча, —
Агідныя скокі, агідна ігрышча.
Паркан жывых целаў калышацца хутка,
Шапоча таёмна, шапоча ціхутка.

Тымчасам у бога Тамуза ад плачу
Ўсё выцекла волава — выпеклі вочы;
Чарнелі на твары чырвоным, гарачым
Дзьве ямы, як цёмныя цені уночы.

А ведзьмы вакол круць і верць,
А Тамуз таёмны, як сьмерць.

І ведзьмы памалу давай танцаваці,
Давай на сябе паглядаці.
Вось сталі. — Угледзілі цуд —
Над імі ўчыніўся ён тут.
Іх рогаты звонам зьвінелі,
Бо ведзьмы у міг маладзелі:

Іх целы белы — малако,
Ружовы — макаў цьветы,
І гнучы, прухкі, як лаза,
І стромкі, як бярозкі,
Паўнюткі, круглы, бы расой
Насыценыя краскі;
А кроў у жылах аж гарыць,
Як хмельны мёд іграе.

А грудзі — пары галубкоў,
Як мармурныя урны;
Пахнучы, хмельны валасы,
Як вадзяныя травы.

У першай — чорныя, як ноч,
Як цёмны шоўк мільгае.

Ў другой — як сьветлы, мяккі лён,
Траплёны, залацісты.

У трэцяй — колер каласоў
Іскравых, рудамедных.

А вочы ў першай — вішні дзьве,
Дзьве цёмныя, дзьве зоркі.

Ў другой — блакітнасьць васількоў,
Дзьве кволыя, дзьве кветкі.

У трэцяй — глыбіня нябёс,
Два скарбы — дыямэнты.

А губкі — пурпур і рубін,
А зубкі — сьнежныя пушынкі.

Дзе ступяць дзевы крок адзін —
Лілеі там квітнеюць.

Дзе ступяць дзевы крок другі —
Крынічка там мільгае.

Дзе ступяць дзевы трэці крок —
Салоўка там сьпявае.

І гусьлі першая ўзяла, —
Б’е пальцамі па струнах,

Другая — ў дудку гулка дзьме,
Выводзіць дзівы-трэлі.

А трэцяя — у бубны б’е,
Зьвініць званочкам дробным.

Тамузу першая дала
Карону залатую.

У шчылі воч сапфіры два
Уставіла другая.

А трэцяя спляла яму
З нарцызаў срыбных пояс.

∗     ∗

Рабакамі грахі-ліхадзеі
Затулілі узгоркі Юдэі.

Сталі блудніцы ўсюль кіраваці.
І мужоў ад жанок адрываці.

Затужылі князі і старшыны
Аб нядолі аб горы краіны:
«Што рабіці, о, Божа Егова?
Ад паганшчыны дай нам захову!»

І дзесяць юнакаў ліванскіх
Паслалі спаліць страшных ведзьмаў. —
Юнакі назад не вярнулісь.

І дзесяць мужоў спрабаваных
Паслалі забіць шкодных ведзьмаў. —
Мужы там усе засталіся.

І дзесяць сівых вояў божых
Праклясьці паслалі тых ведзьмаў
Ад вояў ні слуху, ні духу.

Пустэльнікаў-постнікаў дзесяць
Паслалі туды на праведкі. —
Ніхто ня убачыў іх болей.

Жрацоў ад харому сьвятога
Паслалі туды паглядзеці. —
Прапалі жрацы, нібы цені.

∗     ∗

Плодзілісь грахі ў краіне,
Як сабачыя грыбы;
Па узгор’ях, па далінах
Сохлі нівы ад журбы.

Нечысьць саранчою-хмарай
Ела старых, маладых:
Сьмерць плыла пякельнай марай
Па сялібах па пустых.

І загневаўся Егова:
«Дзе прарок мой? Дзе мой цуд?»
І насупіў свае бровы,
Азірнуўся туд і сюд.

І рыкнуў, як леў пустэчы,
І раздаўся трубны згук.
Нібы вой у дзікай сечы,
Бог нацэліў сьмертны лук.

∗     ∗

А прарок сорак дзён, сорак ночаў
У самоце між скал вандраваў;
І крумкач, чорны птах, шчыр-ахвоча.
Сілкаваньне яму падаваў.

Прарок спаў на пяскох на узгорных,
Было неба яму дываном;
Дзікі зьвер слугачом быў пакорным,
Было мора яго пястуном.

Вецер поўначы нёс, як на скрыдлах,
Мужа гордага край ратаваць:
«Мой народ! ці яшчэ не абрыдла
Так бязглуздна бакі абіваць!»

«Мой народ! ты забыў свайго бога,
Агляніся хоць раз-жа кругом, —
Ты загаціў брыдой шлях-дарогу,
Натварыў у шатрох гвалт-садом!»

«Сэрца сохне ў грудзёх, нібы глінка,
Вочы сьлепнуць ад сьлёз, хмельных сьлёз;
Твае вушы тырчаць, як скарынкі,
Шарсьціною, як зьвер, ты аброс.»

«Ты у блудніц гнілых у палоне,
Ты цалуеш пясок іх сьлядоў;
І палын расквітнеў на загоне
Гарапашных бацькоў і дзядоў.»

«У палацах тваіх расамахі,
На аўтарах вужы зіхацяць;
На таржышчах гудзяць цені-страхі,
І на попеле хат тваіх сьпяць.»

«Зьнішч Тамуза гняздо і бажніцу,
Яго блудніц спалі на агні!
Над табой сонца зноў заіскрыцца).
Будуць радасьці зноў на зямлі!»

∗     ∗

І паслухаў народ, і народ перамог:
Там, дзе Тамуз стаяў, стаіць каменны стог.
Гідкіх ведзьмаў старых сее попел віхор
Між раўнін, між далін, між палёў і між гор.
І Егова вакол уладарыць адзін
Сярод гор і палёў, і раўнін, і далін.

1921 г.