Пад родным небам (1922)/З году ў год/Летнік

На прадвесьні Летнік
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
⁂ (Жар-сонца пячэ…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летнік (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕТНІК.

Па летніку грэбля
Вядзе да ракі.
Мільгаюць абапал
Сямейкі-кусткі.

Праменісты ветрык
Ківае, трасе
Бярозку крывую
У кашульцы, ў расе.

На купіне зыбкай
Тырчыць мухамор,
На шапцы чырвонай
Шмат беленькіх зор.

На ножцы бусловай
Сабачы грыбок
Уверх падымае
Свой жоўты чубок.

А порхаўка млее
Пучочкам-канцом
На моху ў гняздочку
Птушыным яйцом.

Вакол сыраежкі
Сунічкі блішчаць:
Сунічкі — ёй дзеткі,
Грыбочак — ім маць.

За пнямі-карчамі
Маліньнік густы
Ў аправе калючай
З травы-асаты.

А яшчарка-цнотка,
З агнём у вачох
У хованкі з жабай
Гуляе ў карчох.

Во зьніклі-прапалі,
Няма іх нідзе:
Адна — паміж травак,
Другая —ў вадзе.

А вожык здалёку
Паўзе з-пад кустоў,
І яшчарку й жабу
Ён зглымзаць гатоў.

А з вожыкам жарты, —
Дык жарты з агнём,
Удужкі бярэцца
Ён нават з вужом.

Каб конь, як той вожык,
Калючкі-бы меў, —
Ён многа на сьвеце
Тады-б нашумеў.

У мутнай рудаўцы
Ляжыць мшалы пень,
Мятлічак пужае,
Як жудасны цень.

Камарыкі жвава
Круць-верць, нібы шрот,
Гудзяць, як пчалінкі,
І будзяць чарот.

Усюды іх поўна,
Бясконца іх ёсьць.
І колюцца блазны,
Як вострая восьць.

Кусаюцца гады,
Дзе дзецца няма,
Няма, проста, рады, —
Напалі, як цьма.

Ад іх бараніся,
А то загрызуць,
Да косткі апошняй
Са смакам зьядуць,

А грэбля крывая,
Як той паясок,
То зьверне направа,
То зьверне набок,

І цягнецца цягам
І жэрдзі квах-квах,
А сук часам шлёпне
Цябе па нагах.

Во грэбля да броду
Цябе давядзе,
І кіне ля рэчкі
Ў вялікай бядзе,

У рэчцы па пояс
Абхопіць вада;
Няма тут чаўночка
О, гора-бяда;

Пясок залацісты
Хрусьціць спаміж ног,
А рыбка мільгае,
Як месяца рог.

І дно пад табою
Ляжыць, як абрус.
Гальлё там пляцецца,
Як волата вус.

Бы ўюн, апалонік
Круць-верць туд і сюд,
Ён бурбаўкі лічыць,
Хварбуе іх — цуд.

Шмат скарбаў ты бачыш
Багатых у міг,
Аднак адным махам
Ня скажаш аб іх.

Брыдзі па вадзіцы,
Як той вадзянік,
Ты ў вопратках мокрых,
Як дзед-чараўнік.

Зато, як прабраўся
На бераг другі, —
Ты бачыш паляны,
Ты бачыш лугі.

Там кветкі, як зоркі,
Травіца, як пух,
А сколькі пстрыкатых,
Скрыдлатых пяюх!..

А далі якія,
Дымяцца, як дым…
Вунь, хмарка чаўночкам
Блішчыць залатым.

Вунь, комін хацінкі
Ў аблокаў ланцуг
Уткнуўся, як шпілька,
Ў бавэлны хвартух.

А далей смуткуе,
Як схімнік, сыр-бор;
Густой барадою
Ён душыць прастор.

А ў лесе так жутка,
Вільготна ў цяні;
Ў гушчары цямнютка,
Ў пагодныя дні.

Лясун там пануе,
Крычыць «го-го-го!»
Ваўчышчаў пасе ён,
Там страшна, — ого!..

А дрэвы стуль вабяць
Дзесяткамі рук,
Да імені кліча
Няведамы гук.

Здаецца, задушыць
Там віламі дуб,
Корч высмакча сок твой
Дзесяткамі губ.

Іголкамі ёлка,
Цябе заклюе
І шышкамі вочы
Асьлепіць твае,

Там ведзьмы страшныя,
Хоць гаць з іх гаці.
Ад іх ні прабрацца,
Туды, ні прайсьці.

Ня бойцеся толькі,
Ідзіце скарэй, —
Пужаюць наўмысьне
Так малых дзяцей.

Няма там злых ведзьмаў,
А пень той — як пень,
Сячы колькі трэба
І ўночы і ўдзень;

А воўк не зачэпіць
Дальбог, між людзей
Бывае часамі
І зьвера страшней.

З мядзьведзем ты можаш
У згодзе там жыць,
Ліпцовыя соты
Ён будзе насіць,

Мядзьведзь у суседзтве —
Найлепшы сусед,
Ён дзетак галубіць
І песьціць, як дзед.

А з пнямі так сама
Ў цябе будзе лад,
Іх шэпту, іх казкам
Заўсёды ты рад.

Арэшнік, асіны
Ў лясной глыбіне
Табе таямніцы
Раскажуць свае.

І дуб табе — братам,
І хвойка — сястрой,
І цёткай — бярозка,
І ёлка — кумой.

Па летніку цягне
Бясконца брысьці:
Шмат цудаў у хвілю
Тут можна знайсьці.

1922 г.