Апранута ў лісьцях мядзяных
Гудзіць і рычыць па палянах,
Бушуе і бухае бура.
Прытуліцца моцна да дрэва,
Засьвісьне направа — налева,
Зацягне жалобу хаўтураў.
Закрэхча, заенчыць, заскача,
Ой, трызну рыхтуе — няйначай!
Раве пад карчом, прычытае,
Б‘е голаў аб камень вільготны,
Шугае на лог на балотны,
Як ведзьма шалёная тая.
Нямее на рэчцы сталёвай,
Знаходзіць на плёсе захову,
Качае кусты каля броду;
І меліць пясок і пытлюе,
Заводзіць сваё альлялюя
Нязнанае, дзікае зроду.
А хмары, сінь-чорныя хмары —
Як совы, як зданьні, як мары,
Задумалі чорную думу;
Пад небам вісяць, як абрус той,
Іх многа над полем, іх густа,
Аж цёмна ад іхняга тлуму.
Маланка пляце агнявіцы:
Па небу значкі-бліскавіцы
Пашлі мігацець, сьляпіць вочы;
А гэтыя блескі бяз меры,
Як пісаны верш на паперы,
Чытае пярун і рагоча.
Любуецца рытмам і складам,
Любуецца музыкай, ладам.
Трах-трах! раз і два! — проста люба!
Ляскоча-малоціць цапамі,
Агнёвымі сыпле снапамі
І сьвету прыносіць загубу.
А хмары цямнеюцца болей
Над дзікім балотам, над полем,
Бы ноч над гушчарам сасновым;
І плача і жаліцца неба:
Лупцуе сьлязамі па глебе,
Лупцуе патопам дажджовым.
І зьмеіцца рэчка жывая,
Абшар берагоў залівае,
Паводкай імчыцца шалёнай.
А бура пад крыжам галосіць,
Ратунку і літасьці просіць,
Як маць над нябошчыкам стогне.
|