Пад сьцягам Скарыны

Пад сьцягам Скарыны
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1931
Крыніца: Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія. - Мінск, 2015. - с. 32-33 (першакрыніца: Іскры Скарыны. 1934. №3. С. 1-2)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яшчэ ў пачатку ХVІ-га стагодзьдзя вялікі наш гуманісты Францішак Скарына казаў: «Бяз мудрасьці і бяз добрых абычаяў нельга чэсна жыць людзям у суспольстве на зямлі».

Мудрасьць, чэснасьць, добрыя абычаі — гэта ёсьць тры аснаўныя падваліны жыцьця суспольства. Дзе няма хоць аднэй з гэтых падвалін — суспольства гіне, распадаецца.

Мудрасьць, паводле Скарыны, — гэта ёсьць веданьне жыцьцёвае праўды, праўды з жыцьця і для жыцьця. Напрыклад: мудры ведае, што чалавек народжаны на сьвет не для сябе толькі, але і для служэньня дабру паспалітага люду.

Чэснасьць — гэта заўсёды быць у згодзе сваёй чалавечай уроджанасьці. Напрыклад: чэсны нікалі не зракаецца сваёй уроджанай асабістасьці.

Добрыя абычаі — гэта калі можа бяз усякага страху поўнасьцю карыстацца сваёй чалавечай уроджанасьцю. Напрыклад: любоў да роднага краю. Чалавек ня можа не любіць свой родны край. Пачуцьцё любові да роднага краю, паводле Скарыны, зьяўляецца ўроджанай уласьцівасьцямі чалавечае натуры. Ён кажа: «Як ад уроджаньня свайго зьвяры, што бегаюць у лесе, ведаюць логвы свае, птушкі, якія лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае, пчолы ды ім падобныя бароняць вульлі свае, так і людзі, дзе роджаны і ўскормлены, да таго мейсца вялікую ласку маюць».

Нельга, дзеля гэтага, не любіць мейсца свайго нараджэньня — свой родны край. Любоў да роднага краю — прыродная сіла, якая злучае чалавека зь зямлёй: гэта ёсьць закон зямлі, які злучае людзей у суспольствы, стварае народы.

Усякае запярэчаньне ў сабе або страта пачуцьця любові да роднага краю — да свае зямлі — як і кожнае запярэчаным законаў прыроды, жорстка помсьціцца.

Хто траціць пачуцьцё любові да роднага краю, той разам з тым траціць і сваю ўроджаную асабістасьць: перастае быць вольным чалавекам, памірае, як памірае птушка ў няволі, як памірае кветка ў чужым асяродзьдзі.

Вось чаму, каб жыць, каб захаваць і наяўна выявіць сваю ўроджаную асабістасьць, сваю самабытную натуру, трэ заўсёды быць у згодзе з сваёй чалавечай уроджанасьцю: ніколі, ні пры якіх абставінах не зракацца пачуцьця любові да роднага краю, не пакідаць зямлю сваю родную.

Згэтуль наш покліч: Беларусы, не пакідайце зямлю сваю родную, каб не памерлі!

Мудрасьць, чэснасьць і добрыя абычаі таго вымагаюць, каб беларусы як нацыянальнае суспольства, жывучы спрадвеку на сваёй зямлі, каб бяз страху і сумліву баранілі сваё суспольнае дабро — сваю зямлю, свой родны край, сваю Бацькаўшчыну, каб так заўзята і самаахвярна баранілі, як пчолы бароняць свае вульлі.

Таму наш покліч: ані аднэй пядзі беларускае зямлі чужынцам!